Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкавічы: міліцыю турбуе відэа ў інтэрнэце, а ня факт гвалту


Канстанцін Рудзеня з сяброўкай Натальляй

Канстанцін Рудзеня з сяброўкай Натальляй

У Калінкавічах супрацоўнікі пракуратуры й міліцыі палохаюць мясцовую моладзь адказнасьцю за распаўсюд у інтэрнэце відэа пра зьбіцьцё міліцыянтамі 1 траўня аднаго з удзельнікаў моладзевай бойкі ў парку культуры й адпачынку.

Маладыя гараджане ня толькі выклалі ў інтэрнэце відэа пра першатравеньскі інцыдэнт у парку культуры й адпачынку, але й стварылі «Ўкантакце» групу падтрымкі 17-гадовага Кастуся Рудзені, зьбітага міліцыяй.

Апавядае дзевяціклясьнік Павал:

«Стварыў я групу „Ўкантакце“ і падпісаў „Канстанцін Рудзеня“. Пачаў запрашаць у групу людзей, потым яны самі сталі далучацца. Пасьля дадаў відэа — тое, якое скінулі наконт 1 траўня».

Павал апавёў, што яго ды шэраг іншых маладзёнаў выклікалі ў міліцыю:

«Нас выклікалі ў наш Калінкавіцкі РАУС, мяне й Наташу. Пыталіся пра відэа і групу „Ўкантакце“, і каб мы павыдалялі відэа з інтэрнэту. Казалі мне: выдалі відэа, а то Наташы й Косьцю будзе горш. Пыталіся, хто выклаў відэа, але я ня ведаю, хто яго дадаў».

Сьведкамі гвалтоўнага затрыманьня міліцыяй Кастуся Рудзені ў парку перад касай на атракцыёны былі дзясяткі гараджанаў, у тым ліку й ягоная сяброўка Наташа, адзінаццаціклясьніца мясцовай школы:

«У міліцыю выклікалі — мы паказаньні давалі. Сюды й гомельскія прыяжджалі, казалі, што пракуратура. Распытвалі, адкуль у інтэрнэце на маёй старонцы ўзялося відэа, хто здымаў, хто першы выклаў. Потым мне сказалі, што наагул мы ня мелі права здымаць у той час, калі, як яны казалі, ішло затрыманьне. Ну, пасьля пачалі казаць, што з-за таго, што я выклала відэа, мне будзе складана паступіць вучыцца далей, што мяне могуць на ўлік паставіць, штраф даць».

На такія захады міліцыі ў дзяўчыны ёсьць сваё тлумачэньне:

«Я думаю, што спрабавалі мяне запалохаць. Магчыма, каб я паказаньні зьмяніла ці яшчэ што. Альбо наагул адступіла і не ішла як сьведка, я так думаю. І вось атрымліваецца: відэа здымаў увесь горад, а выклікаюць толькі нас, хто ідзе па гэтай справе сьведкамі».

Школьніцу Юлю выклікалі на гутарку разам з сацыяльным пэдагогам:

«Па мяне прыехала машына, і завезьлі яны нас у міліцыю. У міліцыі распытвалі, зь якой мэтай было загружана відэа. Чаго я хацела дамагчыся, загрузіўшы відэа, дзе я яго ўзяла, хто здымаў, хто й як загрузіў камэнтары. Відаць, шмат касякоў у міліцыі атрымалася на 1 траўня. Мне падаецца, таму і пачалі чапляцца да дробязяў, нават і да відэа ў інтэрнэце».

Маці Кастуся Аксана Рудзеня толькі дзівіцца такому павароту падзеяў — па сутнасьці, перасьледу моладзі за распаўсюд інфармацыі, нявыгаднай уладам:

«Я калі зьвярнулася ў пракуратуру, я лічыла, што яны будуць сапраўды правяраць дзеяньні міліцыянтаў, якія ўчынілі супрацьпраўныя дзеяньні ў дачыненьні да майго сына. Як высьвятляецца, яны пачалі правяраць тых дзяцей, якія дапамаглі майму сыну надаць гэтаму ўсяму розгалас. Нам нашкодзілі, а сёньня атрымліваецца, што мы й вінаватыя».
XS
SM
MD
LG