Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧС-2014: хто ініцыюе перанос?


Былы кіраўнік Эўрапейскага парлямэнту, польскі эўрадэпутат Ежы Бузэк заклікаў кіраўніка Польскага зьвязу хакею на лёдзе Зьдзіслава Інгелевіча ўзьняць на кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі хакею (МФХ) пытаньне аб пераносе зь Беларусі чэмпіянату сьвету 2014 году, паведамляе БелаПАН. Кангрэс пройдзе з 17 да 20 траўня ў Хэльсынках.

Паводле Польскага радыё, прычынаю звароту Бузка стала тое, што Польскі зьвяз хакею за некалькі дзён да кангрэсу яшчэ не заняў пазыцыі адносна Беларусі і не атрымаў рэкамэндацыяў ад Міністэрства спорту і Міністэрства замежных справаў Польшчы.

На думку Бузка, парушэньні беларускімі ўладамі правоў чалавека застаюцца перашкодаю для правядзеньня турніру ў Беларусі. «Мы супраць умяшаньня палітыкі ў справы спорту. Разам з тым мы лічым сваім абавязкам зьвярнуць увагу спартовага сьвету на сытуацыю, у якой высакародныя і апалітычныя ініцыятывы выкарыстоўваюцца для легітымацыі дыктатараў і іх мэтадаў кіраваньня», — гаворыцца ў звароце польскага эўрадэпутата.

Раней Эўрапарлямэнт ня раз заклікаў пазбавіць Беларусь права правядзеньня ЧС-2014 у сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў краіне. У прыватнасьці, 29 сакавіка дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі нацыянальныя хакейныя фэдэрацыі краінаў Эўразьвязу і іншых дэмакратычных дзяржаваў выказацца на травеньскім кангрэсе МФХ за перагляд месца правядзеньня першынства сьвету 2014 году.

Пасьля гэтага Міжнародная фэдэрацыя хакею выступіла з прэс-рэлізам, у якім гаварылася, што на травеньскім кангрэсе фэдэрацыі «кожны з 70 чальцоў МФХ, у тым ліку рада МФХ (выканаўчы орган фэдэрацыі), атрымае магчымасьць вынесьці на абмеркаваньне пытаньне аб тым, ці трэба камандам гуляць у Беларусі».

Пакуль што ніводная з нацыянальных хакейных фэдэрацыяў не заявіла публічна пра намер ініцыяваць на кангрэсе пытаньне аб пераносе чэмпіянату зь Менску.

Ужо ў траўні, у дзень адкрыцьця хакейнага чэмпіянату сьвету ў Швэцыі і Фінляндыі прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль чарговы раз адзначыў, што разьлічвае на правядзеньне першынства праз два гады ў Менску. «Я перакананы, што чэмпіянат 2014 году адбудзецца ў Беларусі. Я таксама лічу, што байкот ня мае ніякага сэнсу. Прыезд у краіну спартоўцаў і заўзятараў з розных краінаў сьвету, іх кантакты зь беларусамі дадуць краіне нашмат больш, чым тое, калі кажуць „не“», — патлумачыў сваю пазыцыю Фазэль.

Месца правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі мянялі толькі аднойчы: пасьля ўварваньня войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе чэмпіянат сьвету 1969 году, які меў прайсьці ў Празе, перанесьлі ў Стакгольм.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG