Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя перад выбарамі: байкатаваць ці ўдзельнічаць?


Да парлямэнцкіх выбараў, што павінны адбыцца гэтай восеньню, засталося некалькі месяцаў. А палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі яшчэ ня вызначыліся, ці будуць яны ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Супярэчлівае стаўленьне да ідэі актыўнага байкоту выбараў і ў многіх рэгіёнах.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

Магілёўская абласная структура партыі БНФ выстаўляе на выбары пяць кандыдатур. Лідэр арганізацыі Зьміцер Салаўёў заяўляе, што кандыдаты будуць гатовыя зьняцца з выбарчай кампаніі.

«Пры невыкананьні нашых умоваў аб вызваленьні палітвязьняў і ўключэньні нашых сяброў у выбарчыя камісіі кандыдаты нашы будуць здымацца ў абавязковым парадку. А выбарчы час яны будуць выкарыстоўваць для таго, каб даносіць да людзей праўду пра становішча Беларусі. У нас дужа доўга ішла дыскусія, і рашэньнем большасьці мы вырашылі ўдзельнічаць».

«Гэта для нас адзіная магчымасьць пагаварыць зь людзьмі. Пачуць іх».

У райцэнтры Круглае пойдзе на выбары актывістка партыі левых «Справядлівы сьвет» Зінаіда Мілешчанка. Яна тлумачыць, чаму:

«Гэта адзіная магчымасьць пагаварыць зь людзьмі. Пачуць іх. Даць ім зразумець, што яны пакуль яшчэ людзьмі завуцца. Дужа народ затурканы, забіты. Ну, ня вечна ж Лукашэнка будзе. Высьпявае пратэст. Калі-небудзь жа гэты нарыў мае лопнуць. Мы пойдзем, і нас хоць бы заўважаць і будуць ведаць, што мы ёсьць».

«Фактычна насельніцтва даўно байкатуе выбары»

Абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі, паводле яе старшыні Ўладзімера Шанцава, падтрымае байкот выбараў.

У нас будзе актыўны байкот ...

«У краіне няма выбараў. Насельніцтва даўно зразумела, хто ў гэтай краіне распараджаецца ўсім. Паводле нашых падлікаў, на мінулыя мясцовыя выбары яўка насельніцтва была на ўзроўні 18 працэнтаў. А на папярэднія парлямэнцкія — 30–35 працэнтаў. Фактычна насельніцтва даўно байкатуе і мясцовыя, і парлямэнцкія байкатуе. Таму і ў нас будзе актыўны байкот».

«Дэмакратычныя кандыдаты папрацуюць як валянтэры, і толькі»

Абласная структура моладзевай няўрадавай арганізацыі «Грамадзянскі форум», паводле яе лідэра Юрыя Стукалава, пастанавіла, што кожны сябар арганізацыі сам вырашае, удзельнічаць яму ў выбарах ці не.

«Калі ў выбарчых камісіях будуць тыя ж асобы, то ніякага сэнсу няма ў іх удзельнічаць. Але маладым людзям, каб зразумець, што такое выбары, і калі ў іх будзе жаданьне, а таксама будуць дэмакратычныя кандыдаты, — я думаю, што яны папрацуюць на выбарах як валянтэры, і толькі».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

У шэрагах апазыцыі ў Гарадзенскім рэгіёне няма адзінага стаўленьня да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ўвосень. Некаторыя апазыцыянэры зьбіраюцца прымаць удзел без аніякіх умоваў, іншыя рыхтуюць пэўныя ўмовы для ўладаў, некаторыя згодныя толькі на байкот выбараў.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарэнка перакананы, што кампанія байкоту выбараў не дае вынікаў. Ён таксама кажа, што немагчыма ставіць мэты, каб перамагчы на выбарах, якія адбываюцца практычна бяз правілаў. Але ў той жа час ён за тое, каб браць удзел у выбарах і схіляць на свой бок як мага больш людзей.

«Гэта магчымасьць пошуку новых дэмакратычных актывістаў»

Бандарэнка: «Такой самай рэальнай мэтай можа быць: пошук новых актывістаў. А дзеля гэтага трэба шукаць той самы пасыл, каб завабіць людзей. Гэта можа быць пазытыўная альтэрнатыва, разьвіцьцё грамадзтва, гораду, дзяржавы».

Віктар Сазонаў, актывіст партыі БСДГ, прынцыпова перакананы, што далей браць удзел у лукашэнкаўскіх выбарах, вынік якіх заранёў вядомы, ня мае сэнсу. Ён лічыць, што варта працягваць назіраньне за выбарамі, імкнуцца трапіць у выбарчыя камісіі. І вось як ён аргумэнтуе свае перакананьні:

«Удзел у выбарах — гэта здрада тым людзям, якіх улада трымае за кратамі»

Сазонаў: «Перш за ўсё гэта здрада тым людзям, якія сядзяць зараз за кратамі. І гэта галоўны аргумэнт. І яшчэ, нідзе на сьвеце нармальная апазыцыя, калі прыходзіла да ўлады і рабіла нешта карыснае для свайго народу, ніколі ня дзейнічала антымаральнымі спосабамі».

Актывіст партыі БНФ Максім Губарэвіч кажа, што з прычыны разрозьненасьці
з прычыны разрозьненасьці апазыцыі немагчыма зладзіць сапраўдны байкот выбараў ...

апазыцыі немагчыма зладзіць сапраўдны байкот выбараў, і таму ягоныя таварышы па партыі схільныя да таго, каб браць удзел у выбарах — пры ўмове, што на волю выпусьцяць усіх палітвязьняў, а апазыцыянэраў уключаць у выбарчыя камісіі.

Губарэвіч: «Калі гэтага не адбудзецца, то мы здымаем сваіх кандыдатаў за пяць дзён да пачатку галасаваньня».

«Будзем праводзіць актыўную кампанію байкоту...»

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін кажа, што папярэднія рашэньні, якія прымаліся на палітрадах, скіраваныя на актыўны байкот выбарчай кампаніі. Партыйцы зьбіраюцца спачатку вылучыць кандыдатаў, каб мець магчымасьці правесьці актыўны байкот.

Істомін: «Фактычна мы будзем праводзіць актыўную кампанію байкоту з распаўсюдам матэрыялаў, з выступам па радыё і тэлебачаньні. Але ў цэлым схіляемся да таго, каб увогуле байкатаваць гэтую кампанію. Маецца на ўвазе ня тое, каб нічога не рабіць, а наадварот — рабіць актыўную кампанію байкоту ў рэгіёнах і акругах».

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Колькі апазыцыянэраў, столькі й меркаваньняў

На Гомельшчыне яшчэ ў студзені паўтара дзясятка прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў і апазыцыйных партыяў падпісалі пагадненьне наконт супольных дзеяньняў на парлямэнцкіх выбарах. Было заяўлена, што ўдзел у выбарах апазыцыйных кандыдатаў магчымы толькі ў тым выпадку, калі ў краіне ня будзе палітзьняволеных, калі будзе зьменена выбарчае заканадаўства, а прадстаўнікоў апазыцыі ўключаць у выбарчыя камісіі. Інакш — байкот.

Некаторыя з прадстаўнікоў апазыцыі, да прыкладу, ад партыі левых «Справядлівы сьвет», падпісваліся з агаворкамі, бо пакуль ня маюць вызначанай пазыцыі цэнтральных органаў сваёй партыі.

Па сутнасьці, сытуацыя застаецца такой і цяпер. Кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі «Справядлівага сьвету» Валер Рыбчанка кажа, што канчатковая тактыка ўдзелу прадстаўнікоў партыі ў выбарах будзе вызначана ў чэрвені на пленуме:

«Пакуль партыйнае рашэньне не прынятае. Трэба пачакаць, калі адбудзецца пленум».

Асабіста спадар Рыбчанка перакананы, што прадстаўнікам партыі трэба вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты й працаваць да заканчэньня выбарчай кампаніі:

Выбараў няма! Чарговы раз трэба данесьці такую пазыцыю да людзей ...

«Войскі павінны заўсёды трэніравацца. А такую афіцыйную магчымасьць — яе трэба выкарыстоўваць. І ня толькі для трэніроўкі партыйнай, а й дзеля таго, каб данесьці пазыцыю да людзей. Выбараў няма! Чарговы раз трэба данесьці такую пазыцыю да людзей: працуем у такой сытуацыі, у якой няма выбараў. Але трэба вылучацца, ісьці ў гэтую кампанію, а там час пакажа. У апошні момант можна прыняць і іншае рашэньне. А пакуль трэба ісьці й працаваць».

Суразмоўца перакананы, што дамагчыся рэальнага байкоту ня ўдасца: вёска ўсё адно пойдзе на выбары.

Ня надта ўпэўнены ў рэальным выніку байкоту выбараў і рэгіянальны каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Юры Клімовіч. Але ён — толькі за агітацыю падчас збору подпісаў. Рэгістравацца ў акруговых камісіях кандыдатамі ў дэпутаты апазыцыйным вылучэнцам без выкананьня ўладамі агучаных умоваў ня варта:

«Мы мабілізуем свой актыў менавіта на ўдзел у агітацыі, на ўзроўні агітацыі і на ўзроўні назіраньня. Мы прымаем удзел ва ўсіх праграмах назіраньня — хэльсынскай, праваабарончай, праграме „За справядлівыя выбары“. І плюс да таго яшчэ будзе наша партыйная праграма».

