Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзіцах ня хочуць, каб гісторыя паўтаралася ў выглядзе аўдыёдрамы


Мэмарыял у Лідзіцах

Мэмарыял у Лідзіцах

Да 70-годзьдзя спаленьня фашыстамі чэскай вёскі Лідзіцы рыхтуецца інтэрактыўная экскурсія на дзьвюх мовах – па-чэску і па-нямецку.  Мясцовыя, аднак, ня цалкам ідэю падтрымліваюць.

Аўдыёдрама мела б прыпамінаць гукавую атмасфэру ў вёсцы напярэдадні яе трагічнага дня -10 чэрвеня 1942 году. Праз спэцыяльна прыстасаваныя мабільныя тэлефоны наведнікі памятных мясьцінаў маглі б пачуць размову вяскоўцаў на тагачасныя тэмы, гукі касьцельнага звону, гудзеньне пчол... Літаратурны тэкст для праекту напісала чэская перакладчыца і пісьменьніца, якая жыве ў Нямеччыне, Тэрэза Сэматамава. Нямецкую і чэскую вэрсію тэксту начыталі дзясяткі артыстаў з абедзьвюх краінаў.



Аднак пасьля сёньняшняй прэзэнтацыі запісаў многія з лідзіцкіх сем’яў пачалі выказваць сумнеў і нязгоду. Перадусім ім падаецца, што такая мастацкая форма не выказвае досыць павагі да памяці ахвяраў, а часам і грунтуецца на неправераных фактах. Старастка цяперашніх Лідзіцаў Вэраніка Кэлнэрава кажа, што вяскоўцы не настойваюць на адмене акцыі, але на перапрацоўцы тэксту. Плянавалася, што ўпершыню аўдыёдрама “Званы. Лідзіцы 2012” будзе мець прэм’еру 9 чэрвеня, напярэдадні 70-й гадавіны трагедыі.

У Лідзіцах перад вайной жылі каля 500 жыхароў. Вёску нацысты выбралі дзеля акцыі помсты за забойства рэйхспратэктара Багеміі і Маравіі Райнгарта Гейдрыха. 10 чэрвеня 1942 году ў часе карнай апэрацыі ўсе прысутныя 173 мужчыны былі расстраляныя, жанчыны і дзеці адвезеныя ў канцлягер, а будынкі спаленыя. Частка дзяцей потым была адабраная дзеля “перавыхаваньня” і анямечваньня, астатнія пазьней ліквідаваныя ў газавых камэрах. Больш як 50 жанчын загінулі ў канцлягерах і на этапах да іх. Усяго ахвярамі карнікаў сталі 340 лідзіцкіх жыхароў.
Насуперак фашыстоўскім плянам цалкам сьцерці вёску з твару зямлі, жыцьцё тут у 50-я гады адрадзілася. Новыя будынкі былі пастаўленыя за некалькі сотняў мэтраў ад ранейшых. Трагічны лёс Лідзіц прыпамінае мэмарыял з помнікам, вялікі парк з клюмбамі ружаў.
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

XS
SM
MD
LG