Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаныя яшчэ двое маладафронтаўцаў — Уладзімер Яроменак і Павал Сяргей


Уладзімер Яроменак

Уладзімер Яроменак

Суд Фрунзенскага раёну Менску асудзіў маладафронтаўца Ўладзімера Яроменка на 7 сутак арышту, Паўла Сяргея — на 5 сутак.

Іх зьвінавацілі паводле артыкула 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу ў дробным хуліганстве. Абодвух затрымалі напярэдадні ва ўласных кватэрах.

У суд Уладзімера Яроменку і Паўла Сяргея даставілі з турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе яны правялі папярэднюю ноч. Уладзімер Яроменак паведаміў, як адбывалася яго затрыманьне:

«Сядзеў дома, прыкладна каля 15.00 дня — адчыняюцца дзьверы ў кватэру, якія былі зачыненыя, урываюцца два чалавекі, кладуць мяне тварам у падлогу і надзяваюць кайданкі».

Больш Уладзімер Яроменак паведаміць нічога не пасьпеў, бо дзяжурны міліцыянт без папярэджаньня пачаў выштурхоўваць мяне з будынка суду. Яму на дапамогу прыйшлі трое сілавікоў у цывільным. Усе чацьвёра адмаўляліся называцца і тлумачыць прычыну сваіх дзеяньняў. Павал Сяргей на знак пратэсту сеў каля дзьвярэй залі судовага паседжаньня, але яму груба заламалі рукі і таксама вывелі з будынка. Вядома, што Паўла Сяргея, як і Ўладзімера Яроменка, таксама затрымалі на ягонай кватэры. Вось што з гэтай нагоды сказала актывістка «Маладога фронту» Кася Галіцкая:

«Гэта беспрэцэдэнтны ціск на „Малады фронт“, настолькі часта і шмат адміністрацыйных арыштаў — такога не было за ўсю гісторыю нашай арганізацыі. Нават Дашкевіч і Фінькевіч гэтулькі не сядзелі і гэтак часта. Ёсьць падазрэньні, што гэта неяк зьвязана з новым міністрам унутраных спраў. Баюся, што гэта можа быць накіравана на падаўленьне якой-колечы актыўнасьці і дзейнасьці Маладога фронту».

Акрамя Ўладзімера Яроменка і Паўла Сяргея, таксама на кватэры днямі затрымалі маладафронтаўцаў Рамана Васільева, Міколу Дземідзенку і Зьмітра Крамянецкага, якія цяпер адбываюць адміністрацыйны арышт на Акрэсьціна. Праваабаронца Наста Лойка гэтак камэнтуе дзеяньні сілавікоў:

«Проста татальны кантроль — усіх актывістаў альбо саджаюць на суткі, альбо навешваюць ім прэвэнтыўныя нагляды, альбо забіраюць у войска. Таксама максымальна сталі фабрыкаваць адміністрацыйны артыкул 17.1 аб хуліганстве. І тыя формы, якія выкарыстоўваюцца, — гэта ня можа не выклікаць занепакоенасьці. Гэта ўсё цалкам супрацьпраўна, і нават цяжка ўявіць, як гэтаму можна супрацьстаяць. Бо на ўсе скаргі не рэагуе ні пракуратура, ні сьледчы камітэт, а суды выносяць тыя рашэньні, якія ім загадваюць зьверху. Цяжка, безумоўна, у такой сытуацыі казаць пра нейкую грамадзкую актыўнасьць і яе працяг надалей».

Адміністрацыйную справу Ўладзімера Яроменка разглядала судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Людміла Лапо, а Паўла Сяргея — судзьдзя Натальля Каробіна.




Жывы рэпартаж ад будынку суду



15:15 Судзьдзя Фрунзенскага суду Людміла Лапо асудзіла Ўладзімера Яроменка на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Хлопца зьвінавацілі ў тым, што ён брыдкасловіў каля ўласнага дому.

Суд над Паўлам Сяргеем працягваецца.

13:30 Яроменка і Сяргея судзяць за «дробнае хуліганства»

Справу Ўладзімера Яроменка будзе разглядаць судзьдзя Людміла Лапо, Паўла Сяргея — Натальля Каробіна.

Затрыманых сябраў «Маладога фронту» Ўладзімера Яроменка і Паўла Сяргея прывезьлі ў суд Фрунзенскага раёну Менску.

Хлопцаў вінавацяць паводле адміністрацыйнага артыкула «дробнае хуліганства», аднак у чым менавіта, пакуль невядома.

Адвакаты знаёмяцца з матэрыяламі справы.

Уначы на 17 траўня Ўладзімер Яроменак даслаў паплечнікам SMS-паведамленьне, што яго вязуць з Фрунзэнскага РУУСа ў турму на Акрэсьціна. Прычыны затрыманьня высьвятляюцца.

У сваёй кватэры затрыманы Павал Сяргей, хаця ніякіх падставаў для гэтага не было, паведаміла актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка.

Яна распавяла, што Павал пасьпеў напісаць, што невядомыя пачалі грукацца ў дзьверы, а пасьля ён перастаў быць дасяжным. Прычыны затрыманьня таксама невядомыя.

Раман Пратасевіч, які ладзіў акцыю «Горад наш!» ля Кастрычніцкай плошчы, быў затрыманы пасьля замацаваньня сьцягу на будынку. Па дарозе ў пастарунак маладафронтаўца моцна зьбілі. Хлопца забраў дахаты бацька апоўначы.


Раман Пратасевіч вывешвае сьцяг. Фота — «Хартыя-97».



15 траўня маладафронтаўцы Зьміцер Крэмянецкі і Мікола Дземіденка былі асуджаныя на 10 сутак арышту, а Раман Васільеў на 12 сутак за вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг у Менску да гадавіны рэфэрэндуму.

XS
SM
MD
LG