Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня. Пазоў актывістаў да гарвыканкаму суд не задаволіў


Уладізмер Хільмановіч

Уладізмер Хільмановіч

Суд Ленінскага раёну Горадні не задаволіў пазоў гарадзенскіх актывістаў да гарвыканкаму. Пазоў быў пададзены з нагоды таго, што гарвыканкам адмовіў у правядзеньні мітынгу 25 сакавіка.

Судзьдзя Ленінскага раёну Горадні ўзяў пад увагу толькі аргумэнты юрыстаў гарвыканкаму. Яны сьцьвярджалі, што заяўка на правядзеньне мітынгу 25 сакавіка, пададзеная актывістамі, прыйшла са спазьненьнем з-за таго, што ў сьвяточныя дні дрэнна працавала пошта, і з прычыны парушэньня тэрмінаў падачы не разглядалася.

Паводле актывіста Ўладзімера Хільмановіча, заяўка на мітынг была дасланая заказным лістом яшчэ 7 сакавіка (застаўся штамп на канвэрце), а зарэгістравалі яе ў гарвыканкаме чамусьці толькі 12-га сакавіка.

Юрысты гарвыканкаму спаслаліся на тое, што быў шэраг выходных і пошта працавала дрэнна, а таму, маўляў, тэрміны падачы заяўкі былі парушаныя.

Грамадзкія ж актывісты мяркуюць, што чыноўнікі наўмысна зацягнулі рэгістрацыю заказнога ліста. Больш за тое, на думку Хільмановіча, гарвыканкам сам парушыў заканадаўства, бо афіцыйнае рашэньне аб адмове ў правядзеньні мітынгу заяўнікі атрымалі таксама са спазьненьнем.

Заяву ў суд на рашэньне гарвыканкаму падавалі гарадзенскія актывісты Вадзім Саранчукоў, Уладзімер Хільмановіч і Юры Істомін. Яны лічаць, што судовы працэс, нягледзячы на адмоўны вынік, мае і пазытыўны бок, паколькі ў судзе ўсім удзельнікам працэсу рабілася відавочна, што рашэньні ўлады носяць недэмакратычны характар.
XS
SM
MD
LG