Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Дземідзенка мусіць даседзець у турме на Акрэсьціна тыя дні, якія адбыў у шпіталі. Уладзя Яроменка пакаралі новым арыштам. Зьмітра Крамянецкага пакуль не дачакаліся з Акрэсьціна.

Мікола Дземідзенка

Мікола Дземідзенка

24 траўня намесьнік старшыні «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка выйшаў са шпіталя, куды трапіў з ізалятара на Акрэсьціна. У ізалятары Дземідзенка адбываў 10 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за нецэнзурную лаянку. У шпіталі ён знаходзіўся пад наглядам міліцыі і лічыў, што дні, праведзеныя на шпітальным ложку, увойдуць у адбыты тэрмін. Аднак сёньня міліцыянты паведамілі актывісту, што ён мусіць адбыць яшчэ 3 дні ў няволі:

«З МУС да мяне ў шпіталь прыехалі і сказалі, што мяне ахоўваў не канвой, а проста міліцыянт сядзеў. Карацей, перакруцілі. І таму на Акрэсьціна далі загад, каб даседзеў свае дні. Хоць яшчэ ўчора адвакату там казалі, што тэрмін ня быў спынены, пакуль я быў у шпіталі, а працягваўся».

Мікалай Дземідзенка мае намер цягам некалькіх дзён сам пайсьці на даседку на Акрэсьціна.


Уладзь Яроменак

Уладзь Яроменак

Актывіст «Маладога фронту» Ўладзь Яроменак меўся вызваліцца з Акрэсьціна 23 траўня, але выхаду актывіста ягоныя сябры, якія пільнавалі каля ізалятара, учора гэтак і не дачакаліся. 24 траўня ў ізалятары сказалі, што Яроменак адбыў ноч у ізалятары, бо нібыта зьдзейсьніў новае правапарушэньне.

У той жа дзень суд Маскоўскага раёну пакараў актывіста новымі 10 суткамі арышту.

Уладзь Яроменак знаходзіцца пад прафіляктычным наглядам. Ці магчыма, што пасьля адбыцьця некалькіх адміністрацыйных пакараньняў супраць яго завядуць крымінальную справу, як супраць Васіля Парфянкова, які таксама пад прафіляктычным наглядам?

Праваабаронца Наста Лойка мяркуе, што выпадак зь Яроменкам інакшы — ягоныя адміністрацыйныя пакараньні нельга лічыць парушэньнем адбыцьця прафіляктычнага нагляду:

«Крымінальную справу ў такім выпадку заводзяць, калі ёсьць тры ўсталяваныя парушэньні ўмоў адбыцьця прафіляктычнага нагляду. Прыкладам, несвоечасова адзначыўся ці ня быў дома, калі трэба было паводле ўмоў нагляду. А адбыцьцё адміністрацыйнага арышту ня лічыцца такім парушэньнем, таму крымінальную справу супроць яго завесьці ня могуць».

Праваабаронца, аднак, не выключае, што пасьля трох запар адміністрацыйных арыштаў Яроменку зробяць больш жорсткімі ўмовы адбыцьця прафіляктычнага нагляду.


Зьміцер Крамянецкі

Зьміцер Крамянецкі

24 траўня ў другой палове дня меўся выйсьці на волю маладафронтавец Зьміцер Крамянецкі, якога затрымалі і асудзілі разам зь Мікалаем Дземідзенкам ды іншымі актывістамі. Зьмітра каля Акрэсьціна чакалі сябры. На час публікацыі артыкулу зьвестак пра ягонае вызваленьне няма.


Тым часам «Малады фронт» зьвярнуўся да моладзевага крыла Эўрапейскай народнай партыі і Эўрапейскай студэнцкай арганізацыі ЭДС з заклікам да салідарнасьці.

«Сёньня лепшы актыў менскага „Маладога фронту“ адбывае чарговыя адміністратыўныя арышты ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна. На дадзены момант там знаходзяцца Раман Васільеў, Уладзімір Яроменак, Зьміцер Крамянецкі», інфармуе «Малады фронт» і заклікае да акцыяў салідарнасьці з маладымі актывістамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG