Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ў новым дакладзе прагназуе, што рост эканомікі ў 2012 годзе замарудзіцца і складзе 3,1 працэнта. Прагноз у кастрычніку 2011 году быў 4,8 працэнта.

Тым ня менш, паводле аўтараў дакладу, рост эканомікі некаторых пераходных краін у трэцім квартале 2011 году стаў сюрпрызам.

Лідэрамі росту сярод краінаў ЭЗ сталі Румынія і Латвія. У Беларусі ў параўнаньні з папярэднім кварталам выпуск прадукцыі скараціўся амаль на 4 працэнты, што стала вынікам уплыву фінансавага крызысу на рэальны сэктар эканомікі.

Эканоміка Беларусі стабілізуецца пасьля глыбокага, палітычна матываванага крызысу плацёжнага балянсу, адзначаецца ў дакладзе, распаўсюджаным сёньня. Валютны рынак краіны значна нармалізаваўся пасьля таго, як Нацыянальны банк увёў адзіны абменны курс у кастрычніку, зрабіў больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку і зьнізіў мэтавае крэдытаваньне. Ільготныя крэдыты з фонду стабілізацыі СНД і крэдыты ад Расеі былі выкарыстаны для папаўненьня крытычна нізкіх зьнешніх рэзэрваў.

Тым ня менш, надзейная і пасьлядоўная праграма стабілізацыі яшчэ не была абнародаваная. Пакуль яшчэ невядома, ці змогуць улады падтрымліваць фіскальную і манэтарную дысцыпліну, неабходную, каб прадухіліць далейшую пагрозу нестабільнасьці, адзначаецца ў дакладзе.

ЭБРР быў створаны ў траўні 1990 году. Мэта працы гэтага міжнароднага фінансавага інстытуту – падтрымка разьвіцьця рынкавай эканомікі ва Ўсходняй Эўропе і краінах былога СССР. Пазьней банк таксама разгарнуў свае апэрацыі ў Турцыі і Манголіі.
XS
SM
MD
LG