Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан: «Эўрабачаньне» на фоне рэпрэсіяў


У Азэрбайджане, які прымае гэтым тыднем удзельнікаў і гасьцей песеннага конкурсу «Эўрабачаньне-2012», не спыняецца перасьлед апанэнтаў улады. Пры гэтым праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што афіцыйныя прадстаўнікі конкурсу і іншыя эўрапейскія структуры заплюшчваюць вочы на праявы аўтакратычнага рэжыму Ільхама Аліева.

У панядзелак паліцыя ў Баку жорстка разагнала дэманстрантаў, што патрабавалі ў цэнтры азэрбайджанскай сталіцы свабоды сходаў і вызваленьня з турмаў 12 актывістаў, прызнаных праваабарончай арганізацыяй «Міжнародная амністыя» вязьнямі сумленьня. Дзясяткі ўдзельнікаў несанкцыянаванай дэманстрацыі былі затрыманыя. Сваёй акцыяй арганізатары хацелі забраць увагу прыбылых на «Эўрабачаньне» замежнікаў на праблемы з датрыманьнем правоў чалавека ў Азэрбайджане.

Сьпевакі з 42 краінаў возьмуць сёлета ўдзел у эўрапейскім песенным конкурсе. Трансьляцыі з Баку, як чакаецца, зьбяруць больш як 125-мільённую аўдыторыю тэлегледачоў. Рыхтуючыся да «Эўрабачаньня, рэжым прэзыдэнта Ільхама Аліева не шкадаваў грошай. Так, пабудова новага комплексу Baku Crystal Hall, дзе пройдзе конкурс, каштавала, як паведамляецца, каля 134 мільёнаў даляраў.

Пры гэтым факт правядзеньня ў Баку «Эўрабачаньня» ніяк не паменшыў маштабаў рэпрэсіяў, пад якія трапляюць у Азэрбайджане журналісты, грамадзкія актывісты і іншыя крытыкі рэжыму Аліева.

Макс Такер, прадстаўнік «Міжнароднай амністыі» ў справах Азэрбайджану, называе сытуацыю «жахлівай» і падкрэсьлівае, што гэта ставіць Баку асобна на фоне іншых постсавецкіх сталіц, якія прымалі «Эўрабачаньні» ў апошняе дзесяцігодзьдзе:

«Там ёсьць рыса, якой няможна пераступаць. Калі вы толькі загаворваеце аб прэзыдэнцкай сям’і або выносіце на сьвятло факты карупцыі сярод кіроўчых алігархаў, вы тым самым апынаецеся пад вялікай небясьпекаю перасьледу. Я сказаў бы, што цяперашняя сытуацыя з свабодаю выражэньня ў Азэрбайджане несумненна горшая, чымся ў Расеі і Ўкраіне».

Журналісты доўгі час застаюцца асноўнай мішэньню рэжыму Ільхама Аліева. Паводле ступені свабоды прэсы арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» паставіла летась Азэрбайджан на 162 месца ў сьпісе 179 краінаў.
Цяперашняя сытуацыя з свабодаю выражэньня ў Азэрбайджане несумненна горшая, чымся ў Расеі і Ўкраіне.

Набліжэньне «Эўрабачаньня» нічога не зьмяніла. Рэпартэр Ідрак Абасаў дасюль лечыцца пасьля брутальнага нападу — супрацоўнікі спэцслужбаў зьбілі яго пасьля таго, як ён абнародаваў факты незаконнага зносу дамоў у Баку — знос спатрэбіўся ўладам для рэалізацыі новых будаўнічых праектаў. Зусім нядаўна ахвяраю паклёпніцкай кампаніі стала журналістка Хадзія Ісмаілава. У сваім матэрыяле для нашага радыё яна расказала пра падпісаньне ўрадам — у абыход закону — з прадстаўнікамі клану Аліева кантракту на высокапрыбытковую здабычу золата. Пасьля зьяўленьня матэрыялу Ісмаілаву пачалі шантажаваць, пагражаючы выкласьці ў інтэрнэт яе прыватныя відэазапісы. Журналістка перакананая, што шантажысты дзеялі на загад уладаў.

Азэрбайджанскія ўлады жорстка распраўляюцца і з тымі, хто публічна выражае свой пратэст. За апошнія месяцы сотні ўдзельнікаў масавых акцыяў у Баку былі зьбітыя і затрыманыя. Бальшыня з 12 азэрбайджанскіх вязьняў сумленьня апынулася за кратамі менавіта за сваю ролю ў антыўрадавых пратэстах.

Некаторыя назіральнікі пры гэтым, тым ня менш, выказваюць спадзяваньне, што ўсё большую крытыку на адрас азэрбайджанскіх уладаў немагчыма будзе заглушыць у дні «Эўрабачаньня-2012».

У інтэрвію азэрбайджанскай службе нашага радыё нямецкі дэпутат Фолькнэр Бэк зазначыў, што падзеі накшталт «Эўрабачаньня» павінны паслужыць таму, каб у выніку ў сьвеце шырэй зьвярнулі ўвагу на праблемы, зь якімі сутыкаюцца грамадзяне Азэрбайджану:

«Мы ня можам дапусьціць, што ў той час, як мы моўчкі сядзім і аплядуем музыкам, журналісты і блогеры трапляюць пад рэпрэсіі, палітычныя вязьні застаюцца за кратамі, а ўдзельнікаў пратэстаў зьбіваюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG