Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лядовыя палацы канулі ў нябыт


Макет 1996 году – апошні напамінак пра лядовы палац у Барысаве

Макет 1996 году – апошні напамінак пра лядовы палац у Барысаве

У многіх райцэнтрах Беларусі прыпынілі будаўніцтва лядовых палацаў. А тыя, што ёсьць, пустуюць.


МЕНШЧЫНА

Барысаў: пра лядовы палац ужо і не гаворыцца

Жыхарам Барысава лядовую арэну на сем тысяч гледачоў паабяцалі ў 2006-м годзе. Тагачасны старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч казаў, што лядовы палац будзе пабудаваны за адзін год за 20 мільёнаў даляраў. Аднак абяцаньні засталіся нявыкананымі.

Цяпер пра лядовы палац у Барысаве няма і гаворкі. Як згадвае жыхар гораду Міхаіл Васільеў, размовы на гэты конт скончыліся ў 2010 годзе:

«А цяпер праблемы мае і будаўніцтва футбольнага стадыёну для клюбу БАТЭ. Таму праект лядовага палаца будзе адсунуты яшчэ далей».

Мінулай зімой у Барысаве лядовы каток для дзяцей і дарослых працаваў на тэрыторыі сярэдняй школы № 20. Час паказаў, што нават гэты лёд часта заставаўся пусты, бо ў пракаце не хапала канькоў і клюшак, а хакейнай амуніцыі не было зусім.

Жыхар Барысава, эканаміст Леў Марголін лічыць, што Барысаў на сёньня ня мае патрэбы ў такім вялікім лядовым палацы:

«У Барысаве на сёньня досыць шмат розных сацыяльных аб’ектаў. Але праблема не ў будынках. Ёсьць, скажам, паліклінікі й лякарні, але там не хапае і абсталяваньня, і расходных матэрыялаў. Ёсьць школы, але яны рамантуюцца ледзь-ледзь.

Макет 1996 году – апошні напамінак пра лядовы палац у Барысаве

Макет 1996 году – апошні напамінак пра лядовы палац у Барысаве










Як мне ўяўляецца, на сёньня нашмат важнейшая праблема аснашчэньня пабудоў, якія ўжо існуюць. Гэта нават нашмат важней, чым будаваць новыя гмахі...»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

У Слоніме палац пабудуюць да «Дажынак», Ваўкавыск ня мае пэрспэктыў

Пачаць будоўлю лядовых палацаў у Слоніме і Ваўкавыску плянавалі на пачатку 2009 году, але і сёньня справа зь месца ня зрушылася. Хоць агучваліся і сумы, якія меркавалася выдзеліць на будоўлю з рэспубліканскага бюджэту.

З рэспубліканскага бюджэту ўжо ў 2009 годзе плянавалі выдзеліць чатыры з паловай мільярды рублёў для будаўніцтва слонімскага лядовага палаца. Пляны зьмяніў усясьветны фінансавы крызіс.

Сёлета на адной з прэс-канфэрэнцыяў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра заявіў, што да «Дажынак», якія мяркуецца правесьці ў Слоніме ў 2016 годзе, будзе збудаваны лядовы палац.

Галоўны архітэктар Слонімскага раёну Тацяна Лянцкевіч пацьвердзіла, што праект палаца і месца, дзе ён будзе збудаваны, ужо ёсьць.

«Ужо распрацаваны праект лядовага палаца на 800 месцаў па праспэкце Незалежнасьці ў паўднёва-заходнім жылым раёне. Распрацаваны архітэктурны праект, а цяпер вядзецца распрацоўка будаўнічага праекту. Плянуецца, што ў нас будзе нармальны лядовы палац, як у Лідзе ці ў Пружанах».

На інтэрнэт-форумах жыхары Слоніма выказваюцца наконт будаўніцтва лядовага палаца па-рознаму. Шмат каму хочацца, каб у іхнім горадзе зьявілася падобнае збудаваньне, прычым ня горшае, чым у іншых гарадах.

Жыхар Слоніма Сяргей Чыгрын сьцьвярджае, аднак, што большасьць слонімцаў лічаць інакш: сродкі, якія плянуюць накіраваць на будоўлю лядовага палаца, варта было б пусьціць на іншыя патрэбы гараджан.
Слонім, напэўна, адзіны горад у Беларусі, дзе няма парку адпачынку..

Чыгрын: «Частка людзей кажа, што лепш будавалі б жыльлё для людзей і зрабілі дзіцячы парк у горадзе, бо зь дзецьмі ў горадзе няма куды пайсьці. Няма нават дзіцячай кавярні, атракцыёнаў, адным словам — няма парку адпачынку. І гэта, напэўна, адзіны горад у Беларусі, дзе няма парку адпачынку».

У Ваўкавыску пра пляны будоўлі Лядовага палаца ўжо забыліся. Вось што сказаў «Свабодзе» загадчык аддзелу спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкаму Ўладзімер Бацько:

«На дадзены момант нічога будавацца ня будзе. Будаўніцтва плянавалася за кошт сродкаў з рэспубліканскага бюджэту. Нават існаваў праект на 800 месцаў, але потым вырашылі, што будавацца ня будзе. І на сёньняшні дзень у мяне няма аніякай інфармацыі па будаўніцтве Лядовага палаца».

ГОМЕЛЬШЧЫНА

«Ледавік» у Рэчыцы не пачалі будаваць...

На Гомельшчыне паводле праграмы разьвіцьця хакею з шайбай, зацьверджанай абласным саветам дэпутатаў, да 2013 году заплянавана будаўніцтва 5 лядовых палацаў. У іх ліку — другая лядовая арэна ў Гомелі, а таксама гмахі ў Жлобіне, Мазыры, Рэчыцы, Сьветлагорску.

Лядовы палац у Рэчыцы меліся пабудаваць ужо сёлета. Ёсьць адпаведны праект, абрана й пляцоўка на вуліцы Маладзёжнай за помнікам воінам-аўганцам — акурат насупраць цяперашняга рынку «Славянскі». Аднак «ледавік» так і не пачалі ўзводзіць. Прычына банальна простая. Пра яе кажуць ва ўправе капітальнага будаўніцтва Рэчыцкага раёну:

«У прынцыпе, крыніца фінансаваньня канкрэтна ня вызначаная. Няма фінансаваньня — няма й працы».

У зацьверджанай праграме згадваюцца ажно тры крыніцы фінансаваньня — рэспубліканскі й абласны бюджэты, а таксама сродкі інвэстараў. Пра інвэстараў у горадзе нічога не чуваць. А бюджэтам цяпер не да лядовых арэнаў.
Няма фінансаваньня — няма й працы

Пакуль невядома, ці атрымаюць у наступным годзе лядовы палацы жыхары іншых чатырох гарадоў.

У 100-тысячным Мазыры лядовую арэну плянавалася пабудаваць у 2013 годзе. На гэта трэба звыш 40 мільярдаў рублёў. Тут меліся займацца ня толькі хакеем, але й фігурным катаньнем, іншымі відамі спорту, а таксама масавымі культурнымі мерапрыемствамі.

З плянаў, наколькі вядома, лядовы палац у Мазыры яшчэ ня выкрасьлілі. Аднак цяпер уся ўвага скіраваная на ўзьвядзеньне спартова-аздараўленчага цэнтру ў мікрараёне Бабры, дзе плянуецца пабудаваць гульнявую пляцоўку на 2000 месцаў, трэнажорныя залі, кавярню й шмат чаго яшчэ. Фундатарам выступае ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», якога, відаць, на ўсе заплянаваныя спартовыя аб’екты не хапае.

Грамадзкі актывіст з Мазыра Ўладзімер Целяпун, які доўгі час ачольваў тэхнічны аддзел на адным з тутэйшых заводаў, зьвяртае ўвагу і яшчэ на адзін бок захапленьня празьмерным будаўніцтвам спартовых аб’ектаў. Менавіта — на іх напаўняльнасьць. Утрымліваць гэтыя палацы ў канчатковым выніку мусяць самі гараджане, аплачваючы спартовыя паслугі. Такая праблема, прынамсі, узьнікла з пабудаваным у Мазыры гарналыжным комплексам:

«Калі іх так шмат, а ўсё гэта платныя паслугі, то я ня думаю, што ў насельніцтва хопіць сродкаў, каб хадзіць туды і ўсё гэта аплаціць. Ёсьць праблема ў нас тут з пабудаваным ужо гарналыжным комплексам. Зараз ці ня ўсе білеты распаўсюджваюць па арганізацыях, і нават ім навязваюць і вылічваюць з арганізацыяў грошы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG