Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закрыюць яшчэ 114 беларускіх школ


Зачыненая школа ў вёсцы Лучай на Віцебшчыне

Зачыненая школа ў вёсцы Лучай на Віцебшчыне

Сёлета ў Беларусі будзе закрыта 114 школ, рэарганізавана — 96, паведаміў намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно 16 траўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Паводле яго, у асноўным гэта малакамплектныя школы ў сельскай мясцовасьці, «існаваньне якіх зьяўляецца адной з важных праблем у сыстэме адукацыі». Такія школы — пераважна беларускамоўныя.

Сёньня ў Беларусі 594 школы, або больш за 17% , дзе вучацца да 50 вучняў, 807 школ, або 23%, — дзе ад 50 да 100. За пяць гадоў было зачынена 450 школ, рэарганізавана — 543. Пры рэарганізацыі сярэднія школы ў асноўным пераходзілі ў базавыя, а базавыя — у пачатковыя, але часам бывала і наадварот.

«Перш, чым рэарганізаваць або зачыніць школу, мы праводзім вялікую арганізацыйную працу, прадумваем, каб якасьць адукацыі толькі палепшылася, былі вырашаны кадравыя пытаньні, пытаньне падвозу вучняў», — сьцьвярджае Фарыно. Будынкі закрытых устаноў адукацыі, як правіла, застаюцца ў сыстэме міністэрства. Яны могуць быць выкарыстаны, напрыклад, для разьмяшчэньня ўстановы дадатковай адукацыі.

Усяго ў Беларусі 3 тыс. 433 школы, у тым ліку пачатковых — 198, базавых — 527, сярэдніх — 2 тыс. 450, гімназій — 216, ліцэяў — 26, кадэцкіх вучылішчаў — 8, гімназій-каледжаў — 5.
XS
SM
MD
LG