Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня ў Беларусі павялічаныя кошты закупу на асноўныя прадукты харчаваньня: хлеб, малако й мяса. Найбольш падаражэла мяса — адразу на 35 працэнтаў. Гэта значыць, што пасьля дадатковых нацэнак у гандлі кіляграм якаснай сьвініны й ялавічыны будзе каштаваць звыш 100 тысяч рублёў.


Берасьцейшчына


Жыхары Берасьця і рэгіёну кажуць, што ня дзівяцца падаражэньню мяса, бо яно даўно ператварылася ў далікатэс. Пэнсіянэры ж даводзяць, што больш церпяць ад дарагоўлі малака.

Ажыятажнага попыту ў рэгіёне на мяса няма, хоць берасьцейцы, якіх апытваю ля рынку, пра падаражэньне ўжо ведаюць:

— А што ў нас таньнее? Ведаеце, пра гэта не задумваюцца. Будзем набываць меней. Ну, я пайшла, купіла гародніны і вось такі кавалачак мяса — 200 грамаў…

— Я па мясным аддзеле не хадзіла, але чула такую навіну, у інтэрнэце прачытала… Проста мы вось крыху закупіліся з заробку.

Пэнсіянэры кажуць, што больш іх абурае рост цэнаў на малако: маўляў, мяса і так купляюць рэдка:

— Каб малако ў такую цану было?.. Гэта вывозяць у Расею… Ну, цяпер радзей купляем, раней часта куплялі.

— Калі б вывазу не было, нам бы свайго малака хапіла б. Але ў нас жа вывозяць. У тую ж Расею, у тую ж Украіну. Тады б цэны былі ніжэйшыя. Але цяпер мы раўняемся, як кажуць, на цэны бліжняга замежжа.

Некаторыя берасьцейскія пэнсіянэры вінавацяць у дарагоўлі малака мясцовага вытворцу — ААТ «Савушкін прадукт»:

«Гэта ж усё захапіў, гэты, „Савушкін“ усё забраў. І Кобрын забраў… Ну, „Савушкін“ гэту фабрыку ў Кобрыне малочную забраў».

Намесьніца генэральнага дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю ААТ «Савушкін прадукт» Алена Бабкіна кажа, што ў падаражэньні малака вінаваты ня вываз прадуктаў у Расею, а рост коштаў закупу:
Калі чакаць, што прадпрыемства ўвесь час будзе за ўласныя сродкі пакрываць „дзіркі“ сацыяльныя, то гэта нерэальна.

«Закупны кошт аднаго літру малака, сярэдні закупны кошт па прадпрыемстве — 2970 рублёў. Зыходзячы з гэтага і фармуецца цана. Калі чакаць, што прадпрыемства ўвесь час будзе за ўласныя сродкі пакрываць „дзіркі“ сацыяльныя, то гэта нерэальна — выпускаць малако на страту сабе. Гэта мінус 65% рэнтабэльнасьці. А на Расею прадукцыя, вядома ж, прадаецца, але такое таннае малако туды не прадаецца. Прадукцыя, якая ідзе на Расею, дазваляе нам закрываць тыя страты, якія мы атрымліваем пры продажы малочнай прадукцыі ў Беларусі».


Гарадзеншчына


Вось якую рэакцыю ў жыхароў Горадні выклікала навіна пра чарговае падвышэньне цэнаў на асноўныя прадукты харчаваньня.

Спадарыня: «Я толькі што пачула пра мяса. На трыццаць пяць працэнтаў. Гэта ж толькі нядаўна даражэла! Колькі можна ўжо! Я ня ведаю нават, што казаць: немагчыма далей ні жыць, ні існаваць. Адно існаваньне ў нас, вы разумееце? А што рабіць, што мы зробім? Значыць, урад лічыць, што так трэба: пэнсію дабавілі — і цэны пайшлі. І вы думаеце, што гэта мяжа? Гэта ж не мяжа!»

Маладая спадарыня: «Я думаю, для ўсіх гэта ненармальна, але таньней ужо ня будзе. Па-мойму, гісторыя гэта паказала. Будзем выкручвацца неяк, будзем купляць. Бязь мяса ўсё роўна не пражывеш».

Спадарыня: «Вы ўяўляеце: я толькі пачула пра гэта. Толькі ж у нядзелю хлеб падаражэў! Гаварылі ж: на першай неабходнасьці прадукты цэны падвышацца ня будуць. А тут кожныя пяць дзён цэны падвышаюць, да якіх часоў гэта будзе? Малако: хіба пэнсіянэру можна купіць па шэсьць чатырыста? А калі яшчэ зараз на пяць працэнтаў падаражэе — ну што гэта? Невыноснае жыцьцё. І ўжо жыць ня хочацца…»

Пэнсіянэрка: «Я ня маю паняцьця, калі гэта скончыцца!»

Другая пэнсіянэрка: «На такую пэнсію не куплю, канечне. Самая малая пэнсія ў мяне — дзевяцьсот тысяч. Ну, часам купляем, канечне. Хочацца ж нешта купіць: сасіску, каўбаскі трошку купіш, але гэта зрэдзьчасу. Звычайна тады, калі атрымаеш пэнсію, а потым ужо не атрымліваецца».

Пэнсіянэр: «Сёньня абвясьцілі. Гэта да дабра не прывядзе, я гляджу».

Спадар: «Ведаеце, я магу сказаць толькі так, што ў нас правяць краінай альбо няздары, альбо ворагі народу. Вось і ўсё!»

Другая маладая спадарыня: «Ніякіх эмоцый гэта больш не выклікае. Ня ведаю, напэўна, таму, што чалавек да ўсяго прывыкае. Таму спачатку яшчэ быў нейкі неспакой, нічога дзіўнага».

Другі спадар: «Ды колькі можна падвышаць? Заробкі трэба падвышаць у першую чаргу, а ня цэны. Што заробкі жабрацкія ў людзей, вось што мне не падабаецца».


Пракамэнтаваць праблемную сытуацыю «Свабода» запрасіла вясковага жыхара Івана Галубовіча зь Меншчыны, вядомага гомельскага фэрмэра Міхаіла Шруба й незалежнага эканаміста Міхаіла Залескага зь Менску.


Іван Галубовіч: «Ужо няма тут ранейшых працавітых бабуляў. І самае галоўнае, што няма ў прыватнікаў зараз кармоў для жывёлы, у прыватнасьці, збожжа… Мне, да прыкладу, не зразумела, куды яно правалілася ды пайшло. Усе ж чыноўнікі трубілі, што ў папярэдняе жніво намалацілі — на сёньня нічога не засталося…
Калі так, то мне трэба купляць яшчэ два парасяты на ўсялякі выпадак.

Але ці дакладна вы кажаце, што закупныя кошты на мяса павялічыліся ажно на 35 працэнтаў? Калі так, то мне трэба купляць яшчэ два парасяты на ўсялякі выпадак…»

Міхаіл Шруб: «Мы просім у дзяржавы не павышэньня коштаў, а думаем, як павысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці за кошт зьніжэньня затратаў. Тыя цэны, зь якімі мы працавалі, у прынцыпе прымальныя. Цяжэй цяперашнім калгасам, бо ад іх патрабуюць выкананьня дзяржзаказу па ніжэйшых коштах. Таму цяперашняе падвышэньне больш выгаднае менавіта сельскім вытворчым каапэратывам — СПК (былым калгасам і саўгасам).

А ўвогуле, калі кошты штучна падымаць ці зьніжаць, то рана ці позна, але гэта, як гаворыцца, вылазіць бокам. На сытуацыю таксама ўплываюць аб’ектыўныя фактары. Да прыкладу, цяпер кошты на збожжа на беларускім рынку ў два-тры разы вышэйшыя, чым літаральна месяц назад. Шрот сланечніку, у сваю чаргу, прапаў зь Беларусі… Таму нарастаюць спэкулятыўныя настроі… Словам, сытуацыя ў сельскай гаспадарцы складаная».

Міхаіл Залескі: «Наш народ цяпер у стане пэрманэнтнай дэпрэсіі. Людзі ўсё яшчэ спадзяюцца на зьніжэньне цэнаў, а ўрад робіць наадварот — падвышае іх… Чаму? І на гэта ёсьць адказ — „правадыр паабяцаў сярэдні заробак у 500 даляраў“. І тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, змушае меркаваць, што Лукашэнка выконвае сваё абяцаньне. То бок трэба гэты заробак даць, але адразу 450 даляраў адабраць. Такім чынам улада створыць патрэбны ёй балянс: заробленыя грошы будуць сыходзіць на харчы, а не на запас у канвэртаваныя даляры…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG