Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бабруйск. Актывіста вінавацяць у агітацыі зьяжджаць на працу ў Расею


Бабруйскага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валерыя Нікітку вінавацяць у тым, што ён агітуе людзей ехаць на працу ў Расею. Пра гэта, як сьцьвярджае актывіст, ён даведаўся ад сьледчай, якая прыходзіла да яго на працу:

«Яна сказала, што я праводжу агітацыю і займаюся наборам людзей для працы ў Расеі. Яе словы мяне шакавалі. На маё пытаньне, адкуль у яе такія зьвесткі, сьледчая адказала, што ў гарвыканкам прыйшоў ліст ад працаўнікоў акцыянэрнага таварыства „Легпрамразьвіцьцё“, у якім было сказана пра маю такую дзейнасьць, і яе з гарвыканкаму накіравалі, каб спраўдзіць факты, выкладзеныя нібыта ў звароце працаўнікоў. Сьледчая не назвалася, але паказала сам зварот. Ён быў без імёнаў і подпісаў, таму, атрымліваецца, прыйшоў у гарвыканкам пасквіль, які цяпер правяраюць».

Актывіст сьцьвярджае, што не агітаваў людзей зьяжджаць на працу ў Расею.

Паводле спадара Нікіткі, гутарка са сьледчай адбывалася ў кабінэце начальніка цэху. Актывіст непакоіцца, што адміністрацыя акцыянэрнага таварыства «Легпрамразьвіцьцё» можа не працягнуць зь ім працоўнага кантракту праз такога роду візыты:

«У мяне кантракт на год. Мне ўжо намякалі, што могуць не падоўжыць кантракт. Навошта ім такі працаўнік, як я, да якога прыходзяць то супрацоўнікі ідэалягічнага аддзелу, то міліцыя. Увесь сыр-бор з-за таго, што я падаваў заяўку на пікет „За свабодныя выбары без Лукашэнкі“. Яго не дазволілі. У нашай краіне падводных камянёў можна чакаць адусюль. Буду рыхтавацца да горшага».
XS
SM
MD
LG