Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія парадкі чакаюць Сяргея Каваленку ў «Белым лебедзі»?


Для адбыцьця пакараньня актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку зьмясьцілі ў магілёўскую калёнію № 19, вядомую ў народзе як былы ЛТП «Белы лебедзь».

21 траўня маці вязьня Лідзія Каваленка атрымала ў віцебскай управе Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў зьвесткі пра тое, куды накіравалі яе сына Сяргея для адбыцьця пакараньня:

«Я была там у СІЗА і паўсюль. Мне сказалі, што яго накіравалі ў Магілёўскую калёнію № 19. Гэта пакуль усе зьвесткі».

19 траўня Сяргея Каваленку накіравалі па этапе зь Віцебскага СІЗА, але куды дакладна — не паведамлялі. Сёньня апоўдні жонка Сяргея Каваленкі Алена ўжо званіла ў Магілёўскую 19-ю калёнію, дзе ёй пацьвердзілі, што яе муж там:

«Я ўжо туды тэлефанавала сама. Там ён. Але падрабязна яны нічога не распавялі. Ані пра стан здароўя, ані пра галадоўку. Толькі сказалі, што ў іх, у карантыне».

Больш пэўныя зьвесткі пра стан здароўя мужа і тое, ці працягвае ён галадоўку, Алена Каваленка спадзяецца атрымаць ад адваката.

Які ўмовы ўтрыманьня чакаюць Сяргея Каваленку ў 19-й Магілёўскай калёніі? У гэтай калёніі летась цягам некалькіх месяцаў адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітрый Вус. Паводле яго, да палітычных вязьняў там стаўленьне нармальнае як з боку вязьняў, гэтак і адміністрацыі. Усяго ў калёніі ад 900 да 1000 вязьняў, сярод якіх ёсьць і рабаўнікі, і забойцы. Штомесяц праходзяць камісіі па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні і колькасьць вязьняў зьмяншаецца, але хутка калёнія папаўняецца новымі асуджанымі, і ўсё паўтараецца зноў, успамінае Дзьмітрый Вус:

«Раней там быў лячэбна-працоўны прафілякторый. „Белы лебедзь“ клічуць гэтую калёнію, як раней называлі ЛПП. Там нават ёсьць скульптура лебедзя, яшчэ захавалася на тэрыторыі. Начальнікам калёніі там Чарноў, калі не замянілі. Вязьні працуюць на дрэваапрацоўцы, зьбіваюць паддоны. Ёсьць швачны цэх, ёсьць цэх, дзе плятуць гамакі. Мне там давялося працаваць. Але заробкі там вельмі малыя. Па 10 тысяч. Толькі на швачнай вытворчасьці, калі добра працаваць, можна зарабіць тысяч 100 — гэта максымум».

Паводле Дзьмітрыя Вуса, харчаваньне ў Магілёўскай 19-й калёніі не адзначаецца асаблівай разнастайнасьцю:

«Звычайна харчаваньне — бульба. Давалі яшчэ перамолатыя рыбныя косткі, як даюць собалям ды норкам. Затое варанае яйка — кожнай раніцай. Карацей, сярэдняе харчаваньне. Тлушчу не набярэш, але і з голаду не памрэш».

Карэспандэнт: «А як там ставяцца да тых, хто галадуе на знак пратэсту, вось як Сяргей Каваленка? Пагражае яму прымусовае вывядзеньне з галадоўкі ці неяк інакш да яго паставяцца?»

Дзьмітрый Вус: «Там усім кіруе адміністрацыя, таму калёнію і называюць „чырвонай“. Там ёсьць такія вязьні, які актыўна дапамагаюць адміністрацыі. Бо ёсьць жа сыстэма паблажак — званкі дамоў, „атаварка“, дадатковыя спатканьні. Калі адміністрацыя атрымае загад „прэсаваць“ Каваленку, яны дадуць каманду „фас“ гэтым вязьням, якія супрацоўнічаюць, і тыя могуць рабіць нешта дрэннае. Ня ўсе вязьні, але некаторыя гэтым будуць займацца».
XS
SM
MD
LG