Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літвіна пераабраная старшынёй БАЖ


Жана Літвіна на зьезьдзе БАЖ
Жана Літвіна на зьезьдзе БАЖ

Жанна Літвіна пераабраная на пасаду Беларускай асацыяцыі журналістаў на VIII зьезьдзе БАЖ, які праходзіць 18 траўня ў Менску.

За яе кандыдатуру прагаласавалі 73 дэлегаты, 1 устрымаўся. Намесьнікамі старшыні БАЖ абраныя Андрэй Бастунец, Аляксандр Старыкевіч, Аліна Суравец і Святлана Калінкіна.

Зьезд Беларускай асацыяцыі журналістаў — восьмы па ліку — праходзіць у Менску. На яго сабраліся 76 дэлегатаў з усёй Беларусі. У праграме зьезду — справаздача пра дзейнасьць арганізацыі за апошнія тры гады, выбары кіраўніцтва і сталых камісіяў асацыяцыі.

Яшчэ да пачатку працы зьезду дзейная старшыня асацыяцыі Жанна Літвіна зьвярнулася да ўсіх прысутных з заклікам: «Думайце! Якой заўтра будзе арганізацыя, сёньня залежыць ад вас!» Нагодаю да такога звароту Літвіной сталі лісты, якія напярэдадні зьезду атрымалі электроннай поштай дэлегаты. У іх чарговы раз дыскрэдытавалася дзейнасьць БАЖа і ягонага кіраўніцтва.

Чарговы бажаўскі зьезд адбываецца на фоне ўзмацненьня рэпрэсіяў супраць незалежных журналістаў і іхнай асацыяцыі, а таксама шырокай кампаніі дыскрэдытацыі. На пачатку лютага Беларускае тэлебачаньне паказала прапагандысцкі фільм «БАЖ на баш», у якім БАЖ і яе старшыню падалі ў самым нэгатыўным сьвятле. Жанна Літвіна таксама ўключаная ў сьпіс 12 асобаў, якім забаронены выезд за межы Беларусі.

У справаздачы, якую прадставіла на зьезьдзе Жанна Літвіна, гаворыцца пра тое, што за апошнія тры гады асацыяцыя сутыкнулася з новымі выклікамі. Пераломным момантам стала прэзыдэнцкая выбарчая кампанія 2010 году. Як кажа Літвіна, для яе асабіста 19 сьнежня — гэта Рубікон: «да гэтага было адно жыцьцё, а пасьля стала іншае».

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 7 сябраў арганізацыі апынуліся пад крымінальным перасьледам, больш за два дзясяткі журналістаў былі затрыманыя, а 13 — асуджаныя па адміністратыўных справах. Адбыліся ператрусы ў рэдакцыях і прыватных кватэрах журналістаў. Пасьля іх журналісты не далічыліся 114 адзінак прафэсійнай тэхнікі. Сябры БАЖу Алесь Бяляцкі і Павал Севярынец пазбаўленыя волі; Сяргей Вазьняк, Аляксандар Фядута і Ірына Халіп цяпер пад наглядам, а журналістка Натальля Радзіна мусіла пакінуць краіну.

У якім становішчы прыйшоў БАЖ да зьезду, распавядае Андрэй Бастунец, намесьнік старшыні БАЖ:
Цяпер сярэдні ўзрост сябраў асацыяцыі маладзее.

«У працаздольным стане. Нягледзячы на тое, што апошнім часам на арганізацыю адбываўся ціск, але гэта звычайная справа для Беларусі. Думаю, што перадсьвяточны настрой ва ўсіх, бо зьезд — гэта момант аднаўленьня. Што да колькасьці сяброў арганізацыі, то ідуць супрацьлеглыя працэсы: хтосьці сыходзіць з прафэсіі, сыходзіць з арганізацыі. Шмат хто прыходзіць. Гэта якраз маладыя людзі, якія працуюць у інтэрнэце. Цяпер сярэдні ўзрост сябраў асацыяцыі маладзее».

Напярэдадні зьезду шырокі розгалас атрымала выказваньне былога палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі, які ў інтэрвію газэце «Народная воля» заявіў, што нібыта «80% незалежных журналістаў завэрбаваныя КДБ». Ці варта на зьезьдзе разглядаць падобныя заявы, адказвае Аляксандар Старыкевіч, намесьнік старшыні БАЖ:

«Заява Бандарэнкі нічым не падмацаваная, разглядаць гэта ўсур’ёз проста немагчыма. Магчыма, Бандарэнка мяркуе па сваім атачэньні, але гэтая сытуацыя ня мае да БАЖу ніякага дачыненьня. Наўрад ці БАЖ здольны стварыць у сёньняшняй Беларусі курортныя ўмовы для працы журналістаў — гэта па-за межамі магчымасьцяў арганізацыі. БАЖ ставіць перад сабой рэальныя задачы, і крок за крокам мы рухаемся наперад».

Галоўная задача БАЖа — разьвязаньне прафэсійных пытаньняў. Гэта і абарона правоў журналістаў, і прасоўваньне стандартаў журналісцкай працы, і праблемы журналісцкай этыкі.

Інтэрнэт-журналістыка, мультымэдыя, суіснаваньне друкаваных і он-лайнавых мэдыяў — вось да якіх тэмаў найчасьцей зьвярталіся ў сваіх выступах удзельнікі зьезду. Жанна Літвіна адзначыла, што на мінулым зьезьдзе пра гэта гаварылі ня так шмат. Па яе словах, выхад у інтэрнэт-прастору дазволіў шмат якім выданьням падвысіць сваю аўдыторыю ў 2–3 разы, а ў пэрыяд найбольш важных падзеяў наведвальнасьць такіх выданьняў падвышалася ў 5–6 разоў.

Рэдактар мультымэдыйнага часопіса «34» Ірына Віданава кажа:
Сёньня новыя мэдыі актыўна інтэграваныя ў БАЖ, і ў гэтым пляне мы адзін аднаму дапамагаем.

«БАЖ дапамагаў у вельмі важны пэрыяд, калі мы пераходзілі з друкаванага фармату ў мультымэдыйны. У нас было шмат самага рознага кшталту праблемаў зь беларускімі ўладамі, і без дапамогі БАЖ — і прававой, і маральнай — гэты пераход мог бы і не адбыцца. І я думаю, што мы ўсе разам апошнія тры гады праходзілі эвалюцыю, калі новыя мэдыі выходзілі зь ценю, у якім бачыліся як нешта незразумелае — ці то журналістыка, ці то блогерства. Ніхто ня мог зразумець, дзе мы. Сёньня новыя мэдыі актыўна інтэграваныя ў БАЖ, і ў гэтым пляне мы адзін аднаму дапамагаем».

Жанна Літвіна кажа, што 2011 год быў удвайне цяжкі для журналістаў: з аднаго боку, узмацніліся рэпрэсіі, з другога — ударыў эканамічны крызіс. Шмат якія выданьні былі пастаўленыя на мяжу выжываньня менавіта з фінансавых прычынаў, але, як з гонарам адзначыла старшыня БАЖ, ніводнае з выданьняў праз гэта не зачынілася.

Гаварылі і пра праблемы рэгіянальных журналістаў. Варта адзначыць, што з 1030 сяброў БАЖу 490 працуюць якраз ня ў Менску. Рэдактар «Газэты Слонімскай» Віктар Валадашчук сказаў на зьезьдзе, што мясцовыя журналісты больш залежныя ад уладаў, па іх мацней б’е эканамічны крызіс — у рэгіянальных рэдакцыях мізэрныя заробкі. І проста не хапае супрацоўнікаў. Як жартуе сам Валадашчук: «У маёй рэдакцыі ня піша толькі мой сабака».

Усімі гэтым пытаньнямі, як і шмат якімі іншымі, БАЖ будзе займацца ў бліжэйшыя гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG