Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, рост напружанасьці ў грамадзтве і ў выніку яшчэ большыя абмежаваньні ўладамі свабоды. Так характарызуе сытуацыю ў Беларусі ў 2011 годзе праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Справаздача аб стане правоў чалавека ў сьвеце за мінулы год абнародавана сёньня.

На працягу году абмежаваньні, накладзеныя на свабоду слова, аб’яднаньняў і сходаў, сталі яшчэ больш жорсткімі, гаворыцца ў разьдзеле справаздачы, прысьвечанай Беларусі. Працягваліся выкананьні сьмяротных прысудаў. Вязьні сумленьня заставаліся за кратамі і падвяргаліся катаваньням і іншым відам жорсткага абыходжаньня. Права на справядлівы суд было абмежаванае. У краіне адсутнічала сыстэма незалежнага маніторынгу месцаў пазбаўленьня волі.

Сьведчаньні пра катаваньні прагучалі з вуснаў Аляксея Міхалевіча, кандыдата ў прэзыдэнты, які быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых дэманстрацый пасьля выбараў. Зьміцер Дашкевіч падчас свайго зьняволеньня прынамсі восем разоў зьмяшчаўся ў карцар. Паводле Amnesty International, на канец 2011 году ў Беларусі было шэсьць вязьняў сумленьня: Зьміцер Бандарэнка, Андрэй Саньнікаў, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў.

У жніўні быў арыштаваны кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі. Ён таксама прызнаны АІ вязьнем сумленьня. На працягу году крымінальнаму перасьледу падвяргаліся як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя праваабарончыя арганізацыі. Неўзабаве пасьля арышту Бяляцкага былі прынятыя папраўкі ў закон «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях», якія ўвялі забарону на разьмяшчэньне сродкаў беларускіх няўрадавых арганізацый на банкаўскіх рахунках за мяжой. Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы адзначыла, што крымінальны кодэкс, які кваліфікуе як злачынства ўдзел у дзейнасьці незарэгістраваных партый ці аб’яднаньняў «несумяшчальны з паняцьцем дэмакратычнага грамадзтва».

Драконаўскім называецца ў дакладзе таксама прыняты ў Беларусі новы закон «Аб масавых мерапрыемствах». Ён зьявіўся пасьля так званых «маўклівых» акцый пратэсту і патрабуе дазволу ўладаў як на правядзеньне загадзя вызначанага публічнага дзеяньня, так і «бязьдзеяньня».

Ілюструючы сытуацыю са свабодай слова, справаздача таксама згадвае прысуд на тры гады (умоўна) журналісту Андрэю Пачобуту за «абразу прэзыдэнта».

У 2011 годзе ў Беларусі пакаралі сьмерцю двух чалавек (гарадзенскіх забойцаў Алега Грышкаўца і Андрэя Бурдыку). Прысуды былі прыведзеныя ў выкананьне нягледзячы на тое, што Камітэт ААН па правах чалавека накіраваў Беларусі афіцыйную просьбу пра адтэрміноўку, каб вывучыць справы асуджаных. Amnesty International называе Беларусь у сувязі зь яе практыкай сьмяротнага пакараньня апошнім катам рэгіёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG