Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Водгукі на справаздачу Amnesty International


Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абнародавала штогадовую справаздачу пра стан правоў чалавека ў сьвеце за мінулы год. Рост напружанасьці ў грамадзтве, яшчэ большыя абмежаваньні ўладамі свабоды, наяўнасьць палітвязьняў, катаваньні, выкананьні сьмяротных прысудаў, прыняцьце драконаўскага закону «Аб масавых мерапрыемствах» — вось асноўныя моманты, на якіх акцэнтуе сваю ўвагу Amnesty International у адмысловым разьдзеле пра сытуацыю ў Беларусі. Як грамадзкасьць, праваабаронцы, былыя палітвязьні ацэньваюць справаздачу?

На погляд праваабаронцы Тацяны Равякі, у справаздачы адлюстраваныя асноўныя праблемы Беларусі, зьвязаныя з грамадзянскімі правамі: вынясеньне і выкананьне сьмяротнага пакараньня, катаваньні. Таксама «Міжнародная амністыя» ў курсе заканадаўчых зьменаў. Спадарыня Равяка адзначае:
„Міжнародная амністыя“, маючы свае, выпрацаваныя і правераныя дзесяцігодзьдзямі крытэры, мае права іх выкарыстоўваць.

«Вельмі важна, што па-ранейшаму „Міжнародная амністыя“ трымае ў сваім фокусе пытаньне беларускіх палітвязьняў, хоць ня так даўно была дыскусія ў беларускіх СМІ, у тым ліку і на Радыё Свабода, пра аб’ектыўнасьць крытэраў, якія выкарыстоўвае „Міжнародная амністыя“ пры прызнаньні альбо непрызнаньні той ці іншай асобы вязьнем сумленьня. Але мы прытрымліваемся той думкі, што „Міжнародная амністыя“, маючы свае, выпрацаваныя і правераныя дзесяцігодзьдзямі крытэры, мае права іх выкарыстоўваць і выказваць свае меркаваньні».

У справаздачы палітвязьнямі прызнаныя пацярпелыя за падзеі 19 сьнежня Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, а таксама праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Ні асуджанага за сьцяг Сяргея Каваленку, ні асуджаных па справе так званых анархістаў Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку, Паўла Сырамалотава «Міжнародная амністыя» вязьнямі сумленьня не прызнала.

Бацька Арцёма Пракапенкі, асуджанага за падпал дзьвярэй Бабруйскага КДБ, спадар Анатоль: «Я мяркую, яны цалкам неаб’ектыўныя і не зусім зразумелыя для нас. Можа, у іх нейкія крытэры і ёсьць, але, на мой погляд, яны не зусім слушныя. Наш сын павінен быць у сьпісе палітвязьняў».

Былы палітвязень Уладзімер Яроменак, над якім цяпер усталяваны прэвэнтыўны нагляд, таксама лічыць несправядлівым тое, што Amnesty International прызнае наяўнасьць толькі пяці палітвязьняў:
Калі яны больш вераць таму, што кажуць міліцыянты, чым таму, што кажа той, хто зараз сядзіць за грамадзкую актыўнасьць — гэта проста ганьба.

«Вядома, гэта несправядліва, таму што людзі пайшлі насуперак гэтай сыстэме. І не даказана, што яны аказвалі нейкі супраціў міліцыянтам. То бок калі яны больш вераць таму, што кажуць міліцыянты, чым таму, што кажа той, хто зараз сядзіць за свае дзеяньні, за грамадзкую актыўнасьць — гэта нават проста ганьба міжнародным арганізацыям. Ганьба, вядома…»

Разыходжаньні міжнародных і беларускіх праваабаронцаў што да крытэраў вызначэньня палітвязьняў бачыць і Наста Лойка:

«Безумоўна, у сваім аналізе „Міжнародная амністыя“ закранула шмат прынцыпова важных праблем, якія сёньня існуюць у Беларусі, асабліва пытаньні палітычных вязьняў і сьмяротнага пакараньня. Але я хацела б зьвярнуць увагу на тое, што ёсьць разыход у пазыцыі „Вясны“ і пазыцыі „Міжнароднай амністыі“ ў пытаньні сьпісу палітзьняволеных. То бок у нас ён значна шырэйшы — на 7 асобаў, што значна важней для тых людзей, якіх „Міжнародная амністыя“, на жаль, не прызнае палітычнымі вязьнямі сёньня».

Што да афіцыйных беларускіх структур, справаздачу «Міжнароднай амністыі» яны стараюцца не заўважаць.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных: «Гэта грамадзкая арганізацыя, і мне не зусім па профілі камэнтаваць, што пішуць экспэрты грамадзкай арганізацыі. Гэта не ўваходзіць у сфэру двухбаковых адносінаў. І, нарэшце, гэта не зусім зона адказнасьці Міністэрства замежных спраў. Але, магчыма, мы падрыхтуем які-небудзь камэнтар».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG