Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сацыял-дэмакраты за дыялёг і кансалідацыю»


Анатоль Ляўковіч, архіўнае фота.
Анатоль Ляўковіч, архіўнае фота.

Арганізацыйны камітэт па стварэньні рэспубліканскага грамадзка-асьветніцкага аб’яднаньня «Сацыял-дэмакраты за дыялёг і кансалідацыю» створаны ў Берасьці.

Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр аргкамітэту Анатоль Ляўковіч.

Ён апавёў, што ініцыятары аб’яднаньня зьяўляюцца «прыхільнікамі паступальнага разьвіцьця краіны, для якіх прыярытэтамі ў грамадзкай і палітычнай дзейнасьці зьяўляюцца не супрацьстаяньне і радыкалізацыя беларускага палітычнага працэсу, а дыялёг, канструктывізм, пошук кампрамісаў, кансэнсусу і кансалідацыі беларускага соцыюму».

Паводле Ляўковіча, ініцыятары стварэньня аб’яднаньня ставяць мэтай афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю.

Ляўковіч з жніўня 2008 году да кастрычніка 2010 году ўзначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада). 10 кастрычніка 2010 году ў Менску прайшоў зьезд БСДП (Грамада), на якім старшынёй быў абраны Анатоль Сідарэвіч, аднак яго вынікі Ляўковіч не прызнаў. Вынікі зьезду не былі прызнаныя і Мін’юстам. Не былі афіцыйна прызнаныя і вынікі паўторнага зьезду 5 чэрвеня 2011 году. Яшчэ адзін зьезд прайшоў 18 сакавіка 2012 году, на ім старшынёй партыі была абраная Ірына Вештард.

«Мае прыхільнікі будуць не адмываць гранты, а вылучаць сур’ёзныя ініцыятывы», — заявіў Ляўковіч.

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч
Камэнтуючы гэтую ініцыятыву, актывіст сацыял-дэмакратычнага руху Анатоль Сідарэвіч сказаў карэспандэнту «Свабоды», што ў ініцыятараў «праблемы зь лёгікай»:

«Дыялёг з кім? З уладай? А ўлада хоча з табой размаўляць? Гэта не дыялёг, калі ты напрошваесься, калі цябе не запрашаюць да ўлады, калі да цябе ставяцца зь непавагай. Гэта хутчэй нейкае халопства. Была створана грамадзка-кансультацыйная рада пад кіраўніцтвам Уладзімера Макея. І дзе яна? І навошта ствараць новую структуру, калі ў Беларусі ёсьць афіцыйна зарэгістраваная сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды? Гэтая партыя й прапаведуе гэты дыялёг, лагоднае стаўленьне да ўлады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG