Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Дземідзенка: «Моладзь — адзіныя, хто гатовы дзейнічаць»


Міола Дземідзенка, 22 траўня 2012

Міола Дземідзенка, 22 траўня 2012

Намесьнік старшыні «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка ў выніку пагаршэньня стану здароўя з ізалятара на Акрэсьціна пераведзены ў 9-ы менскі шпіталь. Маладафронтаўцы апошнім часам масава церпяць ад перасьледу ўлады.

Мікалай Дземідзенка цяпер ляжыць у 1-м пульманалягічным аддзяленьні 9-га шпіталя. Актывіста «Маладога фронту» ў шпіталь прывезла з ізалятара на Акрэсьціна хуткая дапамога, бо ў вязьня рэзка пагоршыўся стан здароўя. Паводле Мікалая Дземідзенкі, на ягоным стане маглі адбіцца якраз дрэнныя ўмовы ў ізалятары на Акрэсьціна:
Акенца вельмі малое, паветра трапляе вельмі мала, і людзям няма чым дыхаць.

«Там у камэрах задуха, бо няма ніякай вэнтыляцыі. Акенца вельмі малое, паветра трапляе вельмі мала, і людзям няма чым дыхаць. Тое самае і з харчаваньнем — лепш не становіцца. Я пісаў на гэты конт скаргу, але нічога не зьмянілася. Дарэчы, як павялічылася базавая велічыня, аплата за Акрэсьціна ўзрасла больш як у тры разы. То бок чалавек, які адбывае 15-дзённы арышт, плаціць за гэта каля 750 тысяч рублёў, гэта амаль 100 даляраў. Але якасьць ежы не зьмянілася ў параўнаньні з тым часам, калі тыя ж 15 сутак каштавалі 25 даляраў. Нічога не зьмянілася. Я патрабаваў каштарыс выдаткаў на харчаваньне, але начальнік ізалятара сказаў, што ён яго ня мае, і параіў зьвярнуцца ў ГУУС. Прыйдзецца зьвяртацца».


Зараз Мікалай Дземідзенка адбывае 10 сутак арышту нібыта за нецэнзурную лаянку. З сакавіка мінулага году актывіст адбыў пад арыштам ужо 86 дзён. А ўсе разам маладафронтаўцы адбылі толькі сёлета больш за 350 дзён арышту. Мікалай Дземідзенка мяркуе, што гэтак улада помсьціць за іх актыўнасьць і за тое, што яны рэальна адстойваюць дэмакратыю: праводзяць акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, вывешваюць бел-чырвона-белыя сьцягі, патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам:

«Сапраўды, назіраецца сваволя адносна моладзевых актывістаў. Найперш таму, што няма ніякага прагрэсу ў становішчы ў краіне: улада не адступае, ніякай лібэралізацыі няма, працягваецца жорсткая канфрантацыя паміж Эўропай і беларускім рэжымам. І такая ж жорсткая канфрантацыя адбываецца і паміж палітычнымі апанэнтамі — намі і ўладай. Мы, моладзь, адзіныя, хто гатовы ісьці на нейкія радыкальныя дзеяньні. Мы адзіныя, хто згадвае пра нацыянальную сымболіку, мы адзіныя адкрыта кажам пра неабходнасьць санкцыяў супроць гэтага рэжыму. Не баючыся атрымаць за гэта тэрмін ці як зараз атрымліваецца — нас проста зьбіваюць і кідаюць за краты».

Позна ўвечары 21 траўня пасьля 5 дзён арышту выйшаў на волю маладафронтавец Павал Сяргей. Але мабільны тэлефон Паўла дагэтуль не ўключаны. Паводле праваабаронцы Насты Лойкі, якая сустракала актывіста ля Акрэсьціна, Павал Сяргей распавёў, як яго зьбілі міліцыянты падчас затрыманьня на арандаванай кватэры. Зьбіцьцё затрыманых актывістаў стала нормай, як і тое, што актывістаў затрымліваюць празь некалькі дзён пасьля чарговых акцыяў без аніякіх доказаў іх датычнасьці да гэтых акцыяў, кажа Наста Лойка:

«Зноў трапляюць за краты, прычым зусім без усякіх падставаў. Іх затрымліваюць не на месцы акцый, а значна пазьней у любым іншым месцы і судзяць на падставе фальшывых пратаколаў нібыта за лаянку, што асабліва крыўдна».

Мікола Дземідзенка мае выйсьці на волю ў чацьвер, 24 траўня. Заўтра, 23 траўня, маладафронтаўцы будуць чакаць выхаду з Акрэсьціна Ўладзя Яроменка, які за год адбыў на Акрэсьціна 78 дзён арышту.

Хлопец ня выключыў, што ўжо сёньня яго вернуць адбываць пакараньне ў турму на Акрэсьціна.

15 траўня Дземідзенку арыштавалі на 10 сутак.

Днём раней супрацоўнікі міліцыі адамкнулі ключамі кватэру, дзе жывуць сябры МФ. Міліцыянты схапілі Мікалая Дземідзенку, Зьмітра Крамянецкага і Рамана Васільева.

Мікола Дземідзенка быў арыштаваны за нацыянальныя сьцягі ў гадавіну рэфэрэндуму і асуджаны на 10 сутак за “лаянку”. Перад гэтым Дземідзенка адседзеў 15 сутак за “Чарнобыльскі шлях”, а перад Днём Волі быў прэвэнтыўна затрыманы на 10 сутак.
XS
SM
MD
LG