Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыягназ Сяргея Каваленкі: «Псыхічных хваробаў ня мае»


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Сяргея Каваленку ў віцебскім сьледчым ізалятары наведаў адвакат. Жонка вязьня Алена Каваленка паведаміла зьвесткі, якія ёй сталі вядомыя пасьля размовы з адвакатам.

«Працягвае трымаць галадоўку, важыць зноў менш за 60 кіляграмаў. Але кажа, што арганізм да галадоўкі прызвычаіўся і пачынаць усё зноў было нескладана. Паведаміў, што ў яго, магчыма, разьвіваецца цукровы дыябэт — падобныя прыкметы. Напісаў заяву на тое, каб яго адвезьлі заўтра ў суд на разгляд касацыйнай скаргі, але адказу пакуль ня мае. Мяркуе, што, хутчэй за ўсё, не павязуць».

18 траўня ў Віцебскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі на прысуд. Амаль два месяцы таму падобны разгляд спынілі, каб правесьці псыхіятрычную экспэртызу Сяргея Каваленкі. «Мне ўжо вядомае заключэньне дактароў. Адносна псыхічнага стану там напісана, што «псыхічных хвароб ня мае». У характары адзначаны залішняя самаўпэўненасьць і імпульсіўнасьць. Таксама напісана пра «нізкую падпарадкавальнасьць», — паведаміла Алена Каваленка.

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне ўмоў адбыцьця «хатняй хіміі», якую ён атрымаў пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. 8 траўня Сяргей Каваленка на знак пратэсту абвясьціў чарговую галадоўку. Мінулая галадоўка вязьня цягнулася зь сярэдзіны сьнежня да канца сакавіка зь перапынкам на 20 дзён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG