Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International крытыкуе неэфэктыўнасьць ААН


Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абнародавала сваю штогадовую справаздачу пра стан правоў чалавека ў сьвеце. Міжнародная амністыя рэзка крытыкуе недзеяздольнасьць ААН і многіх урадаў. Беларусь за выкананьне сьмяротных прысудаў у дакладзе называецца «апошнім кaтам рэгіёну».

Справаздача прысьвечана стану правоў чалавека ў сьвеце ў 2011 годзе, характэрнымі рысамі якога, паводле аўтараў справаздачы, сталі перамены, адвага і канфлікты.

Вуліца вядзе

Першыя іскры пераменаў успыхнулі ў Тунісе і перакінуліся на ўвесь рэгіён. Як у гэтай краіне, так і ў Эгіпце, Емэне і Лібіі шматгадовыя кіраўнікі скончылі дрэнна. На фоне масавых пратэстаў супраць рэпрэсіўнага стылю кіраваньня найбольш упарта трымаецца за ўладу прэзыдэнт Сырыі Башар Асад. Рэакцыю міжнароднай супольнасьці на канфлікт у Сырыі Amnesty International лічыць неэфэктыўнай. У справаздачы згадваецца, што рэзалюцыю ААН з заклікам да адстаўкі Асада заблякавалі сваім вэта Расея і Кітай.

Складваецца ўражаньне, адзначаецца далей, што сталыя сябры Рады бясьпекі ААН выступаюць за неўмяшаньне ва ўнутраныя справы іншых краін толькі ў тых выпадках, калі гэта дапамагае ім адцягнуць увагу ад уласных праблем або падтрымаць асаблівыя (і выгадныя адносіны) з рэпрэсіўнымі ўрадамі. Неўзабаве пасьля таго, як Расея наклала вэта, паступілі зьвесткі пра тое, што расейскай дзяржаўнае прадпрыемства «Рособоронэкспорт» працягвае пастаўляць узбраеньні сырыйскаму ўраду, у тым ліку падпісаўшы дамову пра пастаўку самалётаў. Невыпадкова, адзначаецца далей у справаздачы АІ, што пяць сталых сябраў Рады бясьпекі ААН (ЗША, Расея, Францыя, Вялікабрытанія і Кітай) зьяўляюцца адначасова і найбуйнейшымі ў сьвеце пастаўшчыкамі звычайных узбраеньняў.

Свабода сходаў і меркаваньняў

У шэрагу краін былога СССР, як адзначае справаздача, аўтакраты ўсё мацней чапляюцца за ўладу, што складае рэзкі кантраст з надзеямі і зьменамі, якія зарадзіліся ў арабскім сьвеце. Ад надзеяў, якія суправаджалі распад СССР дваццаць гадоў таму, не засталося нічога, акрамя аддаленых успамінаў.

У Беларусі забаранілі альбо разагналі ўсе дэманстрацыі, якія пракаціліся па краіне пасьля сумнеўных выбараў. Сотні пратэстоўцаў былі арыштаваныя і аштрафаваныя, а ў дачыненьні да свабоды сходаў былі прынятыя яшчэ больш драконаўскія захады. Акрамя таго, зазналі цкаваньне крытычна настроеныя праваабарончыя арганізацыі. У справаздачы згадваюцца арышт Алеся Бяляцкага, папярэджаньне Беларускаму Хэльсынскаму камітэту, справа Андрэя Пачобута.

Сымуляцыя дэмакратычных працэсаў стала, паводле АІ, таксама прычынай пратэстаў у Расеі. З-за сыстэматычнага шальмаваньня і «падрыву» апазыцыі Ўладзімір Пуцін ня меў рэальных канкурэнтаў на выбарах, а расейскія выбарцы пазбавіліся магчымасьці дамагчыся перамен праз волевыяўленьне галасаваньнем.

Страта веры ва ўрады

Палітыкі спрабуюць правесьці дакладную мяжу паміж добрымі ўрадамі і дрэннымі, аднак гэта спрашчае рэальнасьць, мяркуе АІ. Эканамічны крызіс паказаў, што грамадзкая дамова паміж урадам і тымі, кім ён кіруе, парушаецца. Урады ў лепшым выпадку абыякава ставіліся да праблемаў людзей, у горшым клапаціліся толькі пра тое, каб абараніць інтарэсы ўладатрымальнікаў. Паводле праваабаронцаў, масавыя пратэсты ў Грэцыі і Гішпаніі паліцыя разганяла з празьмернай сілай. У многіх краінах ахвярнымі казламі сталі імігранты і іншыя менш абароненыя сацыяльныя групы.

