Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы вызвалілі, але перасьлед не спынілі


У Менску сёньня адбыўся круглы стол, прысьвечаны праблеме беларускіх палітвязьняў.

Яго ўдзельнікі заявілі пра ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў на адрас былых палітвязьняў, якія выйшлі з турмаў пасьля ўказаў Лукашэнкі аб памілаваньні.

Былыя палітвязьні, сваякі цяперашніх зьняволеных, палітыкі, грамадзкія актывісты заявілі, што пачалася новая хваля рэпрэсіяў супраць апазыцыянэраў, якія выйшлі з турмаў. Як зазначалася на «круглым стале», цяпер бараніць трэба ня толькі тых палітвязьняў, якія застаюцца ў турмах, але і тых, якія выйшлі з-за кратаў пасьля прэзыдэнцкага памілаваньня. У красавіку гэтага году на паўтара года турмы быў засуджаны вязень Плошчы Аляксандар Малчанаў, 29 траўня адбудзецца суд над Васілём Парфянковым за невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду. Свой прагноз на гэты суд выказаў сам Парфянкоў:

«Пагражае год, але разьлічваю на паўгода, таму што мяркую, што Лукашэнка будзе цяпер даваць нейкія палёгкі, да таго ж амністыя на 3 ліпеня рыхтуецца».

Васіль Парфянкоў распавёў, што адразу пасьля вызваленьня яму было вельмі цяжка знайсьці працу, нават у прыватных структурах:

«А як толькі знайшоў працу, пачало ўсё наладжвацца, прыдумалі гэтыя папярэджаньні, і вось зноў будзе суд».

Былы палітвязень Павал Вінаградаў таксама адчувае ціск уладаў — за гэты год ён адседзеў у турме на Акрэсціна больш за месяц адміністратыўнага арышту.

«Калі трэба будзе — пасадзяць, калі ня трэба — не пасадзяць. Паколькі да гэтага часу я на волі, то ім ня трэба садзіць. Але як толькі ўладзе будзе патрэбна, мяне пасадзяць... Як на мяне, дык трэба проста працаваць».

Маці Аляксандра Малчанава, асуджанага на паўтара года за збор мэталалому на тэрыторыі закінутага цэху БелАЗа, Галіна Андрэеўна распавяла, што яе сын нічога ня піша пра ўмовы ўтрыманьня ў Жодзінскай турме, толькі просіць аб харчовых пасылках. Ягоны прысуд быў абскарджаны і яшчэ не ўступіў у сілу.
Якое ў сына жыцьцё на волі было — як па мінным полі хадзіў.

«Я хачу сказаць, што Павел мае рацыю: калі ім трэба пасадзіць — яны пасадзяць. Створаць такія ўмовы і пасадзяць. Якое ў сына жыцьцё на волі было — як па мінным полі хадзіў».

Маці асуджанага анархіста Валянціна Аліневіч паведаміла, пра што піша з турмы яе сын Ігар. У ягоных лістах гаворыцца, што ня трэба цешыць сябе ілюзіямі пра хуткае вызваленьне, што сытуацыя ў яго пагоршылася, што яго далей трымаюць у інфармацыйнай блякадзе.

Асуджаны за Плошчу палітык Сяргей Вазьняк заклікаў да акцыяў грамадзянскай салідарнасьці і дапамогі сем’ям палітзьняволеных:

«Я ўпэўнены, што акцыі салідарнасьці, якія адбываюцца, лісты і заявы, якія мы пішам — яны аказваюць уплыў. Гэта таксама мэханізм абароны і падтрымкі тых людзей, якія знаходзяцца пад рэпрэсіямі».

Сяргей Вазьняк перакананы, што ўсе пакуты і ахвяры палітвязьняў — не дарэмныя:

«Улада атрымала зашмат праблем, зьнешнепалітычных дый унутры краіны. Ня думаю, што большасьць грамадзтва натхнілася такім мардабоем. І я думаю, што ім будзе цяжка ў будучым прыняць рашэньне паўтарыць тое, што было 19 сьнежня».

Удзельнікі «круглага стала» падпісалі зварот да міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча і генэральнага пракурора Аляксандра Канюка з асуджэньнем гвалтоўных дзеяньняў міліцыі пры затрыманьні актывістаў апазыцыі. Гэты зварот яны заўтра зьбіраюцца аднесьці ў МУС і Генпракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG