Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Мускі: з турмы ў войска


Міхась Мускі. Фота bnp.by.
Міхась Мускі. Фота bnp.by.

Актывіста «Маладога фронту» зь Нясьвіжу Міхася Мускага пасьля некалькіх адміністратыўных арыштаў гвалтам прызвалі ў войска.

Гэта адбылося нягледзячы на тое, што сам Міхась абскардзіў рашэньне прызыўной камісіі ў судзе.

20-гадовага Міхаіла Мускага разам зь іншымі актывістамі «Маладога фронту» Міколам Дземідзенкам і Раманам Васільевым затрымалі 26 красавіка пасьля «Чарнобыльскага шляху». 27 красавіка яму прысудзілі 15 сутак арышту. 11 траўня Міхась меўся выйсьці на волю, але гэтага не адбылося. Менская міліцыя склала на яго новы пратакол аб дробным хуліганстве, і яго зноў засудзілі на 5 сутак.

15 траўня Міхась змог патэлефанаваць паплечнікам ужо з дарогі ў вайсковую частку, што ў вёсцы Межыца Чашніцкага раёну.

Актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка: «Яго туды адвозілі, садзіўся тэлефон і яму не давалі магчымасьці размаўляць, і ён толькі пасьпеў паведаміць пра тое, што будзе служыць там, дзе служыў Іван Шыла. Таму пакуль мы нічога ня ведаем. У хуткім часу мы туды паедзем, ён мусіць выйсьці на сувязь, там усё-ткі не турма».

Пакуль датэлефанавацца да Міхася не ўдаецца. Невядома, якая ягоная пазыцыя ў гэтай справе, у тым ліку — ці згодны ён прымаць прысягу.

У 2009 годзе Міхася прызналі непрыдатным да вайсковай службы ў мірны час па стане здароўя. Да 2011 году ён быў студэнтам БНТУ, але яго выключылі пасьля акцыі да гадавіны Плошчы. Наста Палажанка лічыць арышты і прызыў Мускага ў войска палітычным перасьледам за ўдзел у «Маладым фронце»:

«Нам дэманструюць, што яны не дазваляюць нам нічога рабіць. Але ўжо шмат якія падзеі і зьмены ў нашай сытуацыі былі. Магчыма, гэта зьвязана са зьменай кіраўніцтва ў МУС. Але нашыя пазыцыі не мяняюцца».

Паводле Насты Палажанкі, пад такой жа пагрозай палітычнага прызыву ў войска знаходзіцца іншы актывіст «Маладога фронту» — Павал Сяргей.

Прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка сьцьвярджае, што мэдычны агляд Мускага прызыўной камісіяй быў павярхоўны, што Міхасю ў ваенкамаце наўпрост сказалі, што ён будзе служыць, нягледзячы на стан здароўя, бо ёсьць такі загад зьверху. Фармальна апошнія прызыўныя працэдуры Міхась прайшоў, калі знаходзіўся пад арыштам, з турмы на Акрэсьціна ў Менску яго вазілі ў ваенкамат у Нясьвіжы. Міхась пасьпеў падаць там заяву на альтэрнатыўную службу, але яму адмовілі. Апрача таго, ён абскардзіў свой прызыў у судзе Нясьвіскага раёну.

Наста Лойка: «У аўторак, калі яго вывозілі ў частку, пяты дзень у судзе ляжала ягоная скарга на рашэньне прызыўной камісіі. І згодна з законам гэтае рашэньне павінны былі прыпыніць да таго моманту, пакуль ня будзе разгледжаная гэтая справа ў судзе».

Наста Лойка кажа, што «Вясна» будзе ўважліва сачыць за далейшым лёсам Міхася Мускага:

«Тут адбіўся цэлы комплекс праблем нашага грамадзтва. Першае — гэта выключэньне з унівэрсытэту дзеля палітычных матываў. Другое — палітычны прызыў, які адбываецца з парушэньнем законаў. Трэцяя праблема — што няма альтэрнатыўнай грамадзянскай службы, хоць Міхась паводле сваіх перакананьняў ня можа служыць у войску. Ён гэта абгрунтаваў пацыфісцкімі поглядамі, тым, што ня можа служыць пад сярпом і молатам, пад якімі перасьледаваліся ягоныя родныя ў савецкі час».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG