Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны банк Беларусі правядзе пазаплянавую праверку «Кредэксбанку», які падазраецца Мінфінам ЗША ў адмываньні грошай на міжнародным узроўні.

«У сувязі з публікацыяй Міністэрствам фінансаў ЗША інфармацыі, якая зьмяшчае цьверджаньні пра верагодную датычнасьць зарэгістраванага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ЗАТ «Крэдэксбанк» да правядзеньня «непразрыстых» фінансавых апэрацыяў, Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь прынята рашэньне аб правядзенні пазаплянавай праверкі дзейнасьці ЗАТ «Крэдэксбанк», — гаворыцца ў паведамленьні НБ.

Казначэйства ЗША: «Крэдэксбанк» — «ключавы цэнтар глабальнага адмывання грошай»


23 траўня генэральны дырэктар беларускага «Крэдэксбанку» Аляксандар Аксяневіч абверг абвінавачаньні Мінфіну ЗША ў адрас банку, які названы «ключавым цэнтрам глябальнага адмываньня грошай». «Для нас гэта поўная нечаканасьць. Гэта поўнае глупства. Цяпер мы спрабуем усталяваць кантакты зь Мінфінам ЗША, каб дамагчыся абвяржэньня гэтай, мякка кажучы, непраўдападобнай інфармацыі».

22 траўня Казначэйства ЗША заявіла, што падазрае два беларускія банкі ў адмываньні грошай. У заяве амэрыканскага фінансавага ведамства ад 22 траўня «Крэдэксбанк» быў уключаны ў сэкцыю 311 Патрыятычнага Акту ЗША як установа, якая выклікае «першачарговую занепакоенасьць адносна адмываньня грошай».

«У 2010 годзе на працягу аднаго-двух месяцаў „Крэдэкс“ перавёў суму, эквівалентную прынамсі мільярду даляраў на рахункі сотняў замежных „фасадных кампаніяў“, зарэгістраваных у афшорных зонах. Правядзеньне гэтых апэрацый — тыповае для ўхіленьня ад кантролю. Значная іх частка ня ўказвае сапраўднага атрымальніка плацяжоў», — паведаміў намесьнік міністра ЗША ў справе тэрарызму і фінансавай выведкі Дэвід Коген, камэнтуючы абнародаваны сьпіс падазроных банкаў.

«Уся гэтая дзейнасьць („Крэдэксбанку“) паказальная для адмываньня грошай і падпадае пад вызначэньні тых выпадкаў, да якіх міжнародныя банкаўскія стандарты патрабуюць спэцыяльнай увагі», — канстатаваў урадовец.

«Далей, калі сёньняшняя прапанова будзе ўхваленая, банкам ЗША будзе забаронена адкрываць або мець партнэрскія дачыненьні з „Крэдэксам“. Іншымі словамі — „Крэдэкс“ будзе адрэзаны ад фінансавай сыстэмы ЗША», — падсумаваў Коген.

Апрача «Крэдэксбанку», з 2002 году, калі Кангрэс ЗША прыняў адпаведнае заканадаўства, санкцыі ў рамках Патрыятычнага акту ўжываліся агулам супраць дзевяці фінансавых структур, сярод якіх была яшчэ адна беларуская ўстанова — «Трастбанк».

Вашынгтон ўвёў абмежавальныя захады супраць «Трастбанку» (тады называным «Інфабанк») яшчэ ў 2004, абвінаваціўшы ў адмываньні грошай Садама Хусэйна.

Прэзыдэнт «Крэдэксбанку» ў Беларусі — армянскі бізнэсовец Саркіс Сімаваран, ажыцьцяўляе ў Беларусі шэраг буйных бізнэс-праектаў. Адзін з найбуйнейшых — будаўніцтва мультыфункцыянальнага гандлёвага цэнтру ў Магілёве. У адным з сваіх інтэрвію Сімаваран заяўляў, што апрача армянскай і расейскай мовы карыстаецца дома беларускай, а яго адзіная дачка ходзіць у беларускую школу.
XS
SM
MD
LG