Аднак прадстаўнік БХД не выключае, што прыватным чынам актывісты могуць вылучыцца кандыдатамі праз збор подпісаў. Перашкаджаць ім ніхто не зьбіраецца, тым больш што партыя не зарэгістраваная й ня можа вылучыць сваіх прадстаўнікоў кандыдатамі ў дэпутаты.

Камэнтар Анатоля Лябедзькі

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі: «Мы праводзім сваю кампанію «За сумленныя выбары без Лукашэнкі».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«У нас усё проста: АГП канкрэтна вызначылася на сваім партыйным Кангрэсе. Мы ня ўдзельнічаем у выбарчай кампаніі, якую арганізоўваюць і праводзяць спадарыня Ярмошына й Аляксандар Лукашэнка. Мы праводзім сваю кампанію — «За сумленныя выбары без Лукашэнкі».

«На 15 траўня АГП і яе рэгіянальныя структуры замаўлялі больш як 90 пікетаў. Але ўлады не дазволілі ніводнага зь іх. Як гэта адаб’ецца на актыўнасьці рэгіянальных структураў АГП?»

«Адмовы на правядзеньне пікетаў на выбарчую тэму толькі ўзмацняюць нашу пазыцыю. Мы разумеем, што ўжо зараз трэба пачынаць змагацца за правілы правядзеньня прэзыдэнцкай кампаніі, якая адбудзецца праз тры гады. Трэба мабілізоўваць грамадзтва на тое, што ў нас няма выбараў, што за іх трэба змагацца і ствараць супраціў гэтаму. І мы гэта будзем рабіць. Мы вылучым ад 50 да 70 чалавек „сьпікераў“, якія пойдуць на выбары з пасланьнем: „Беларусі патрэбныя сумленныя выбары. Няма сумленных выбараў — няма пераменаў“. Пры гэтым мы патлумачым, што павінны рабіць людзі падчас гэтай кампаніі: ня ўдзельнічаць у галасаваньні, а калі іх прымусяць гэта рабіць, то галасаваць супраць усіх кандыдатаў. Мы прапаноўваем стварыць народны парлямэнт як альтэрнатыву таму, які прызначыць улада, і ісьці далей да людзей, магчыма, празь вялікі збор подпісаў „За сумленныя выбары“. Іншай альтэрнатывы я ня бачу».

Камэнтар Аляксандра Ярашука:

Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў: «Мы — не палітычная арганізацыя, таму не замінаем і не падштурхоўваем сваіх сябраў да ўдзелу ці байкоту».

Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

«Для нас не самамэта — удзел у розных палітычных кампаніях, кшталту выбараў, у тым ліку ў парлямэнт. Гэта па-першае.

Па-другое, мы не палітычная арганізацыя. У склад Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) уваходзяць прадстаўнікі розных партыяў. І яны маюць поўнае грамадзянскае права ўдзельнічаць у розных палітычных кампаніях, у тым ліку й выбарах. Мы не замінаем ім у гэтым, а таксама не падштурхоўваем да ўдзелу.

Калі ж гаварыць пра маё стаўленьне асабістае, то я зыходжу з таго, што палітычны працэс у Беларусі завяршыўся яшчэ недзе ў 2006-м годзе. І з таго часу ўдзел у розных палітычных кампаніях, у тым ліку ўдзел у так званых выбарах у парлямэнт проста ня мае аніякага сэнсу. Больш за тое, у такіх выбарах найбольш зацікаўленая ўлада, таму што гэта сродак легітымізацыі гэтай улады. Таму станоўчага тут вельмі мала, а адмоўнае — гэта легітымізацыя гэтай улады. Таму абсалютна нецікавае гэтае мерапрыемства».

Камэнтар Анатоля Шумчанкі:

Анатоль Шумчанка, старшыня зарэгістраванага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва»: «Мы — прыхільнікі дэмакратычнага выбару краіны, але кожны з прадпрымальнікаў асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць у выбарах».

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«У Беларусі ёсьць партыі, грамадзкія арганізацыі й рухі, і таму я мяркую, што пытаньні пра выбары — гэта перадусім да іх. А прадпрымальнікі на сёньня — актыўныя прыхільнікі дэмакратычнага выбару ў далейшым разьвіцьці Беларусі.

Удзельнічаць у выбарах ці не — гэта кожны будзе вырашаць асабіста. А наконт актыўнага ўдзелу ў выбарах — сказаць не магу. Сёньня, на жаль, у Беларусі бізнэс й палітыка — несумяшчальныя рэчы. А ўвогуле, прадпрымальнікі заўжды робяць сьвядомы выбар на карысьць дэмакратычных сіл. Гэта відавочна».
XS
SM
MD
LG