Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканская амбасада падарыла беларусам «Вэстсайдзкую гісторыю»


«Вэстсайдская гісторыя» — культавы амэрыканскі м’юзыкал Леанарда Бэрнстайна (кампазытар) і Джэрама Робінса (харэограф) — будзе прадстаўлены сёньня беларускай публіцы.

Прэм’ера спэктакля адбудзецца ў Акадэмічным Музычным тэатры. Дзякуючы дапамозе амбасады ЗША ў Беларусі менскі тэатар упершыню на постсавецкай прасторы атрымаў ліцэнзію на аўтарскую пастаноўку. Апроч фінансаваньня аўтарскіх правоў, амэрыканская амбасада прывезла ў Менск амэрыканскіх харэографаў Пола Эмэрсана и Джэйсана Ігнасіё. А амэрыканскі дырыжор Філіп Сыманс будзе кіраваць менскім аркестрам на прэм’ерных паказах. Спэктакль рыхтавалі два гады.

Мастацкі кіраўнік Музычнага тэатру Адам Мурзіч:

«Працавалі вельмі напружана, гэта зусім новая мова для нас — і рытміка, і танец, і музыка. Нам дапамаглі здорава амэрыканскія партнэры. З боку амэрыканскай амбасады былі прыцягнутыя музыкі і балетмайстры, дырыжор. Яны разы чатыры на працягу году прыяжджалі, працавалі з намі. Характэрна, што ўдзельнічае моладзевая група тэатру. Шмат танцаў. Я лічу, што атрымалася, але добраму няма мяжы, будзем удасканальваць. Тым больш што мы застаёмся цяпер без дапамогі. Усё ж была рука носьбітаў гэтай музыкі, гэтага твору».

Рэжысэрка спэктаклю Анастасія Грыненка:

«Нам здавалася, што гэта гісторыя пра наш час. Нам хацелася, каб яна была зразумелая моладзі, каб яна пабачыла ў ёй сябе. Мы нейкія свае алюзіі, падтэксты ў яе ўклалі. І хоць у верасьні будзе 55 гадоў, як адбыўся першы спэктакль, але яна дагэтуль жывая і актуальная».

Спадарыня Грыненка адзначае, што ўдзел амэрыканскіх прафэсіяналаў меў ключавую значнасьць у падрыхтоўцы гэтага спэктаклю. Па яе словах, у актораў ёсьць база, зь якой можна працаваць, але добрай практыкі ў такіх складаных і па драматургіі, і па вакале ды харэаграфіі творах яны пакуль ня маюць.

Адам Мурзіч: «Я лічу, што гэта падарунак для тэатру. І сам твор — гэта падарунак. І ён бясплатна дастаўся тэатру, на год мы маем правы, клявір, кіраўніцтва аркестрам і балетам. Гэта сапраўдны падарунак».

Пасьля прэм’еры адбудзецца 50 паказаў «Вэстсайдзкай гісторыі» ў розных гарадах Беларусі.
XS
SM
MD
LG