Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі падрыхтаваў праект закону «Аб амністыі» ў адпаведнасьці з указаньнем кіраўніка краіны. Законапраект ужо ўнесены на разгляд ва ўрад.

Як паведаміла ўпраўленьне інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС, зь месцаў пазбаўленьня волі можа быць вызвалена каля 2,8 тысячы чалавек. Таксама плянуецца скараціць тэрмін пакараньня на адзін год больш як сямі тысячам асуджаных.

Калі прапанаваны варыянт закону будзе прыняты, то ўжо ў ліпені будуць вызваленыя: непаўналетнія; цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей; інваліды I і II груп; хворыя на анкалягiчныя захворваньнi; удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС; пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС; вэтэраны баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Акрамя таго, ад пакараньня вызваляць асобаў, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі, і злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, але пры ўмове кампэнсацыі шкоды, прычыненай злачынствам.

Амністыя не распаўсюджваецца на тых, да каго раней прымяняўся адпаведны закон. Не падлягаюць амністыі асобы, якія не пакрылі шкоду, прычыненую злачынствам, і грамадзяне, якія не вярнулі дзяржаве даход, атрыманы ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Ня варта спадзявацца на вызваленьне тым, хто дапусьціў асабліва небясьпечны рэцыдыў. Таксама ня выйдуць на волю тыя, хто не кампэнсаваў выдаткі на дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забесьпячэньні. Ня будзе паслабленьняў і абвешчаным у вышук у сувязі з ухіленьнем ад адбыцьця пакараньня па выраку суду.

Амністыя не распаўсюджваецца на тых асобаў, якія злосна парушаюць устаноўлены парадак адбываньня пакараньня.

Амністыя будзе праводзіцца ў Беларусі ўжо дванаццаты раз з 1991 году. У выніку леташняй амністыі былі вызваленыя 2300 чалавек.
XS
SM
MD
LG