Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды павядзе Сэрбію Томіслаў Нікаліч?


Томіслаў Нікаліч у цэнтры

Томіслаў Нікаліч у цэнтры

Паводле папярэдніх вынікаў другога туру прэзыдэнцкіх выбараў у Сэрбіі, кіраўніком краіны на пяць гадоў абраны лідэр Сэрбскай прагрэсіўнай партыі Томіслаў Нікаліч.

20 траўня Нікаліч перамог зь невялікай перавагай цяперашняга прэзыдэнта краіны Борыса Тадзіча.

Некаторыя сэрбскія аналітыкі назвалі вынік нядзельных прэзыдэнцкіх выбараў «палітычным землятрусам».

Шмат каму біяграфія Нікаліча падаецца ня надта адпаведнай для прэзыдэнта сучаснай Сэрбіі, перад якой паволі адчыняюцца дзьверы ў Эўразьвяз. Нікаліч доўгі час належаў да кіраўніцтва ультранацыяналістычнай Радыкальнай партыі Сэрбіі, якая выступала супраць эўрапейскай інтэграцыі і за цесныя сувязі з Расеяй. Але калі Воіслава Шэшаля, лідэра Радыкальнай партыі, паставілі перад Міжнародным трыбуналам у Гаазе, Нікаліч у 2008 годзе стварыў сваю ўласную палітычную сілу — Сэрбскую прагрэсіўную партыю. З ультранацыяналіста Нікаліч ператварыўся ў памяркоўнага нацыяналіста эўрапейскай арыентацыі.

Пасьля папярэдняга аб’яўленьня ягонай перамогі на выбарах, Томіслаў Нікаліч заявіў, што Сэрбія пад яго кіраўніцтвам «не паверне з эўрапейскага шляху»:

«Я выканаю сваё абяцаньне: Сэрбія не паверне з эўрапейскага шляху, і Сэрбія хоча абараніць свой народ у Косаве і Мэтохіі. Гэтыя выбары не былі рэфэрэндумам ні за Эўразьвяз, ні супраць яго, а на іх вырашаліся ўнутраныя праблемы, створаныя Тадзічам і ягонай Дэмакратычнай партыяй».

«Унутраныя праблемы», пра якія згадаў Нікаліч, гэта перш за ўсё цяжкая эканамічная сытуацыя ў краіне (паводле афіцыйных зьвестак, сярэдняя месячная зарплата ў краіне — 480 даляраў) ды справа непрызнаньня Бялградам незалежнасьці Косава.

6 траўня, калі адбываўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў, сэрбы таксама выбіралі свой 250-мандатны парлямэнт. Парлямэнцкія выбары выйграла партыя Нікаліча, атрымаўшы 73 дэпутацкія мандаты, але аналітыкі кажуць, што ўрад хутчэй за ўсё створыць Дэмакратычная партыя Тадзіча ў кааліцыі з Сацыялістычнай партыяй, заснаванай былым прэзыдэнтам Слабаданам Мілошавічам.
XS
SM
MD
LG