Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вернецца ЭБРР да супрацоўніцтва зь беларускай дзяржавай?


18–19 траўня ў Лёндане адбудзецца паседжаньне рады кіраўнікоў ЭБРР (Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця).

Беларускую дэлегацыю на гэтым паседжаньні будзе ўзначальваць першы намесьнік кіраўніка ўраду Ўладзімер Сямашка. Пра гэта сёньня паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

У афіцыйнага прадстаўніка МЗС спыталіся, наколькі верагоднае ўзнаўленьне кантактаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця.

Справа ў тым, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця пастанавіў адмовіцца ад заплянаванага раней супрацоўніцтва ў дзяржаўнай энэргетычнай сфэры Беларусі. Таксама банк адмовіўся ад заплянаваных раней інвэстыцый у дзяржаўную энэргетычную сфэру.

Адказваючы на гэтае пытаньне, Андрэй Савіных сказаў: «Нам вядомыя спробы асобных грамадзкіх дзеячаў з-за эканамічнай сфэры палітызаваць міжнароднае эканамічнае ўзаемадзеяньне. Мы супраць гэтага. Такія спробы супярэчаць здароваму сэнсу. Па сутнасьці, гэтыя дзеячы спрабуюць вызначыць, што больш важна: разьвіцьцё лібэральных палітычных інстытутаў альбо інфраструктура рынкавай эканомікі? Такая пастаноўка пытаньня ня толькі абсурдная, але і шкодная, бо яна супярэчыць натуральнаму паступальнаму руху. Тым ня менш мы ня схільныя разглядаць іхнія дзеяньні як бязграматныя. Хутчэй гэта адлюстраваньне схаваных палітычных мэтаў.

На маю думку, нельга казаць, што Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця парваў дачыненьні зь Беларусьсю. Сёньня мы актыўна супрацоўнічаем з ЭБРР у галіне разьвіцьця прыватнага сэктару і аховы навакольнага асяродзьдзя».
XS
SM
MD
LG