Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, якая знаходзіцца зь візытам у Чыкага, на сустрэчы зь літоўцамі Амэрыкі папярэдзіла, што калі будзе ўзаконена падвойнае грамадзянства, у яго будуць імкнуцца і людзі «з Усходу», якія пражываюць «на тэрыторыях, якім мы яшчэ ня можам давяраць».

Прэзыдэнтка сказала, што яна сама хацела б, каб «было і заставалася як мага больш грамадзян Літвы».

«Але я хачу, каб вы зразумелі — гэтае пытаньне далікатнае ня толькі таму, што наша Канстытуцыя даволі строга прадугледжвае, каб такія выпадкі былі выключнымі і рэдкімі, але я таксама хачу нагадаць, што патэнцыйныя грамадзяне ў нас ёсьць ня толькі ў Амэрыцы і на Захадзе, але і на Ўсходзе», — сказала амэрыканскім літоўцам Грыбаўскайце.

«Прапанаваныя папраўкі да закону азначаюць, што падвойнае грамадзянства бяз працы могуць атрымаць і жыхары тэрыторыяў, якім мы, на жаль, яшчэ ня можам давяраць. Адчыняючы дзьверы, мы б адчынілі іх для ўсіх », - сказала Грыбаўскайце на сустрэчы, арганізаванай перад самітам НАТО ў Чыкага.

Яна адзначыла, што была вымушана накласьці вэта на закон аб падвойным грамадзянстве, калі атрымала высновы экспэртаў па канстытуцыйным праве.

Увосень 2006 году Канстытуцыйны Суд растлумачыў, што, згодна з Канстытуцыяй, выпадкі падвойнага грамадзянства павінны быць рэдкім выключэньнем, і абвясьціў, што нормы закону, які дапускае падвойнае грамадзянства больш шырока, супярэчаць асноўнаму закону краіны. Палажэньне аб літоўскім грамадзянстве знаходзіцца ў той частцы Канстытуцыі, зьмяніць якую можна толькі праз рэфэрэндум.

Паводле дзейнага Закону аб грамадзянстве, падвойнае грамадзянства можа быць дадзена тым, хто зьехаў з Літвы да аднаўленьня незалежнасьці ў 1990 годзе, а таксама тым, хто атрымаў грамадзянства аўтаматычна — з нараджэньнем або уступіўшы ў шлюб. Але людзі, якія маюць падвойнае грамадзянства з нараджэньня, стаўшы паўналетнімі, на працягу трох гадоў павінны вызначыцца, якое грамадзянства абраць. Падвойнае грамадзянства ня можа быць дадзена тым грамадзянам Літвы, якія па сваёй волі зьехалі зь Літвы пасьля аднаўленьня незалежнасьці 11 сакавіка 1990 і добраахвотна атрымалі грамадзянства іншай дзяржавы.

Сойм прыняў Закон аб грамадзянстве ў новай рэдакцыі, згодна зь якім падвойнае грамадзянства маглі б захаваць эмігранты, якія сталі грамадзянамі краін Эўрапейскага Зьвязу і НАТО, але прэзыдэнт наклала на яго вэта, аргумэнтуючы тым, што закон супярэчыць Канстытуцыі.
XS
SM
MD
LG