Як урады могуць вярнуць сабе ролю легітымных лідэраў? Перш за ўсё, на думку аўтараў справаздачы, урадам трэба адмовіцца ад няшчырасьці. Ніводная дзяржава ня можа на законных падставах сьцьвярджаць, што тыя, кім яна кіруе, не гатовыя да рэалізацыі правоў чалавека і ўдзелу ў сыстэме кіраваньня дзяржавай. Краіны, якія сьцьвярджаюць, што бароняць правы чалавека, павінны адмовіцца ад падтрымкі дыктатараў толькі на той падставе, што яны зьяўляюцца іх саюзьнікамі.

Барацьба з тэрарызмам і закон

Паводле АІ, урады Эўропы у 2011 годзе зноў тарпэдавалі намаганьні прыцягнуць іх да адказнасьці за магчымае дачыненьне да праграмаў тайных затрыманьняў ЦРУ. Так, Літва раптоўна прыпыніла расьсьледаваньне справы аб існаваньні дзьвюх сакрэтных турмаў ЦРУ на яе тэрыторыі. Польскія ўлады працягнулі вывучэньне справы аб сакрэтным аб’екце ЦРУ, але трымалі інфармацыю сьледзтва ў сакрэце, не даючы зьвестак нават адвакатам пацярпелых.

Уцекачы і недасяжны прытулак

Паводле самых сьціплых падлікаў АІ, пры масавых уцёках зь небясьпечных раёнаў Блізкага Ўсходу ў Эўропу патанулі ў моры як найменей 1500 чалавек. Замест таго, каб паспрыяць выратаваньню людзей, Эўразьвяз стаў нарошчваць магутнасьць сваёй памежнай аховы. Паведамлялася таксама, што НАТО адмаўлялася ратаваць людзей, нягледзячы на тое, што менавіта прадухіленьне стратаў сярод цывільнага насельніцтва было абвешчана асноўнай падставай для вайсковага ўмяшаньня ў Лібіі.

Сыстэма разгляду просьбаў аб прытулку ў паскораных працэдурах у такіх краінах, як Нямеччына, Галяндыя, Фінляндыя, Францыя і інш., не дае гарантыі ад высылкі людзей туды, дзе ім пагражае парушэньне правоў. З Турцыі і Ўкраіны людзей высылалі, нават ня даўшы ім права падаць хадайніцтва аб прытулку.

Катаваньні і іншыя зьдзекі

Па-ранейшаму ў 2011годзе заставаліся месцы, дзе беспакаранасьць ахоўнікаў парадку пусьціла карані. Шмат паведамленьняў пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне з затрыманымі паступала з Узьбекістану, нягледзячы на запэўніваньні ўраду ў адваротным. Паступалі паведамленьні з Украіны і Расеі, хоць паліцыя апошняй зазнала нязначнае рэфармаваньне. Справаздача таксама падае сьведчаньні былога кандыдата на прэзыдэнты Беларусі Алеся Міхалевіча пра бесчалавечнае і прыніжальнае абыходжаньне ў ізалятары КБД. Згадваючы ўтрыманьне за кратамі Зьмітра Дашкевіча, АІ адзначае, што яго восем разоў зьмяшчалі ў адзіночку. Такі рэжым прадугледжвае пазбаўленьне сну, адсутнасьць прагулак ці пасьцельнай бялізны. Акрамя таго, зьняволеным не дазваляюць днём ні сядзець, ні ляжаць на нарах.

Сьмяротная кара

Беларусь заставалася апошнім катам рэгіёну: тут пакаралі сьмерцю двух чалавек за заслонай сакрэтнасьці, як таго патрабуе заганная сыстэма крымінальнага правасудзьдзя. Прысуды былі выкананыя нягледзячы на тое, што Камітэт ААН па правах чалавека афіцыйна папрасіў адтэрміноўкі, каб вывучыць справы асуджаных.

Прытым у справаздачы АІ гаворка ідзе не пра пакараньне Дзьмітрыя Канавалава і Вячаслава Кавалёва (гэта справа 2012 году), а пра пакараньне ў 2011 годзе гарадзенскіх злачынцаў Андрэя Бурдыкі і Алега Грышкаўца. (Сытуацыя Канавалава і Кавалёва з прысудам і скаргай дакладна паўтарылася.)

У дадатку да сваёй справаздачы АІ падае таксама агляд важнейшых міжнародных прававых дакумэнтаў і сьпіс краінаў, якія да іх далучыліся. Беларусь, напрыклад, вылучаецца тым, што да канца 2011 году яшчэ не падпісала Міжнароднай канвэнцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных зьнікненьняў.


Amnesty International дэкляруе сябе як міжнародны рух людзей, што выступаюць за захаваньне і абарону агульнапрызнаных правоў чалавека. Рух налічвае больш як 3 мільёны прыхільнікаў, сяброў і актывістаў. На свае кампаніі рух ня просіць і не атрымлівае сродкаў ад урадаў. Асноўную частку сродкаў АІ складаюць сяброўскія складкі і добраахвотныя ахвяраваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG