Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Багданкевіч: Грошы прапаноўвалі браць чамаданамі


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Казначэйства ЗША падазрае два беларускія банкі ў «адмываньні» грошай. У заяве амэрыканскага фінансавага ведамства «Крэдэксбанк» быў уключаны ў сэкцыю 311 Патрыятычнага Акту ЗША як установа, якая выклікае «першачарговую занепакоенасьць адносна адмываньня грошай».

Гендырэктар «Крэдэксбанку» Аляксандар Аксяновіч заявіў, што робяцца спробы ўсталяваць кантакты зь Мінфінам ЗША, «каб дамагчыся абвяржэньня гэтай, мякка кажучы, непраўдападобнай інфармацыі».

У эфіры Свабоды сытуацыю пракамэнтаваў былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Знаткевіч: Станіслаў Антонавіч, ці не маглі б вы патлумачыць нам, у чым праблема з такімі апэрацыямі – і што такое ўвогуле «адмываньне» грошай?

Багданкевіч: Трэба мець на ўвазе, што грошы могуць зьяўляцца ад крыміналу, злачыннай дзейнасьці, незаконнага продажу зброі, наркотыкаў, ад разбою, прастытуцыі і гэтак далей. А таксама ад ухіленьня ад падаткаў, хоць гэта не паўсюль лічыцца ўхіленьнем. У нас, як і ў цывілізаваным сьвеце, прыняты закон аб барацьбе з «адмываньнем» грошай і таму нашы кантрольныя органы, перш за ўсё Нацбанк, а таксама падатковая інспэкцыя, яны павінны адсочваць гэтыя мерапрыемствы. «Адмываюцца» брудныя грошы ад злачыннай дзейнасьці.

Знаткевіч: Калі вы ўзначальвалі Нацбанк, ці кантраляваў Нацбанк камэрцыйныя банкі ў справе такіх падазроных апэрацыяў? Калі, напрыклад, нейкі камэрцыйны банк пераводзіць вялікія сумы грошай на нейкія афшорныя рахункі?

Багданкевіч: У той час у Беларусі не было заканадаўства аб барацьбе з «адмываньнем» грошай. Але мы разумелі, што можам сапсаваць імідж краіны і банкаўскай сыстэмы, калі будзем патакаць вось такім пераводам. Я памятаю, былі прапановы па лініі ўраду Беларусі, выходзілі на мяне з нагоды таго, што гатовыя ў чамаданах прывезьці наяўныя грошы, каб мы іх залічылі і выкарысталі зь вялікай выгадай для краіны. На мяне нават быў пэўны ціск.

Адзін раз я нават зьезьдзіў на прапанову кагосьці з ураду ў пасольства Беларусі ў Расею і там правёў перамовы і адкінуў гэтыя прапановы. Гэта былі бізнэсоўцы, якія былі гатовыя даць ці ў форме крэдыту, вельмі льготнага ці нават зь мінусам – пагашаць палову і г.д. Мне расказвалі, што Малдове былі залічаныя некалькі мільёнаў такіх грошай невядомага паходжаньня. Быў такі пры Лукашэнку гранатамётчык Кучынскі. Ён аднойчы ўварваўся да мяне ў кабінэт старшыні Нацбанку і патрабаваў тлумачэньняў, чаму я не хачу прыняць вось такія прапановы ў выглядзе крэдыту на вялікія сумы на вельмі льготных умовах, дзе будзе працэнт зь мінусам. Я яго проста выгнаў.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

XS
SM
MD
LG