Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нават адзін кубачак кавы на дзень крыху зьмяншае верагоднасьць сьмерці. Пра новае маштабнае дасьледаваньне, якое зноў пацьвярджае карысьць кавы, піша газэта « The Washington Post --> http://www.washingtonpost.com/national/health-science/coffee-buzz-java-drinkers-live-longer-big-study-finds-regular-and-decaf-are-equally-good/2012/05/16/gIQAb7XLUU_story.html?hpid=z3 ».

Дасьледаваньне пачалося ў 1995 годзе. У ім прымалі ўдзел сябры Амэрыканскай асацыяцыі пэнсіянэраў ва ўзросьце ад 50 да 71 году. Людзі, што мелі сардэчныя хваробы, інсульт, рак або харчаваліся незвычайна, не былі ўключаныя ў кола дасьледаваньня. Каля 10 працэнтаў з 402 260 назіраных пэнсіянэраў не пілі каву наогул. Большасьць пілі па два-тры кубачкі на дзень, некаторыя — шэсьць і больш.

Да 2008 году 52 000 удзельнікаў дасьледаваньня памерлі. У параўнаньні з тымі, хто ня піў каву, верагоднасьць сьмерці ў любым узросьце сярод мужчын, якія пілі па два-тры кубкі кавы, была на 10 працэнтаў меншай. Сярод жанчын гэты паказьнік склаў 13 працэнтаў. Самы моцны эфэкт назіраўся сярод жанчын, якія пілі па чатыры-пяць кубачкаў на дзень — у іх рызыка сьмерці зьмяншалася на 16 працэнтаў. Каля дзьвюх трацінаў удзельнікаў дасьледаваньня пілі звычайную каву, астатнія — каву без кафэіну. Адзначаецца, што тып кавы ніяк не паўплываў на вынікі.

Спачатку ў вучоных з Нацыянальнага інстытуту здароўя складвалася ўражаньне, што верагоднасьць памерці раней была якраз у тых, хто каву п’е. Гэтыя людзі таксама мелі звычку курыць, піць больш алькаголю, есьці больш чырвонага мяса і менш займацца спортам. Зноў пацьвердзіўшы карысьць кавы, аўтары дасьледаваньня тым ня менш ня могуць сказаць, колькі дадатковых год спажываньне кавы вам можа дадаць.

Аўтары таксама заклікаюць да асьцярожнасьці. Яны падкрэсьліваюць, што даказаная ўзаемазалежнасьць паміж кавай і працягласьцю жыцьця, але не даказана, што ад кавы даўжэй жывуць. Дактары раяць таксама ўжываць фільтраваную каву, а не вараную, бо ў працэсе фільтрацыі выдаляюцца рэчывы, якія могуць уплываць на павышэньне дрэннага халестэрыну. Варта таксама сачыць за колькасьцю цукру і вяршкоў, бо гэта дадатковыя калёрыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG