Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International ня лічыць Цімашэнку вязьнем сумленьня


У справаздачы аб стане правоў чалавека ў сьвеце ў 2011 годзе Amnesty International абвінавачвае ўкраінскую ўладу ў парушэньні прынцыпу вяршэнства права. Міжнародныя праваабаронцы не абышлі і галоўную палітычную справу Ўкраіны - справу былога прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнкі.

«Нас турбуюць паведамленьні аб зьдзеках над Юліяй Цімашэнкай падчас яе галадоўкі. Нас радуе, што цяпер ёй прадстаўляе мэдычную дапамогу лекар, якому яна можа давяраць», — заявіла кіраўнік дасьледчага аддзелу Amnesty International Нікала Дакворт.

Гаворачы аб Украіне, яна сказала, што справу Цімашэнкі Amnesty International лічыць палітычнай, і выступае за вызваленьне былога ўкраінскага прэм’ера.

«Мы лічым, што абвінавачваньні зьяўляюцца палітычна матываванымі. І што яны зьяўляюцца толькі праявай нязгоды з палітычнымі рашэньнямі, якія яна прыняла. І ў гэтым выпадку яе лёс павінна вырашаць выбарчая скрынка, а не крымінальны суд», — сказала Нікала Дакворт. Пры гэтым яна дадала, што менавіта таму, што гаворка ідзе пра палітычную спрэчку, Amnesty International ня лічыць Цімашэнку вязьнем сумленьня.

«Мы не называем яе „вязьнем сумленьня“, паколькі яна была прэм’ер-міністрам і яе роля — палітычная, а ня тая, якая выцякае зь нейкай маральнай пазыцыі», — патлумачыла праваабаронца.

Нядаўна Amnesty International адказала адмовай на афіцыйную просьбу дэпутата Эўрапарлямэнту Марка Мігальскага прызнаць беларускага палітвязьня Сяргея Каваленку вязьнем сумленьня. Прымаючы рашэньне, у арганізацыі кіраваліся паказаньнямі супрацоўнікаў міліцыі, якія заявілі, што Каваленка аказваў ім супраціў, піша на сваім сайце Марэк Мігальскі, які шэфствуе над Сяргеем Каваленкам у межах кампаніі Libereco-Partnership for Human Rights .

Тым часам Amnesty International прызнала расейскіх апазыцыянэраў Сяргея Ўдальцова і Аляксея Навальнага, арыштаваных за непадпарадкаваньне паліцыі падчас травеньскіх дэманстрацый у Маскве, вязьнямі сумленьня.
XS
SM
MD
LG