Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадач: «Мы будзем выбіраць лідэраў, якіх ня спыніць страх ні за сябе, ні за сям’ю»


Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач

Палкоўнік спэцназу ў адстаўцы Ўладзімер Барадач, які цяпер жыве ў Нямеччыне, выказаўся за стварэньне афіцэрамі і былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў «пераходнага ўраду ў выгнаньні». Як будзе рэалізаваны гэты праект, якія яго мэты? Як ставіцца Барадач да ацэнак яго ініцыятывы Зянонам Пазьняком?

— Якія мэты вашай ініцыятывы стварэньня афіцэрамі і былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў «пераходнага ўраду ў выгнаньні»?

— Над гэтым праектам мы працуем ужо каля году. Ён больш шырокі, чым яго цяпер прадстаўляюць. Вы бачыце, мы ўстрывожылі ўсіх. Гэтае пытаньне хвалюе апазыцыю, ня толькі ўнутры краіны, замежныя офісы і некаторую інтэлігенцыю. Цяпер трэба разабрацца, хто супраць рэжыму і хто за рэжым. У тым ліку і апазыцыі, якая лічыць сябе апазыцыяй, але робіць канкрэтныя крокі ў падтрымку рэжыму. Адразу пасьля 19 сьнежня мы зрабілі ўпор на стварэньне ценявога кабінэту. Чаму? Бо выбары не адбыліся, прэзыдэнт не легітымны. Мы былі б у стане зрабіць пераходны ўрад, які быў бы такім жа легітымным, як і наш прэзыдэнт. Увесь гэты касьцяк павінен быў працаваць на аб’яднаньне пасьля выбараў усіх праціўнікаў рэжыму. У выніку нічога не атрымалася. Нават нехта ня змог прыстойна выйсьці і працягнуць барацьбу.

Мы цяпер шукаем лідэраў. Нават аб’яўляем конкурс. Мы будзем выбіраць лідэраў, якіх ня спыніць страх ні за сябе, ні за сям’ю. Неабходная структура, якая найперш непадкантрольная спэцслужбам. Але гэтая структура павінна структуравацца па тыпе ценявога кабінэту.

Сёньня прайшлі два сходы: у Польшчы і ў Літве — засталося правесьці яшчэ два арганізацыйныя сходы. І мы цяпер вырашаем, якой павінна быць гэтая арганізацыя. Нават думаем над назвай. Гэта будзе альбо Фронт нацыянальнага адраджэньня, альбо Рада нацыянальнага адраджэньня. І структурныя падразьдзяленьні. Мэта — аб’яднаньне ўсіх антырэжымных сілаў.
Пэрспэктывы ў рэжыму няма. Але трэба зрабіць пэўныя крокі, каб яго зрынуць.

Гэта не азначае, што мы выступаем супраць нейкай партыі. Мы кажам пра прадажнасьць асобных лідэраў.

Я прапаную стварыць прафэсійную арганізацыю і падыходзіць да барацьбы за дэмакратычныя пераўтварэньні ў краіне таксама сыстэмна. Гэтак жа, як і змагаюцца супраць нас.

Пэрспэктывы ў рэжыму няма. Але трэба зрабіць пэўныя крокі, каб яго зрынуць. Мы прапануем стварыць структуру, непадкантрольную КДБ. Мы прапануем аб’яднаць усе дэміслы ў краіне і прад’явіць ультыматум Лукашэнку. Накачаць такую сілу, каб пасадзіць яго за стол перамоваў і назваць умовы безумоўнай капітуляцыі. І абраць уладу.

Мы вымушаныя будзем ачоліць, калі не падбяром нармальных лідэраў. Недзе 80% прыхільнікаў таго, каб паставіць мяне на чале аргкамітэту. Потым мы прапануем гэтыя напрацоўкі ўсім праціўнікам рэжыму. Альтэрнатывы нашаму праекту няма. Яе ніхто нават і не прапанаваў.

— Адносна вашай ініцыятывы Зянон Пазьняк заявіў, што цяпер за мяжу пераносіцца так званая тактыка Віка. Пастаўленая вельмі простая задача: зьнішчыць беларускую нацыянальную эміграцыю, арганізаваць псэўданацыянальны ўрад і вакол гэтага «ўраду» сабраць псэўдаэміграцыю. Як вы гэта пракамэнтуеце?

— Зянон Пазьняк вельмі добра ведае мяне. Ведае, на што я здольны. Адзінае, я ня здольны на здрадніцтва. Я гэтым не займаўся б, калі б мне ня верылі людзі, якія засталіся ў Беларусі.

Пазьняк — гэта самы злосны ідэйны вораг Лукашэнкі. Але Лукашэнка сёньня прайграў ідэалёгію, палітыку, эканоміку. Ён прайграў усё. Ён зьнішчыў нашу беларускасьць, беларускую культуру. Цяпер дабівае мову. Тут ён прайграў і Пазьняку.

Мы зыходзім з рэальнай ацэнкі сытуацыі, праціўніка, хаўрусьніка нашага праціўніка. Разваліць рэжым можа толькі структураваная арганізаваная сіла. Сыстэмная сіла. І толькі зь сілай Лукашэнка сядзе за стол перамоваў і выканае ўмовы, прапанаваныя намі для безумоўнай капітуляцыі. Больш няма ніякіх варыянтаў вырашыць гэтае пытаньне ў Беларусі.

Пазьняк усё правільна сказаў. Але ён не разумее таго, што мы прапануем у цэлым. Нашы асноўныя партыі — кіраваныя і знаходзяцца пад жорсткім кантролем. Рэальна апазыцыі няма. Усе сілы спэцслужбаў накіраваныя на працу па офісах. І яны працуюць тут, і даволі пасьпяхова. І ў гэтым ён мае рацыю. Ён толькі ня мае рацыі, што Вік выказаў ідэю стварэньня структуры. Гэтую ідэю выказаў і міністар замежных спраў Літвы. Час ценявога кабінэту ўжо прайшоў.

Мы ствараем структуру, інструмэнт, які здольны процістаяць, які здольны вярнуць гістарычную рэліквію ў выглядзе БНР у найлепшы дзяржаўны музэй — у нашу рэспубліку. Мы хочам падняць сымбалі нашай гісторыі, бел-чырвона-белы сьцяг, і павесіць яго на ўсе ўстановы нашай краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG