Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэзыдэнцыі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў Кэмп-Дэвідзе сёньня праходзіць другі дзень саміту Вялікай Васьмёркі

Удзельнікі – лідэры ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі і прэм'ер-міністар Расеі абмяркоўваюць захады для пераадоленьня эканамічнага крызісу ў ЭЗ на фоне палітычнага пату ў Грэцыі і пагрозы выхаду гэтай краіны з зоны Эўра.

Сёньня прэзыдэнт Грэцыі Каролас Папульяс распусьціў абраны 6 траўня парлямэнт і прызначыў новыя выбары. Чакаецца, аднак, што на новых выбарах партыі, якія выступаюць супраць жорсткіх антыкрызісных захадаў, умацуюць свае пазыцыі.

Таксама сёньня прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ўдзельнікі саміту "вялікай васьмёркі"пагадзіліся, што палітычны працэс у Сырыі "павінен прасоўвацца больш апэратыўна".

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі па Афрыцы Міхаіл Маргелаў, у сваю чаргу, падкрэсьліў, што пазыцыя Масквы аб недапушчальнасьці вайсковага ўмяшаньня ў Сырыю застаецца і нязьменнай і дадаў: "Сырыйскі крызіс нельга расьсекчы сякерай, яго можна паспрабаваць разабраць пінцэтам".

У суботу ахвярамі выбуху ў сірыйскім горадзе Дэйр-Эз-Зор на ўсходзе краіны сталі прынамсі 7 чалавек. Дзесяткі людзей атрымалі раненьні. Раней генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун зьвінаваціў Аль-Каіду ва ўмяшаньні ў канфлікт.

Гвалт у Сірыі працягваецца, нягледзячы на дзейны ўжо больш за месяц рэжым спыненьня агню, прадугледжаны мірным плянам міжнароднага пасланца Кофі Анана. З пачатку паўстаньня ў Сірыі ў сакавіку мінулага года там, па дадзеных праваабаронцаў, загінулі не менш за дзесяць тысяч чалавек.

Адносна Ірану Барак Абама заявіў, што міжнародная супольнасьць павінна працягваць камбінаваную палітыку санкцый і перамоваў з мэтай прадухіліць набыцьцё Тэгеранам ядзернай зброі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG