Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які лёс чакае музэй Белага ў Старых Дарогах?


Анатоль Белы ля свайго музэю.
Анатоль Белы ля свайго музэю.

18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музэяў. У гэты дзень мы пацікавіліся лёсам прыватнага музэя, які заснаваў у Старых Дарогах грамадзка-культурны дзеяч і калекцыянэр Анатоль Белы, які памёр паўгоду таму. Анатоль Белы сабраў каля 1700 твораў беларускага мастацтва.

Мастацкі музэй і культурна-асьветніцкі клюб «Спадчына», якія стварыў пры сваім жыцьці Анатоль Белы, — найлепшая па ім памятка. На сёньня багатая прыватная калекцыя па-ранейшаму месьціцца ў чатырох драўляных будынках, дзе абсталяваныя 8 заляў.

Цяпер прыватны музэй выяўленчага мастацтва не працуе. Пра гэта нам сёньня сказала тутэйшая жыхарка спадарыня Ірына. Яна згадвае, што цяперашні ўласьнік музэю, дачка Анатоля Белага Сьвятлана, вельмі рэдка наведвае Старыя Дарогі:

«Яна ж ня тут пражывае…»

Карэспандэнт: «А можа, адбываюцца экскурсіі на папярэднія замовы?»

«Не, не…».

Пра цяперашнюю сытуацыю ў музэі і вакол яго распавяла «Свабодзе» грамадзкая актывістка з суседняга Слуцку Зінаіда Цімошчык. Паведаміла яна й пра запавет Анатоля Белага:

«Ён вельмі хацеў паставіць у Слуцку помнік тутэйшым змагарам, слуцкім паўстанцам. Але быў упэўнены, што ўлады зрабіць гэта не дазволяць. Таму зьвяртаўся да нас, прасіў, каб знайшлі прыватніка, які дазволіў бы на сваім прыватным участку ўсталяваць такі помнік, бо на той час быў ужо зроблены макет такога помніка. На жаль, задума не атрымалася. Землякі, якія маюць прыватныя ўчасткі, запалоханыя магчымымі наступствамі з боку ўлады…»

Спадчына Анатоля Белага не павінна быць рассыпаная, не раструшчыцца. І ў гэтым магло пасадзейнічаць Міністэрства культуры.

Пра спадчыну Анатоля Белага разважае яго сябра, мастак і грамадзкі дзеяч Аляксей Марачкін:

«Гэты чалавек-энтузіяст пайшоў з жыцьця ў вечнасьць, і, натуральна, узьнікаюць пытаньні, хто і як будзе апекавацца і што будзе далей зь яго музэем? Усё-ткі ён мне пры жыцьці казаў, што склаў тастамэнт, што апекавацца спадчынай будзе дачка Сьвятлана. Цяпер яна жыве за мяжой. Таксама я чуў, што ў Старых Дарогах жыве блізкі сваяк і ён мае ключы ад музэю…

Але я мяркую, што мусіць быць занатавана ў дакумэнтах, што спадчына Анатоля Белага не павінна быць рассыпаная, не раструшчыцца… І ў гэтым магло пасадзейнічаць Міністэрства культуры. Але я так мяркую, што супрацоўнікам гэтага ведамства няма калі далучыцца, бо яны занятыя клопатамі з абслугоўваньнем „Дажынак“, фэстаў „Славянскі базар“ і „Эўрабачаньня“… Па-другое, мясцовае начальства таксама ўхіляецца.

Я ўпэўнены, што калекцыя такога маштабу павінна быць занатаваная ў дакумэнтах і павінна ахоўвацца дзяржавай. Не на карысьць усяму беларускаму народу будзе страціць такі асяродак для духоўнага выхаваньня беларусаў».

Дакумэнтальны фільм «Беларусь – мой музей. Анатоль Белы»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG