Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігальскі і Някляева паспрабуюць пераканаць хакейных функцыянэраў


У Хэльсынкі пачаў працу кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Падчас яго можа быць узьнятае беларускае пытаньне, а менавіта — адбыцца абмеркаваньне заклікаў перанесьці ўсясьветнае першынство 2014 году зь Беларусі ў іншае месца. Кожны з 70 сябраў фэдэрацыі зможа выказаць сваю пазыцыю што да правядзеньня спаборніцтваў такога маштабу ў краіне, дзе застаюцца палітзьняволеныя, а грамадзяне пазбаўленыя многіх правоў і свабодаў.

Заклікі перанесьці чэмпіянат сьвету 2014 году з таталітарнай Беларусі ў дэмакратычную дзяржаву загучалі пасьля падзеяў сьнежня 2010-га, калі за нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў міліцыя затрымала блізу 700 удзельнікаў апазыцыйнага мітынгу, а больш за паўсотні, уключна зь некаторымі экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты, былі асуджаныя да розных тэрмінаў зьняволеньня нібыта за арганізацыю «масавых беспарадкаў».

У першы дзень працы кангрэсу беларускае пытаньне не ўздымалася. Хутчэй за ўсё, дыскусіі вакол Беларусі разгарацца заўтра, калі старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Яўген Ворсін выступіць з дакладам пра падрыхтоўку да чэмпіянату сьвету-2014. Удзельнікам будзе паказаны 3-хвілінны ролік з інфармацыяй пра Беларусь, пра галоўныя хакейныя арэны і аб’екты інфраструктуры. Сам хакейны чыноўнік перакананы, што ніхто забіраць у Беларусі чэмпіянат не зьбіраецца. Аднак, як кажа спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка, сам факт радыкальных намераў не дадае гонару краіне, якая прэтэндуе на форум такога ўзроўню:
Усе гэтыя падзеі, што зараз адбываюцца, — гэта, перш за ўсё, палітычны лікбез для беларускага народу.

«Усе гэтыя падзеі, што зараз адбываюцца, — гэта, перш за ўсё, палітычны лікбез для беларускага народу. На жаль, нашы людзі ў гэтым пытаньні ня робяць абсалютна ніякіх захадаў — ці то з-за традыцыйнай аморфнасьці, ці то спадзеючыся, што за іх гэта зробіць нехта іншы. І таму, калі гэтая падзея раней ці пазьней здарыцца — адменяць чэмпіянат сьвету — гэта лішні раз прадэманструе нашаму памяркоўнаму, соннаму беларускаму народу, што так жыць нельга. Зноў жа, пакуль што гэта разумеюць усе, апроч нас саміх. А ў тым, што чэмпіянат трэба пераносіць, — я глыбока перакананы».

Патрабаваньне пазбавіць Беларусь хакейных спаборніцтваў падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША. Эўрадэпутаты Марэк Мігальскі з Польшчы і славуты славацкі хакеіст Пэтэр Шцястны нават арганізавалі ў сеціве збор подпісаў за перанос чэмпіянату сьвету-2014. Днямі амаль тры дзясяткі амэрыканскіх кангрэсмэнаў заклікалі прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля не праводзіць першынства ў Менску, бо многія апазыцыянэры надалей застаюцца ў турмах, а актывістаў грамадзянскай супольнасьці па-ранейшаму арыштоўваюць і запужваюць.

Дагэтуль усе спробы паставіць пад сумнеў правядзеньне хакейнага чэмпіянату ў Беларусі Рэнэ Фазэль катэгарычна адмаўляў, заяўляючы, што фэдэрацыя ўбаку ад палітычных дыскусій. Хакейны аглядальнік газэты «Прессбол» Вячаслаў Федарэнкаў лічыць, што ў апанэнтаў беларускага рэжыму пры такім лобі ў кіраўніцтве Міжнароднай фэдэрацыі сапраўды ня так шмат шанцаў паўплываць на лёс усясьветнага чэмпіянату:

«Мне падаецца, што ад самога пачатку гэта была больш псыхалягічная атака на беларускія ўлады, чым рэальная для іх пагроза пазбавіцца хакейнага чэмпіянату сьвету. Таму, мяркую, Міжнародная фэдэрацыя хакею ўжо ні пад якім зьнешнім ціскам ня пойдзе на перанос усясьветнага першынства зь Беларусі кудысьці ў іншае месца. Фазэль пра гэта заяўляе практычна адкрытым тэкстам».
Мы спрабуем зь імі зьвязацца, але такое адчуваньне, што яны ня вельмі хочуць прыйсьці да нас і атрымаць падрыхтаваную намі пэтыцыю.

18 траўня ў Хэльсынкі пройдзе сумесная прэсавая канфэрэнцыя з удзелам эўрадэпутата Марэка Мігальскага і грамадзкай дзяячкі Евы Някляевай — дачкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты, паэта Ўладзімера Някляева. Ева, якая апошнія гады жыве ў Фінляндыі, кажа, што на мерапрыемства таксама запрошаныя прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі хакею, для якіх падрыхтаваны асобнік пэтыцыі з абгрунтаваньнем немагчымасьці правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Менску:

«Так, былі адасланыя адпаведныя запрашэньні ў фэдэрацыю яшчэ на пачатку гэтага тыдня, але нам пакуль ніхто не адказаў. Мы цяпер тэлефануем, спрабуем зь імі зьвязацца, але такое адчуваньне, што яны ня вельмі хочуць прыйсьці да нас і атрымаць падрыхтаваную намі пэтыцыю. Спадзяемся, што кагосьці мы ўсё ж убачым... Відавочна, на ўсё, што зьвязана з правядзеньнем чэмпіянату сьвету ў Беларусі, мае месца палітычны ціск, але пакуль цяжка сказаць, ці ёсьць ён з боку самой Міжнароднай фэдэрацыі».

Дагэтуль месца правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі мянялася толькі аднойчы: у 1968 годзе, калі савецкія войскі акупавалі Чэхаславакію, заплянаваныя на наступны год спаборніцтвы былі перанесеныя з Прагі ў Стакгольм.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG