Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч на мінулым тыдні выступаў з канцэртамі ў Чэхіі, Славаччыне, Польшчы, Нямеччыне, Аўстрыі, Нідэрляндах, Літве ў рамках грамадзкай кампаніі «Салідарнасьць зь Беларусью».

Соўсь: Зьміцер, вы толькі вярнуліся з эўрапейскага гастрольнага туру — Прага, Браціслава, Кракаў, Амстэрдам, Вена, Бэрлін. Раскажыце, чым былі адметныя гэтыя канцэрты? Хто ў Эўропе ходзіць на беларускіх музыкаў?

Вайцюшкевіч: Канцэрты называліся «Салідарнасьць зь Беларусьсю», гэта культурніцкая ініцыятыва з ідэяй прыцягнуць увагу да беларускіх справаў. Былі дзьве асноўныя тэмы: чорныя сьпісы музыкаў і палітзьняволеныя. Мы сьпявалі ў тэатрах, у кавярнях, у палітычных цэнтрах.

Прыходзілі на канцэрты ня толькі беларусы. Я стараўся і справакаваць дыскусію: у Варшаве, напрыклад, у часе сустрэчы адзін дзед сказаў: «Пакіньце Беларусь у спакоі, у іх ёсьць вялікі князь, якога выбраў народ», а — я яму адказаў, што каб Польшчу пакінулі ў спакоі 30 гадоў таму, магчыма, яе проста не было б. Розныя людзі прыходзілі: я ніколі так шмат сваіх землякоў ня бачыў у маёй роднай Бярозаўцы, а вось у Амстэрдаме і ў Празе я іх убачыў шмат.

Соўсь: Некалькі тыдняў таму ў Празе выступаў Лявон Вольскі з Крамбамбуляй. Пасьля яго вы. Рок-гурт Сьцяна, а таксама гіп-гоп выканаўца Vinsent разам з гуртом выступілі на канцэрце «Салідарнасьць зь Беларусьсю» у Вільні, раней прайшлі канцэрты салідарнасьці ў Варшаве. Выглядае, што забароненыя музыкі вымушана перамясьцілі свае канцэрты зь Беларусі за мяжу? Хто выйграў, а хто прайграў у гэтай сытуацыі?

Вайцюшкевіч: Гэтая акцыя не зусім была зьвязанай з канцэртамі: усё ж мы хацелі правесьці дыскусію, спробу дыялёгу. Мы рабілі гэта праз эмацыйную частку, бо песьня — гэта хутчэйшая дарожка, чым калі б прыехаў палітык і расказваў бы, як ён бачыць сытуацыю ў Беларусі.

Прайграе перадусім беларускі слухач, бо культурнае жыцьцё павінна быць у Беларусі, дзе ні за сьцяг, ні за мову ніхто не павінен быць біты. А людзям цяпер страшна хадзіць на канцэрты, бо ў той самы дзень, як у мяне быў канцэрт, у Менску на падпольным канцэрце арыштавалі Бартосіка і Сімбірова, плюс яшчэ 15 людзей. Прайграе грамадзтва, бо музыкі — людзі актыўныя, яны знойдуць, як жыць. Я ўжо другі раз у такім сьпісе, мне трохі сьмешна, але выйсьця глябальнага я ня бачу: засяроджвацца на падпольных выступах у Беларусі альбо толькі на творчасьці і сыходзіць на бліжэйшыя гады са сцэны.

Соўсь: Я памятаю, як калісьці ў мэтро віселі афішы з абвесткамі пра вашы канцэрты ў Канцэртнай залі «Менск». Цяпер вы фактычна забаронены музыка. Ці можна пражыць музыку з так званага чорнага сьпісу, ня маючы дадатковай працы, дадатковага заробку?

Вайцюшкевіч: Гэта вельмі цяжка. Вядомыя музыкі жывуць з падпольных выступаў, з карпаратываў. Фактычна, пражыць можна, але гэта прыніжае і краіну, і нас. Ты мусіш выкручвацца, я не скажу, што мая сям’я галадае, але гэта прыніжальная сытуацыя.

Соўсь: Зьміцер, якія высновы вы зрабілі з супрацы з Уладзімерам Някляевым падчас выбарчай кампаніі 2010? Ці варта музыкам ісьці ў палітыку?

Вайцюшкевіч: Някляева любіў і люблю, бо гэта мой сябар і мой суаўтар. Падкрэсьлена сьпяваў за яго. Былі музыкі, якія выказаліся за нэўтралітэт у часе выбарчай кампаніі, і яны таксама патрапілі ў чорны сьпіс. Так што, я лічу, што варта было ўдзельнічаць. Някляеў для мяне — чалавек прыстойны, які нешта робіць дагэтуль, і кампанія іх нешта робіць, і сядзяць яны за свае справы, так што мне шкадаваць пра супрацу не даводзіцца.

Соўсь: Вы прасьпявалі многіх беларускіх паэтаў: Рыгора Барадуліна, Дранько-Майсюка, Някляева, Бураўкіна, Караткевіча — хто наступны?

Вайцюшкевіч: Хочацца прасьпяваць Сыса, трэба закончыць польскі праект, які выйдзе сёлета ў перакладзе Андрэя Хадановіча. Засьпяваць хацелася б якую дзяўчыну-паэтку, бо мужыкоў ужо хопіць. Хацелася б падыйсьці альбо да маладой паэткі, альбо зьвярнуцца да Арсеньневай ці ўвогуле да творчасьці беларускай эміграцыі, бо пра гэта на Беларусі мала сьпяваецца.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG