Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве зноў зьбіраюцца пратэстоўцы


Актывісты апазыцыйнага лягеру на новым месцы - ля станцыі Барыкадная

Актывісты апазыцыйнага лягеру на новым месцы - ля станцыі Барыкадная

Да вечара апазыцыянэраў на Барыкаднай сабралася каля пяцісот. Новае месца збору наведалі апазыцыйныя палітыкі Гары Каспараў і Барыс Нямцоў, прыйшоў лідэр «Салідарнасьці» Ільля Яшын. Мастачка Яўгенія Мальцава прывезла на Барыкадную свае карціны, музычны крытык Арцемі Троіцкі прачытаў лекцыю.

Паліцыя назірае за актывістамі, але паводзіць сябе мірна.

23 чалавекі, затрыманыя ў сераду раніцай на Чыстых прудах, былі вызваленыя без прад’яўленьня абвінавачваньняў. У Твітэры зьявіліся паведамленьні аб тым, што ў некаторых затрыманых забралі пашпарты і ўручылі позвы ў ваенкаматы.

Чаму так доўга — больш за тыдзень — праіснаваў лягер «АкупайАбай» на Чыстых прудах? Чаму ён усё ж быў разагнаны? І што пасьледуе за гэтым?

На просьбу Радыё Свабода аб пэрспэктывах супрацьстаяньня ўлады і грамадзянскіх актывістаў разважае палітоляг Зьміцер Арэшкін.

— Тое, што лягер на Чыстых прудах пратрымаўся доўга, азначае, што ўлада вагаецца, ня ведае, як сябе паводзіць. Спачатку — празьмерна жорсткія, з адценьнем правакацыі дзеяньні 6 траўня (падчас «Маршу мільёнаў». — РС). Людзей спэцыяльна загналі ў вузкае рыльца, не дапусьцілі арганізатараў мітынгу да гукаўзмацняльнай апаратуры, у сувязі з чым публіка была дэзарыентаваная і проста не разумела, што рабіць. Скончылася гэта ўсё ўзаемнымі правакацыямі.

Дзьмітры Арэшкін на "гуляньнях" апазыцыі ў Маскве

Дзьмітры Арэшкін на "гуляньнях" апазыцыі ў Маскве

Потым, спалохаўшыся і трошкі перайграўшы сваю пазыцыю, улада дазволіла пісьменьнікам прайсьці без праблем па бульварным кольцы. Чакаючы, мабыць, як і самі пісьменьнікі, што людзей будзе зусім няшмат. А іх апынулася шмат... Сапраўды гэтак жа не чапалі лягер на Чыстапрудным. Але раней ці пазьней павінны былі крануць. Тое, што яго разагналі, зусім нядзіўна. Павінна ж улада неяк паказваць, хто ў доме гаспадар. Ва ўсякім выпадку, ёй так здаецца.

Разагналі, натуральна, гнюсна, рана раніцай. Паабяцалі да 12 гадзін даць час сабрацца — і ў 5 раніцы пачалі людзей выкідаць, затрымліваць — увогуле, павялі сябе дастаткова мярзотна. Чаму — зразумела: раніцай менш журналістаў, менш крыкаў. Паціху ўсіх сабралі і выкінулі. Цяпер будуць па адным ціснуць: камусьці ўручаць позву ў ваенкамат, у кагосьці палатку адабралі — і альбо ня вернуць, або за захоўваньне выпішуць чэк. Запатрабуюць з арганізатараў шалёныя грошы на высадку газонаў... Гэта значыць галоўнае — разагнаць калектыўны пратэст, а далей па адзіночцы ўсіх мухабойкай перабіць.

Лёгіка цалкам зразумелая, але ў той жа час цалкам безвыходная. Таму што тут — пытаньне толькі часу. Гэта як у 1968 годзе: на плошчу выйшлі сем чалавек, а праз 20 гадоў уся гэтая сыстэма ляснулася. Гэтыя сямёра перамаглі велізарную машыну.

Упэўнены, што праз 3-5 гадоў і цяперашняя сілавая машына здрыганецца. Таму што ня важна, якія формы набывае пратэст. Важна, што ў людзей нарастае пагарда да гэтай дзяржаўнай машыны, якая фальсыфікуе выбары, фальсыфікуе суды, зьневажае грамадзян, іх падманвае, якая праводзіць лёгіку інфармацыйнай вайны і прама кажа, што на вайне як на вайне. Але з кім яны ваююць? Са сваім народам, як заўсёды. Хоць робяць выгляд, што зь нейкімі заходнімі структурамі.

Увогуле, мы бачым такі вось пачатак агоніі. Пытаньне толькі — колькім людзям сапсуе, загубіць, зьнявечыць жыцьцё дзяржаўная машына, пакуль нарэшце не заглухне ў тупіку і прывядзе да чарговага крызісу дзяржаўнасьці, а можа быць, і распаду.

Увогуле, усё неяк вельмі прадказальна, сумна, зразумела і небясьпечна. Небясьпечна — вось што самае непрыемнае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG