Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыёмных дзяцей хочуць пераразьмеркаваць, каб зэканоміць


Помнік мастаку Бялыніцкаму-Бірулю ў Бялынічах.
Помнік мастаку Бялыніцкаму-Бірулю ў Бялынічах.
У Бялыніцкім раёне трыццаць сем’яў маюць прыёмных дзяцей. У пятнаццаці зь іх — па адным дзіцяці. Прыёмныя бацькі занепакоеныя плянамі чыноўнікаў, бо даглядаюць гадаванцаў па некалькі год і тыя ім сталі як родныя.

«Яны паставілі пытаньне, што пятнаццаці бацькам па адным дзіцяці немэтазгодна ўтрымліваць. Трэба гэтых дзяцей забраць, а ў сем’ях каб было хаця б па два дзіцяці. Яны палічылі, што можна зэканоміць такім чынам у год 100 мільёнаў рублёў на нас. Гэта ж што — валізка з вопраткай, якую можна з адной камэры пераставіць у другую? Гэта ж дзіця. Яно ж ужо прывыкла да адной сям’і», — абураецца адна з прыёмных маці.

У суразмоўніцы запытаўся, ці атрымліваюць прыёмныя бацькі грошы на дзяцей:

«На адзеньне і харчаваньне мы атрымліваем па 760 тысяч. Мільён пяцьсот я атрымліваю заробку. Але мы трацім на дзяцей значна большыя сумы. Вось летась, калі быў крызіс, калі павялічыліся цэны ў тры разы, мы дапамогу атрымлівалі 450 тысяч да сёлетняга студзеня. І трэба было сабраць у школу дзяцей па новых цэнах і пракарміць іх».

Жанчына лічыць, што дзяржава й так эканоміць на прыёмных сем’ях:

«Дапусьцім, прытулкі ёсьць, інтэрнаты ёсьць — колькі там выдаткоўваецца на ўтрыманьне аднаго дзіцяці? Я так падлічыла — калі васьмі мільёнаў. Там жа пэрсанал, там жа прачку трымаюць і кухара. Выхавацелек, дырэктара, яго намесьніка».

У райвыканкаме абвяргаюць, што зьбіраюцца пераразьмяркоўваць прыёмных дзяцей і эканоміць на іх.

«У нас была нарада з прыёмнымі бацькамі. Праверка пракуратуры паказала, што ў нас пяцьдзясят працэнтаў прыёмных сем’яў, дзе па адным дзіцяці. Але гэта ж не азначае, што мы іх будзем закрываць і разьмяшчаць у нейкія іншыя сем’і. І я ім патлумачыла: «Вы зразумейце правільна. Мы будзем вывучаць сытуацыю», — распавяла супрацоўніца раённага аддзелу адукацыі.

Як патлумачылі ў райвыканкаме, днямі на калегіі абласной пракуратуры будуць разглядаць пытаньне аб «не зусім рацыянальным расходаваньні бюджэтных сродкаў на ўтрыманьне прыёмных сем’яў у Бялыніцкім раёне, выяўленае згаданай праверкай».

У Міністэрстве адукацыі, куды «Свабода» зьвярнулася па камэнтар адносна сытуацыі з прыёмнымі сем’ямі ў Бялыніцкім раёне, супрацоўніца міністэрства Юлія Ваніна зазначыла:

«Тут вам наўрад ці так хутка нешта высьветляць. Таму што калі гэтая праблема толькі пачалася, то пакуль яна да нас дойдзе, будзе ў лепшым выпадку панядзелак. Але ня выключана, што гэта гісторыя з шэрагу „як заўсёды“. Бо калі потым пачынаеш разьбірацца з гэтымі пытаньнямі, высьвятляецца, што чалавек, які скардзіцца, — п’е, ці, наадварот, тыя п’юць, і г. д. Карацей, нехта некаму не дагадзіў. Ня так усё проста, як падаецца на першы погляд. Мне гэтымі лістамі, скаргамі забілі ўвесь інтэрнэт. Таму трэба разьбірацца на месцы. Я ведаю дакладна, што трэба тэлефанаваць туды, лепш нават у аблвыканкам, бо звычайна такімі пытаньнямі выканкамы займаюцца, а ня самі камітэты па адукацыі».

А ці існуюць нормы, якія вызначаюць, колькі ў прыёмнай сям’і павінна быць дзяцей? З такім пытаньнем «Свабода» зьвярнулася да кіраўніка дабрачыннага аб’яднаньня «Надзея Дзецям» Леаніда Скорабагатага. Аб’яднаньне апякуецца прыёмнымі сем’ямі ў Беларусі.

Скорабагаты: «Ад аднаго да чатырох, улічваючы сваіх. Зараз уносяцца зьмены ў кодэкс „Аб шлюбе і сям’і“, і там будзе норма — ад аднаго да чатырох, акрамя сваіх».

А як часта раённыя адміністрацыі імкнуцца ўзбуйніць прыёмныя сем’і, каб, дапусьцім, зэканоміць грошы на іх утрыманьне?

Скорабагаты: «Ёсьць такія пастаянна ініцыятывы, каб укамплектаваць сем’і, каб было да чатырох дзяцей. Тут трэба глядзець, наколькі здольны гэты чалавек гэтых дзяцей выхаваць. Ёсьць сем’і, дзе было па чатыры, пяць квадратных мэтраў на чалавека. Там дзеці былі як селядцы ў бочцы. А іх усё даўкамплектоўваюць і даўкамплектоўваюць. І ніхто не глядзіць на тыя нормы. А калі раптам адміністрацыя пастановіць — ня трэба ў сям’ю дзяцей даваць, то тады скажуць: «Ага, у вас няма пятнаццаці мэтраў на чалавека — значыць, не дамо».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG