Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

МОЦНЫЯ ДАЖДЖЫ...

На працягу дня на ўсходзе 19—24°С, у цэнтры 15—20°С, у заходніх раёнах 7—14°С.

ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

У турэцкім Стамбуле пачнецца Ўсясьветны палітычны форум (будзе доўжыцца да 18 траўня).

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд мае прыбыць з афіцыйным візытам у ЗША.

У офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі (Менск, вул. В. Харужай, 22–1701) адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя партыйных лідэраў Анатоля Лябедзькі, Льва Марголіна і Васіля Палякова аб выніках першага этапу кампаніі «За сумленныя выбары без Лукашэнкі!». Пачатак а 12.00.

На гістарычным факультэце БДУ (Менск, вул. Чырвонаармейская, 6) пройдзе міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Гістарычная спадчына Беларусі: выяўленьне, захаваньне і вывучэньне». Пачатак а 10.00.

У менскім Палацы дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41) адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная адкрыцьцю выставы «Musik + X», арганізаванай Інстытутам імя Гётэ. Пачатак а 15.00.

У Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі (Менск, вул. К. Маркса, 12) адкрыецца выстава з калекцыі Нацыянальнага музэю Літвы «Палац вялікіх князёў літоўскіх». Пачатак а 17.00.

У межах кампаніі «Будзьма» — сустрэча з гісторыкам Алегам Трусавым. Трусаў выступіць у офісе Таварыства беларускай мовы (Менск, вул. Румянцава, 13) на тэму «Беларусь — краіна замкаў». Пачатак а 17.30.

У рамках літаратурнага падарожжа швэдзкіх і беларускіх літаратараў па Берасьцейшчыне — вечарына ў Бярозе (вул. Кастрычніцкая, 29) з удзелам Анэлі Юрдаль, Ліны Экдаль, Сары Люндбэрг, Алеся Разанава, Сьвятланы Алексіевіч і Ірыны Багдановіч. Пачатак а 18.00.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:

Міжнародны дзень электрасувязі і інфармацыйнага грамадзтва.

Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1838 — нараджэнец Беларусі Ігнат Дамейка ўпершыню ступіў на чылійскую зямлю. Там ён стаў навукоўцам з сусьветным імем і нацыянальным героем Чылі. Падарожжа Дамейкі на параходзе ад берагоў Францыі да чылійскага берагу доўжылася два з паловай месяцы.

У гэты дзень нарадзіліся:

1681 — Ян Мікалай Радзівіл, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1950 — Валерыя Навадворская, расейская палітычная дзяячка, дысыдэнтка, журналістка, заснавальніца лібэральнай партыі «Дэмакратычны саюз». Нарадзілася яна ў Беларусі — у Баранавічах.

1952 — Анатоль Красоўскі, беларускі бізнэсовец. 16 верасьня 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром быў выкрадзены ў Менску пры нявысьветленых абставінах.

У гэты дзень памерлі:

1931 — мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк. У 1922 годзе, калі беларуская праваслаўная царква ў БССР абвясьціла сваю аўтаномію ад Масквы, мітрапаліт Мэльхісэдэк узначаліў гэты працэс аддзяленьня. Як прапаведнік ён быў вядомы сваёй прыхільнасьцю да беларускага нацыянальнага адраджэньня і падпаў за гэта пад перасьлед бальшавіцкіх спэцслужбаў.

1934 — Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст. У міжваеннай Заходняй Беларусі браў удзел у дзейнасьці Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы. Сядзеў у польскіх турмах. У 1928-м перайшоў у БССР, дзе празь пяць гадоў падпаў пад рэпрэсіі. Быў расстраляны.

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:

Статкевіч: «Беларусь — адзіная краіна, дзе ня дзейнічаюць законы фізыкі»

Шаўчук падпісаў паштоўкі беларускім палітвязьням

С. Марцалеў: «Турма непазьбежная для тых, хто цікавіцца палітыкай»

Шчодрасьць за "Белтрансгаз"

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Жывучы — быць карысным для іншых, інакш лепш ня жыць.

Ігнат Дамейка
XS
SM
MD
LG