Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Анатолю Красоўскаму споўнілася б 60 гадоў


Анатоль Красоўскі. Архіўны здымак з сайту "Wе remember" ("Мы памятаем").

Анатоль Красоўскі. Архіўны здымак з сайту "Wе remember" ("Мы памятаем").

Сёньня Анатолю Красоўскаму споўнілася б 60 гадоў. Анатоль Красоўскі гвалтоўна зьнік 16 верасьня 1999 г. Ягоны лёс да гэтага часу невядомы.

Анатоль Красоўскі нарадзіўся 17 траўня 1952 года ў Крупках Мінскай вобласьці. Скончыў фізычны факультэт БДУ. Пэдагог, кандыдат філязофскіх навук, аўтар дзесяткаў навуковых працаў і шэрагу навучальных дапаможнікаў, распрацоўшчык школьнага курсу «Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця». З пачатку дзевяностых -- буйны прадпрымальнік, выдавец масавых часопісаў "Я + Я», «Ідэал» і іншых. Займаўся дабрачыннасьцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадзкіх арганізацый Беларусі, у тым ліку і палітычна незалежным. Вядомы як асабісты сябра віцэ-сьпікера Вярхоўнага савета 13-га скліканьня Віктара Ганчара.

У часе 104-ай сэсіі ў канцы сакавіка 2012 Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэньне адносна справы аб недабраахвотным зьнікненьні Анатоля Красоўскага. Камітэт асудзіў афіцыйны Менск за адмову старанна расьследаваць гвалтоўнае зьнікненьне Анатоля Красоўскага і прыняць адэкватныя меры па выпраўленьню становішча. Згодна з рашэньнем Камітэту, Беларусь абавязаная прыняць эфэктыўныя меры, уключаючы добрасумленнае расьследаваньне фактаў, крымінальны перасьлед і пакараньне вінаватых, а таксама даць адэкватную інфармацыю сваякам зьніклых і гарантаваць ім кампэнсацыю.

Дзяржава Беларусь мае 180 дзён для таго, каб паставіць у вядомасьць ахвяр зьнікненьня і Камітэт па правах чалавека ААН аб прынятых мерах. У выпадку адсутнасьці адэкватнай рэакцыі Камітэтам будзе прызначаны адмысловы дакладчык, адказны за прававую камунікацыю з Беларусьсю, які будзе дамагацца выкананьня афіцыйным Менскам сваіх абавязкаў, нагадвае грамадзянскай ініцыятыва "Мы памятаем".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG