Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская праблема на Захадзе ўжо ўспрымаецца як афрыканская»


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Я ўжо сапраўды стаміўся ад усіх плянаў падтрымкі апазыцыі ў Беларусі. Апазыцыя падзеленая. У яе няма яснай пазыцыі ў справе падрыхтоўкі да наступных выбараў», — гэтая заява міністра замежных справаў Літвы Аўдронюса Ажубаліса выклікала вялікі рэзананс сярод палітычнай актыўнай публікі ў Беларусі. Ці сапраўды заходнія палітыкі расчараваныя беларускімі дэмакратычнымі сіламі? У якім пытаньні беларуская апазыцыя магла б праявіць сваю згуртаванасьць, прадэманстраваць стратэгічную еднасьць? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

— «Я выказаў крытычны погляд на багацьце плянаў беларускай апазыцыі, якія часта супярэчаць адзін аднаму і ўзаемна дублююцца. Я выказаўся ня супраць іх падтрымкі, а толькі супраць багацьця плянаў, якія пакуль не даюць адчувальных вынікаў», — сьцьвярджае Ажубаліс. Тым ня менш, пазыцыя застаецца даволі адназначнай. Ці сапраўды на сёньняшні дзень дзейнасьць беларускай апазыцыі выглядае збоку настолькі разьяднанай і супярэчлівай, што яна выклікае такія камэнтары ў заходніх палітыкаў?

— У словах спадара Аджубаліса я бачу праявы стомленасьці Літвы як невялікай краіны, суседкі Беларусі, якая вымушаная выступаць правадніком палітыкі ўсяго Эўразьвязу і ў некаторых момантах ахвяраваць сваімі ўласнымі інтарэсамі як асобнай краіны дзеля рэалізацыі агульнай эўрапейскай палітыкі. І тут, відаць, існуе такая крыўда літоўскіх палітыкаў — мы, маўляў, ахвяруем, а вы, беларусы, ня можаце дамовіцца.

Урэшце, далейшыя тлумачэньні спадара Ажубаліса сьведчаць, што ў нейкім сэнсе ён прагаварыў тое, што казаць ня варта было. Беларуская праблема на Захадзе ўжо ўспрымаецца як праблема афрыканская. У дачыненьні да Беларусі ў справе ўсталяваньня дэмакратыі паспрабавалі ўжо ўсё, і нічога не спрацавала. Гэтаксама як у Афрыцы паспрабавалі ўсё дзеля выкараненьня беднасьці — і нічога не спрацавала. Таму ёсьць натуральнае адчуваньне роспачы.

— Дзе б беларуская апазыцыя магла праявіць сваю згуртаванасьць, паказаць стратэгічную еднасьць, у якім пытаньні? Магчыма, ў найбліжэйшай вялікай палітычнай кампаніі — парлямэнцкіх выбарах?

— Замежная дапамога ў прамоцыі дэмакратыі ў Беларусі — вельмі кантравэрсійная тэма, якая яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў. Замежныя суб’екты маюць спакусу абсалютызаваць значэньне сваёй дапамогі — маўляў, калі б не дапамагалі беларускай палітычнай апазыцыі, яе б не было зусім, гэта цалкам наш канструкт. Гэта ня ёсьць праўдай. Беларуская апазыцыя сама вызначае, як, у якім стылі і які сцэнар рэалізоўваць.

Іншая справа, што канкурэнцыя паміж беларускімі палітычнымі суб’ектамі за заходнюю падтрымку існуе і зьяўляецца важным чыньнікам. Мы бачылі, як стаўкі замежных актараў на еднасьць апазыцыі, а ў іншы пэрыяд — стаўка на тое, што апазыцыя пойдзе рознымі калёнамі — абумоўлівалі пэўнае разьвіцьцё сытуацыі ўнутры беларускай апазыцыі. Ня думаю, што гэта прадуктыўны шлях.

Што датычыць кропкі, у якой апазыцыя можа дамовіцца, то відавочна, што зараз гэта ёсьць выбарчая кампанія. Я сьвядома не кажу «выбары», бо ў беларускіх умовах пра нармальны выбарчы працэс казаць немагчыма. Ёсьць надзея, што нягледзячы на тактычныя разыходжаньні, прыхільнікі байкоту, удзелу, абмежаванага ўдзелу — чым бліжэй да моманту галасаваньня, тым больш будуць мець кропак для згоды. І я думаю, што пасьля выбарчай кампаніі агульная яе ацэнка будзе максымальна блізкай.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG