Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У космасе — першы прыватны карабель


З амэрыканскага мысу Канавэрал стартавала ракета Falcon-9, якая нясе да Міжнароднай касьмічнай станцыі грузавы карабель Dragon.

Гэтая падзея была б шараговай у засваеньні космасу, але ёсьць адна акалічнасьць, якая дазволіла ёй патрапіць у топ сусьветных навінаў. Карабель Dragon створаны прыватнай фірмай SpaceX. І гэта — першая місія прыватнай кампаніі на касьмічную арбіту. Усе ранейшыя запускі ажыцьцяўляліся дзяржаўнымі карпарацыямі і фінансаваліся зь дзяржаўнага бюджэту — пачынаючы з канца 1950-ых гадоў, калі СССР і ЗША распачалі «касьмічную гонку», посьпехі ў якой павінны былі дэманстраваць перавагу савецкага альбо амэрыканскага дзяржаўнага ладу.

Стыкоўка з МКС заплянаваная на 25 траўня; пасьля таго, як астранаўты возьмуць дастаўленыя на арбіту грузы (іх агульная вага — 544 кіляграмы), карабель адлучыцца ад станцыі і вернецца на зямлю

Назіральнікі заўважаюць, што ў выпадку пасьпяховага ажыцьцяўленьня праекту, ён можа пакласьці канец ракетна-касьмічнай манаполіі Расеі. Пасьля таго, як ЗША адмовіліся ад запускаў «шатлаў» (у немалой ступені — з-за меркаваньняў бясьпекі), амэрыканскія астранаўты дастаўляліся на арбіту расейскімі ракетамі. Адпраўка аднаго астранаўта абыходзілася ЗША ў сярэднім 60 мільёнаў даляраў.

Акрамя таго, новы праект, як чакаецца, значна пашырыць магчымасьці «камэрцыйнага касьмічнага турызму» — з вывадам ахвотных на «паўнавартасную» касьмічную арбіту. Цяпер існуе амэрыканскі праект дастаўкі турыстаў на субарбітальную вышыню (крыху больш за 100 км.), і пры гэтым у космасе карабель прабудзе 5-6 хвілінаў. Каштаваць такі субарбітальны палёт будзе каля 200 тысяч даляраў. Арбітальны палёт абыдзецца турысту нашмат даражэй, але і «турыстычная касьмічная праграма» будзе непараўнальна больш працяглай.

Аднак ужо цяпер амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA уклала ў касьмічную праграму SpaceX 400 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG