Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Граніт»: скаргі, суды і 5 тысяч даляраў за «вярбоўку» Козіка


Пытаньне аб нерэгістрацыі суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» будуць разглядаць Міністэрства юстыцыі і Міністэрства працы. Тым часам у Лунінцы працягваюцца суды па справах звольненых актывістаў.

Як распавёў кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін, праблема рэгістрацыі суполкі на «Граніце» застаецца нявырашанай. Спадар Зімін кажа, што скарга на гэты конт накіраваная ў Міністэрства юстыцыі:

«У Мін’юст мы накіравалі запыт, як на дзяржаўным прадпрыемстве атрымаць юрыдычны адрас для ўтворанай прафсаюзнай арганізацыі».

Мікалай Зімін распавёў, што БНП накіраваў таксама скаргу ў Лунінецкі суд на забарону мітынгу ў Мікашэвічах. На мітынгу меркавалі патрабаваць рэгістрацыі суполкі. Акрамя таго, падалі і новую заяўку на мітынг пад тым жа лёзунгам.

Юрыст Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова распавяла, што пытаньне нерэгістрацыі суполкі БНП на «Граніце» будзе разглядацца і ў Міністэрстве працы:

«Дамоўлена было зь міністрам працы і сацыяльнай абароны, што да 15 чэрвеня мы прадставім увесь пакет дакумэнтаў. А як яны будуць разглядаць і ці будуць у нешта ўмешвацца, сказаць вельмі цяжка».

Спадарыня Яськова растлумачыла, што Міністэрства працы будзе разглядаць гэтае пытаньне напярэдадні канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Актывісты незалежнага прафсаюзу ў Мікашэвічах зьвязваюць з гэтай акалічнасьцю пэўныя спадзяваньні.

Тым часам працягваюцца суды па справах звальненьня актывістаў з «Граніту». Лунінецкі суд прызнаў законным звальненьне Генадзя Паўлоўскага. Судовае паседжаньне адбылося ў адсутнасьці заяўніка.

Рыхтуецца судзіцца і намесьнік кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Мікалай Карышаў. Судовае паседжаньне па справе яго звальненьня прызначана на 25 траўня.

31 траўня ў Берасьцейскім абласным судзе будзе працэс па справе кіраўніка суполкі Алега Стахаевіча.

Рабочыя кажуць, што прыезд на прадпрыемства кіраўніка ФПБ Леаніда Козіка ня толькі не разьвязаў праблемаў рабочых, але і «падліў алею ў агонь». Распавядае рабочы, які быў на сустрэчы з кіраўніком афіцыйных прафсаюзаў:

«Эўразьвяз, ён сказаў, дае па 100 даляраў за кожнага чалавека, якога яны „выцягнуць“ з „нашага“ прафсаюзу».

На гэтыя гучныя словы адрэагаваў кіраўнік Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Ён распаўсюдзіў жартоўную заяву, у якой абяцае 5 тысяч даляраў за «вярбоўку» самога Леаніда Козіка.
XS
SM
MD
LG