Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане лічаць, што прайгралі ад Мытнага зьвязу, а найбольшую выгоду ад яго атрымалі Расея і Беларусь. Старшыня Нацбанку Казахстану прапануе ўвесьці наднацыянальную валюту. Пра гэта сёньняшні артыкул на сайце kazakh-zerno. kz, зьмест якога прапануем увазе чытачоў.

Узаемны гандаль Казахстану з краінамі Мытнага зьвязу штогод павялічваецца, за кошт куплі Казахстанам расейскіх і беларускіх тавараў. Аднак, акрамя сыравіны, краіне пакуль няма чаго прапанаваць сваім партнэрам.

Спадчына СССР


Яшчэ да стварэньня Мытнага зьвязу Казахстану не ўдалося наладзіць вытворчасьць уласных тавараў, адзначыў у інтэрвію Бі-бі-сі віцэ-прэзыдэнт незалежнай асацыяцыі прадпрымальнікаў Казахстана Цімур Назханаў.

Амаль увесь малы і сярэдні бізнэс у Казахстане займаўся гандлем і паслугамі, вытворцы складалі ўсяго толькі 2%.

«Па вялікім рахунку, гэта спадчына СССР. У агульнай народнай гаспадарцы краіны Цэнтральнай Азіі, Казахстан і іншыя ўскраіны былі сыравіннымі пастаўшчыкамі Расеі, Украіны і Беларусі, якія былі асноўнымі вытворцамі розных тавараў», — нагадвае Назханаў.

Паводле яго слоў, «адкрыць вытворчасьць і раней, і цяпер у Казахстане даволі складана. Шматлікія прадпрымальнікі адмаўляліся ад гэтай ідэі, таму што занадта дорага, шмат розных праверак і карупцыі. Прасьцей гандляваць».

Паводле дадзеных незалежнай асацыяцыі прадпрымальнікаў Казахстану, сёньня расейскія кампаніі скупляюць у Казахстане практычна ўсю малочную і рыбную сыравіну, таму што таньней.

Унутры Мытнага зьвязу найбольшую выгаду атрымліваюць Расея і Беларусь, кажуць у асацыяцыі. Прадукцыя, якую гэтыя краіны прадаюць Казахстану, нярэдка выраблена з казахстанскай сыравіны.

Ё-рубель як валюта Мытнага зьвязу


Таваразварот паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам з моманту стварэньня Мытнага зьвязу ў 2010 годзе расьце тэмпамі ў 40%, сказаў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў у інтэрвію тэлеканалу «Россия».

Паводле яго слоў, у Казахстану з Расеяй дасягнуты пік таваразвароту — 24 млрд. даляраў. Як адзначыў Назарбаеў, далей краіны рухаюцца да Адзінай эканамічнай прасторы.

«Задача палягае ў тым, каб гэта „аб’яднаньне трох“ па-сапраўднаму давесьці да розуму — не сьпяшаючыся, не падганяючы коней, а самавіта, нармальна, і каб усе бачылі, што гэта раўнапраўнае аб’яднаньне», — сказаў Назарбаеў.

Праз 10-12 гадоў Мытны зьвяз можа перайсьці на адзіную валюту. Аднак цяперашния грошы для гэтага не падыходзяць. Трэба будзе прыдумаць новыя, лічыць кіраўнік Нацыянальнага банку Казахстану Рыгор Марчанка.

У інтэрвію аднаму з расейскіх СМІ ён сказаў, што павінна быць наднацыянальная валюта, якую эмітуе наднацыянальны банк, гэтак жа, як гэта было зроблена ў Эўропе. Як адзін з варыянтаў Марчанка прапанаваў назваць будучую валюту ё-рубель

На думку кіраўніка Нацбанку Казахстану, любое пашырэньне рынку або ліквідацыя межаў паміж краінамі і рэгіёнамі прыводзіць да зьніжэньня транзакцыйных выдаткаў. У выніку выйграюць спажыўцы. Плюс пашырэньне канкурэнцыі: зьяўляюцца новыя прадукты, паляпшаецца якасьць.

Каму выгадны Мытны зьвяз у Казахстане?


Апазыцыйныя партыі неаднаразова выступалі супраць пагадненьняў аб Мытным зьвязе, якія, на іх думку, ушчамляюць сувэрэнітэт Казахстану. Яны выказвалі асьцярогу, што Мытны зьвяз нясе эканамічную і палітычную пагрозу незалежнасьці Казахстану.

Пры гэтым прадстаўнікі апазыцыі паказваюць на рост коштаў на аўтамабілі, паліва і прадукты харчаваньня ў Казахстане пасьля ўступленьня краіны ў Мытны зьвяз з Расеяй і Беларусьсю.

Гэта было больш палітычнае рашэньне, а не эканамічнае, мяркуе віцэ-прэзыдэнт незалежнай асацыяцыі прадпрымальнікаў Цімур Назханаў.

«У краін-удзельніц Мытнага зьвязу розныя вагавыя катэгорыі. Наша вага лягчэй, чым у Беларусі, а тым больш у Расеі. Таму мы загадзя былі асуджаныя прайграваць у гэтай гонцы. Калі стварыць нармальнае канкурэнтнае асяродзьдзе, то бізнэс выжыве, але для гэтага павінны быць роўныя стартавыя умовы », — настойвае ён.

Гэты зьвяз выгадны для той часткі прамысловага капіталу, якая займаецца сыравінай: нафтай, газам, мэталам, збожжам. Для гэтага вузкага кола і было прынятае рашэньне ў большай ступені, мяркуе Назханаў.

Малы і сярэдні бізнэс ніякіх дывідэндаў з гэтага не атрымліваюць, а буйным кампаніям, якія праз Расею атрымліваюць выхад да Эўропы, зьвяз, вядома, выгадны.

«Можа быць, у далёкай пэрспэктыве Мытны зьвяз прынясе Казахстану нешта добрае. А пакуль нічога добрага для казахстанскага бізнэсу не відаць», — падводзіць рысу Назханаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG