Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мусім атрымаць сваё на законных падставах»


Старшыня НПГ Сяргей Чаркасаў у офісе са сваімі супрацоўнікамі.

Старшыня НПГ Сяргей Чаркасаў у офісе са сваімі супрацоўнікамі.

Старшыня менскага аблвыканкаму Барыс Батура на паседжаньні 10 траўня публічна прызнаўся, што менскія ўлады прыкладаюць усе намаганьні, каб зьменшыць колькасьць сябраў незалежных прафсаюзаў.

У прыклад прывёў незалежны прафсаюз на «Беларуськаліі» — маўляў, яму 20 гадоў, і за ўвесь гэты час практычна нічога немагчыма зрабіць, каб іх стала меней хаця б на парадак. Як удаецца незалежнаму прафсаюзу такі доўгі час стрымліваць ціск уладаў?

Незалежны прафсаюз гарнякоў на Беларуськаліі летась адсьвяткаваў дваццацігодьдзе. Цяпер у яго ўваходзіць 4700 работнікаў, а ўсяго на Белкаліі працуе каля 19 тысяч чалавек. Кіруе прафсаюзам старшыня Сяргей Чаркасаў, які на пытаньне, як робяцца прафсаюзнымі босамі, адказвае проста: выбіраюць на прафсаюзным сходзе.

Чаркасаў скончыў салігорскі горна-хімічны тэхнікум. Адслужыў у войску і прыйшоў на Белкалій у 1987 годзе. Там жа працавалі і ягоныя бацькі. Падчас шахцёрскай забастоўкі далучыўся да прафсаюзу.

Чаркасаў: «На той момант заробак на Белкаліі быў на шостым-сёмым месцы ў горадзе. Была цякучка кадраў — людзі сыходзілі, езьдзілі на заробкі, на шабашкі. Катаржная, цяжкая праца пад зямлёй, высокі траўматызм і сьмяротнасьць».

Цяпер, паводле ягоных слоў, прадпрыемства працуе стабільна, узровень заробку высокі. Людзі пачуваюцца сацыяльна абароненымі, і ў гэтым вялікая заслуга прафсаюзу:

«Нягледзячы на тое, што прафсаюз стварыўся на хвалі рабочага пратэсту, была пабудаваная сапраўды моцная арганізацыя. Людзі, актыў прафсаюзу прыйшлі ня з тым, каб супраць некага змагацца, а каб адстойваць свае правы, абараняць сябе. І гэта грае на нашую карысьць. Мы гатовыя працаваць у межах існуючага заканадаства і адстойваць свае правы, а не выступаць супраць некага. Мы мусім атрымаць сваё на законных падставах. І для гэтага ў нас усё ёсьць. У нас упершыню было заключанае тарыфнае пагадненьне — ня нейкі пратакол пра намеры, а сапраўдны дакумант, які быў абавязковы для выкананьня і меў сацыяльныя гарантыі для работнікаў. І мы працягваем гэтую працу шляхам заключэньня калектыўнай дамовы. Гэта асноўны дакумант, якім мы ганарымся».

Сяргей Чаркасаў і старшыня рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага незалежнага прафсаюзу Натальля Міхнюкевіч.

Сяргей Чаркасаў і старшыня рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага незалежнага прафсаюзу Натальля Міхнюкевіч.

Абараняе незалежныя прафсаюзы Закон пра прафсаюзы. А ў калектыўнай дамове, якую НПГ падпісвае з кіраўніцтвам, прапісаныя ўсе ўмовы, на якіх працуюць работнікі Беларуськалію: ад заробку да спэцвопраткі. Б’юцца за кожны пункт. Якраз цяпер ідуць цяжкія перамовы.

Чаркасаў кажа, што пра тое, як ціснуць на прафсаюз, трэба пытацца ў самога Батуры. А вось чаму ён трымаецца, дык найперш таму, што за ім «слаўная, гераічная двацціцгадовая гісторыя», у якой былі і шахцёрскія стачкі, стачкамы, паходы на Менск.

У апошнія пяць месяцаў НПГ сапраўды адчуў на сабе моцны ціск. Калі да таго арганізацыя прырастала сябрамі, то за гэты пэрыяд страціла каля 150 чалавек. Хаця гэта і не такая вялікая лічба, але ўсё адно, як кажа Чаркасаў, за ёю кожны канкрэтны чалавек.

Прафсаюз існуе за кошт прафсаюзных унёскаў —а гэта 1% ад заробку. Які на Беларуськаліі сярэдні заробак, Чаркасаў не прызнаўся, але кажа, што пэнсія ў шахцёра — гэта каля 5% заробку. Відаць, заробкі не малыя. На прафсаюзныя ўнёскі ўтрымліваюць увесь прафсаюзны апарат: некалькі офісных пакояў у цэнтры Салігорску, два дзясяткі работнікаў, якія працуюць толькі на прафсаюз. Маюць інтэрнэт-сайт і выдаюць бюлетэнь «Рабочаму».

Афіцыны прафсаюз на Беларуськаліі таксама актыўны. І гэта, па словах Чаркасава, добра, бо ёсьць здаровая канкурэнцыя. Але колькасна ў ім у разы болей людзей — каля 12 тысяч.
Сяргей Чаркасаў у сваім кабінэце ў офісе НПГ.

Сяргей Чаркасаў у сваім кабінэце ў офісе НПГ.


Калі некалькі месяцаў таму на «Граніце» работнікі захацелі стварыць незалежны прафсаюз, адміністрацыя проста звольніла найбольш актыўных. Ці магчыма такое на Беларуськаліі?

Чаркасаў: «Людзям, якія там працуюць, ня так проста знайсьці замену. Гэта адмысловая вытворчасьць, асабліва шахтная, праца ўзбагачальнікаў, дзе проста так адмыслоўцам не станеш. Людзі гадамі навучаюцца і практыкуюцца. Сфэра горна-хімічнай прамысловасьці. Таму адразу апынуцца без такой колькасьці людзей — гэта проста спыніць прадпрыемства. Дурняў няма».
XS
SM
MD
LG