Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіч: Я не лічу Цыбліенку сваім праціўнікам


Перад судом Івашкевіч-Цыбліенка

Перад судом Івашкевіч-Цыбліенка

Госьць Свабоды – апазыцыйны палітык Віктар Івашкевіч.

Суд Савецкага раёну Менску абавязаў Івашкевіча выплаціць 500 тысяч рублёў работніцы Мазырскага НПЗ Марыне Цыбліенцы. Палітыка таксама абавязалі абвергнуць на сайце Хартыі’97 заклікі байкатаваць нафтапрадукты зь Беларусі.

Соўсь: Віктар, рэдактар сайту Хартыі Натальля Радзіна ўжо заявіла, што суд ня можа прымусіць Хартыю зьмясьціць абвяржэньні. Тым ня менш, на сайце зьявіцца ваш артыкул, ці тлумачэньне. Што вы напішаце?

Івашкевіч: Я буду рабіць артыкул з растлумачэньнем пазыцыі, але спачатку я павінен высьветліць, што суд меў на ўвазе пад сваім рашэньнем зьмясьціць абвяржэньне. Абвяржэньне чаго? – я так і не зразумеў. І судзьдзя не змагла патлумачыць. Таму заўтра ў 14 гадзін яна параіцца з больш дасьведчанымі людзьмі і напэўна сфармулюе.

Соўсь: На сайце Свабоды адбыўся онлан-рэпартаж з судовага працэсу. І калі Марына Цыбліенка прыйшла зь вялікай групай падтрымкі, то вас фактычна ніхто не прыйшоў падтрымаць. Чаму?

Івашкевіч: Я не рабіў ніякіх захадаў, каб там наладжваць нейкія супрацьстаяньні, таму што я не лічу і спадарыню Цыбліенку і тых прафсаюзьнікаў нейкімі сваімі праціўнікамі. Тое, што іх улада выкарыстоўвае для нейкіх сваіх гульняў, гэта адна справа. Але я лічу, што калі я буду адзін і буду весьці зь імі размову, гэта іх крыху расслабіць, іхнае жаданьне ваяваць ці бараніцца ад страшных апазыцыянэраў. Таму ніякага супрацьстаяньня ў выглядзе альтэрнатыўных пікетаў, перабранкі, сварак я не дапускаў.

Соўсь: Вы слухалі аргумэнтацыю Марыны Цыбліенкі і яе калегаў. Як вам падаецца, наколькі шчырыя яны былі? Што там было пасьля гутарак з адміністрацыяй прадпрыемства, з прафкамам, а што ўласная ініцыятыва?

Івашкевіч: Я думаю, што ўлада прапанавала ёй гэта зрабіць і яна гэта зрабіла, бо перакананая, што начальства заўсёды мае рацыю. Ёсьць такія людзі, якія заўсёды арыентаваныя на ўладу, якой бы тая ўлада ні была. Але калі я ёй задаў пытаньне пра тое, што ў мінулым годзе, калі вы атрымалі рэальныя эканамічныя санкцыі і ваша калектыўная дамова была фактычна скасаваная, гэта ж ня я рабіў? Высьветлілася, што гэта зрабіла адміністрацыя прадпрыемства са згоды афіцыйнага прафсаюзу. Калі я задаў пытаньне – ну а тады чаму яны не рэагавалі? Ці – падвышэньне коштаў на мяса ў гэтым месяцы, ці я ці Эўразьвяз нейкім бокам маем да гэтага дачыненьне? Яна не змагла адказаць нешта пэўнае, можа быць, задумалася пра тое, хто рэальна забірае ў іх з кішэняў грошы, а не стварае нейкую ўяўную пагрозу.

Соўсь: Як мяркуеце, ці пойдуць за гэтым такога ж кшталту суды за заклікі да санкцый? Падалі ж пазоў супраць Дзьмітрыя Вуса... Які досьвед вы вынесьлі з гэтага працэсу? Як яго можна скарыстаць?

Івашкевіч: Гэта нагода паразмаўляць аб тым, у якой сытуацыі мы ёсьць. І гэта штуршок работнікам прадпрыемстваў падумаць пра гэта, паслухаць розныя аргумэнты. Спадарыня Цыбліенка распавядае, што на яе фэйсбук прыйшлі сотні водгукаў, якія крытыкавалі ейную пазыцыю, а таксама сотні тых, хто яе падтрымліваюць. Ужо добра, што гэтая тэма абмяркоўваецца. І я думаю, што ўлады фактычна згарнулі гэтую кампанію, бо ўбачылі, што абмеркаваньне тэмаў сацыяльнай абароненасьці людзей на фоне штомесячнага падвышэньня коштаў ня выгаднае самой уладзе. Але рэзананс атрымаўся, людзі задумаліся. І гэта добра. Заўсёды добра, калі ёсьць рух думак, чым застойнае балота ў мазгах.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG