Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь і Туркмэнія ўжо на дне»


Аляксандар Падрабінэк
Аляксандар Падрабінэк
19 былых палітвязьняў СССР на сходзе ў Сімферопалі ацанілі сытуацыю на постсавецкай прасторы. Пра гэта на сайце Oilru.com распавёў дысыдэнт Аляксандар Падрабінэк:

Нешта нічога не выходзіць з дэмакратыяй на прасторах былога СССР. Пасьпяхова выбраліся з савецкай ямы толькі балтыйскія рэспублікі, ды Грузія, падобна, выкараскваецца на цьвёрдую глебу. Астатнія альбо завісьлі ў нявызначанасьці, альбо паступова зьяжджаюць назад. Беларусь і Туркмэнія ўжо на дне, хутка фінішуе Расея, а за ёй і Ўкраіна. Такі хоць і змрочны, але відавочны прагноз, калі, зразумела, грамадзтва не распачне звышнамаганьняў у патрэбным кірунку.

Тых, хто калісьці плаціў сваёй свабодай за тое, каб наша велізарная краіна вызвалілася ад камунізму і павярнулася тварам да дэмакратыі, сёньняшнія працэсы на былой адной шостай, мякка кажучы, гнятуць. Адчуваньне недаробленай працы, ня зробленага апошняга кроку бянтэжыць многіх былых дысыдэнтаў. Цяжка канстатаваць, што справа, пра посьпех якой калісьці нават і ня марылася, ледзь-ледзь не дацягнуўшы да перамогі, набліжаецца да паразы.

З гэтымі думкамі сабраліся на мінулым тыдні ў Сімферопалі 19 былых савецкіх палітвязьняў і дысыдэнтаў. 18 траўня яны прынялі ўдзел у жалобных цырымоніях, прысьвечаных 68-й гадавіне дэпартацыі крымскіх татараў. Сярод удзельнікаў былі такія легендарныя савецкія палітвязьні, як Натальля Гарбанеўская, Уладзімер Букоўскі, Мустафа Джамілеў, Сяргей Кавалёў, Васіль Аўсіенка. І хоць у Крым удзельнікі сустрэчы прыехалі з Украіны, Расеі, Армэніі, Эстоніі, Польшчы, Францыі і ЗША, асноўная ўвага надавалася становішчу ва Ўкраіне і Расеі. На жаль, ад таго, што будзе адбывацца ў дзьвюх гэтых краінах, шмат у чым залежыць і лёс астатніх постсавецкіх рэспублік.

У дачыненьні да палітычнай сытуацыі на постсавецкай прасторы думкі асабліва не адрозьніваліся. Практычна ўсе былі аднадушныя ў тым, што драматычнай памылкай 90-х гадоў стала адмова ад люстрацыі, суду над камунізмам і грунтоўнай дэкамунізацыі. Адсутнасьць неабходных ачышчальных працэсаў дазволіла былым функцыянэрам кампартыі і КДБ вярнуцца ва ўладу. Пераемнасьць савецкіх мэтадаў кіраваньня становіцца з кожным днём усё больш відавочнай.

Больш за ўсё спрэчак узьнікала з нагоды магчымасьцяў уплываць на сытуацыю. Ці варта распаўсюджваць свае намаганьні на камуністычныя рэжымы або абмежавацца тымі краінамі, дзе камунізм ужо абрынуўся? Ці павінны былыя савецкія праваабаронцы і палітвязьні прымаць на сябе функцыю каардынатараў праваабарончага руху ў посткамуністычных краінах? Меркаваньні на гэты конт былі самыя розныя.

Пры абмеркаваньні дакумэнта па Ўкраіне паўсталі спрэчкі аб тым, ці дарэчы разьлічваць на падтрымку крымскіх татараў з боку агульнаэўрапейскіх арганізацый. Былы палітвязень Іосіф Зісельс заклікаў засяродзіцца на ўласных намаганьнях, ня надта спадзеючыся на зьнешнюю падтрымку. Уладзімер Букоўскі выказаўся скептычна з нагоды магчымасьцяў Эўразьвязу і ПАСЕ. Між тым, іншыя ўдзельнікі сустрэчы прыводзілі прыклады станоўчага ўплыву агульнаэўрапейскіх структур. Мустафа Джамілеў згадаў пра дапамогу Эўразьвязу ў вырашэньні праблем крымскататарскага народа.

У часе дыскусіі аб становішчы ў Расеі аўтар гэтых радкоў пярэчыў Уладзімеру Букоўскаму, які лічыць, што часовы саюз паміж дэмакратамі і пракамуністычнымі сіламі ў антыпуцінскай кааліцыі цалкам дарэчны. Засталося нявысьветленым пытаньне, наколькі такая пазыцыя адпавядае ідэям дэкамунізацыі.

Зрэшты, нявырашаных праблем засталося шмат. Удзельнікі сустрэчы дамовіліся абмеркаваць іх пазьней, для чаго заснаваць Крымскі форум палітычных вязьняў камуністычнага рэжыму і праваабаронцаў. Праводзіцца ён будзе штогод у Крыме, верагодна, у пачатку восені. Першы форум прызначаны на верасень-кастрычнік сёлета. Тэхнічную арганізацыю форуму ўзяў на сябе Меджліс крымскіх татараў. Створаная працоўная група, якая падрыхтуе канцэпцыю форуму і вызначыць яго ўдзельнікаў.

Агульныя дакумэнты, нягледзячы на вострыя і часам вельмі эмацыйныя спрэчкі, усё ж прынялі: аб заснаваньні Крымскага форуму і па сытуацыі ў Расеі і Ўкраіне. Такім чынам, былыя палітвязьні і дысыдэнты маюць намер даць яшчэ адзін бой недабітаму 20 гадоў таму аўтарытарызму. Застаецца пытаньне: ці стане гэты бой апошнім і хто выйдзе пераможцам?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG