Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто адкажа за чарговы правал хакейнай зборнай?


Фрагмэнт магтчу Беларусь-Казахстан
Фрагмэнт магтчу Беларусь-Казахстан

Зборная Беларусі па хакеі дачасна завяршыла выступ на 76-м чэмпіянаце сьвету, які праходзіць у Хэльсынкі і Стакгольме. Сёлета беларусы паўтарылі мінулагодні вынік, фінішаваўшы на 14-м месцы — за крок ад «вылету» ў ніжэйшы дывізіён. Хто апынецца гэтым разам у прыцэле крытыкі Аляксандра Лукашэнкі — заўзятага аматара хакею, які ў аматарскай прэзыдэнцкай камандзе выступае пад № 1?

Год таму ў Славаччыне каманда Беларусі заняла 14 месца і адстаяла прапіску ў хакейнай эліце толькі ў турніры за выжываньне. Гэтым разам мэханізм адсейваньня слабейшых быў адкарэктаваны: аўтаматычна з групай «А» разьвітваліся каманды, якія занялі апошнія месцы ў сваіх падгрупах — адпаведна, 15-е і 16-е.

Пасьля правальнага сэзону Беларусь адкацілася ў рэйтынгу Міжнароднай фэдэрацыі хакею з 11 на 13 пазыцыю, тым самым істотна ўскладніўшы сабе алімпійскія пэрспэктывы. Калі зборныя да 9 месца ўключна на зімовую Алімпіяду-2014 у Сочы трапляюць аўтаматычна, то іншым такое права давядзецца заваёўваць. Выніковыя 10–12 пазыцыі даюць права стаць гаспадарамі трох адборачных турніраў у лютым 2013-га (у Расею паедуць толькі пераможцы квартэтаў). Беларусы, страціўшы такую магчымасьць, будуць змагацца за алімпійскую пуцёўку ў Капэнгагене, дзе згуляюць з гаспадарамі пляцоўкі — датчанамі, а таксама са славенцамі і зь пераможцам перадкваліфікацыі (Вугоршчына, Літва, Галяндыя).

Хто адкажа за чарговы правал нацыянальнай зборнай, якой на сёлетнім усясьветным першынстве спартовыя функцыянэры прадказвалі месца ў васьмёрцы наймацнейшых? Меркаваньне выказвае былы галоўны трэнэр каманды Беларусі Эдуард Занкавец:
Тактыка, стратэгія — нічога не працуе

«Вядома, высновы павінны рабіцца заўсёды. З кожнай няўдачы ці паразы абавязкова трэба здабываць урок, выпраўляць памылкі і, зыходзячы з гэтага ўроку, рухацца наперад. Хто канкрэтна мусіць адказваць? Ведаеце, у краіне шмат людзей, якія займаюцца разьвіцьцём спорту, у тым ліку і хакею, таму насамрэч няма аднаго чалавека, які, скажам так, вінаваты ў цяперашніх няўдачах. Бо, як мне падаецца, тактыка, стратэгія — нічога не працуе. Не магу сказаць, што я зусім нічога ня бачу, ніякіх стратэгічных плянаў. Фармальна яны ёсьць, але і год, і два гады таму яны рэалізоўваліся няправільна. Аднак адказныя ўсё роўна намагаюцца даказаць: усё, што робіцца, гэта правільна. Але гэта ня так. Укладаньні ў хакей дастатковыя, укладаньні добрыя, але зусім іншая справа — чаму яны не даюць аддачы? З майго пункту гледжаньня, толькі таму, што гэтымі сродкамі няправільна карыстаюцца».

Роўна год таму, падчас нарады па пытаньнях дзяржаўнай падтрымкі спорту і «разбору палётаў» на прыкладзе правальнага выступу хакеістаў у Славаччыне, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дзяржаўныя сродкі не працуюць на спартовыя вынікі і кладуцца ў кішэні асобных кіраўнікоў у выглядзе неабгрунтавана вялізных заробкаў і прэмій. Што да хакею, то, як заявіў Лукашэнка, гэты від спорту атрымлівае найбольшы аб’ём падтрымкі, але з нулявой аддачай. Адгаворку кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі хакею пра «зьмену пакаленьняў» Лукашэнка рашуча адмёў. Дарэчы, агучанае ім год таму можа быць сказана і цяпер: нічога не зьмянілася:

«Якія вы яшчэ грошы ў мяне просіце для хакеістаў? Што вы паказваеце на чэмпіянаце сьвету, якое там майстэрства? Поўны бардак: каманды няма, дысцыпліны няма. Ня будзе высноваў па ўсіх напрамках, то я іх сам зраблю. У іх зьмена пакаленьняў — вось ім, калі ласка, прычына. Тыя сышлі, новыя не прыйшлі, і мы ў яме. Што гэта за пастаноўка пытаньня? Столькі стварылі клюбаў, столькі стварылі школаў, вэртыкалі існуюць; у КХЛ каманда гуляе, другую туды прапануеце адправіць. Дык а дзе гульцы тады, чаму яны ў зборнай не гуляюць? І хопіць наракаць на ўзровень. Калі вы ўжо выйшлі, змагайцеся, касьцьмі кладзіцеся на лёдзе. На вас жа ўся краіна глядзіць. І вы што, мне прапануеце зноў гэты бардак пакінуць?»
Новых зорных імёнаў няма. У тым ліку і таму, што ўвага да свайго чэмпіянату адсутнічае.

Хто апынецца ў прыцэле крытыкі Лукашэнкі гэтым разам? Летась па поўнай атрымалі міністар спорту і турызму Алег Качан і старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Яўген Ворсін, падаў у адстаўку тагачасны галоўны трэнэр зборнай Эдуард Занкавец. Цяпер чуваць меркаваньні, што адказаць за зрыў у падрыхтоўцы каманды мусіць цяперашні настаўнік беларусаў — фінскі спэцыяліст Кары Хейкіля. Аднак, на думку Эдуарда Занкаўца, у адсутнасьць фактычнага матэрыялу зьляпіць у Беларусі нешта вартае наўрад ці здолее нават самы прафэсійны трэнэр. Ён удакладняе, што ў эліце ўсясьветнага хакею гуляе толькі асноўная каманда, а маладыя гульцы, зь якіх павінен скласьціся касьцяк наступных пакаленьняў хакеістаў, стала кватаруюць у ніжэйшых дывізіёнах:

«Найперш, што да падрастаючага пакаленьня. Калі б усе нашы зборныя — ад дарослай да юнацкай — выступалі ў групе „А“, тады можна было б гаварыць, што яны таксама адпаведнага ўзроўню, і можна было б запытаць: чаму, калі мы маем добрую і пэрспэктыўную моладзь, у нас нацыянальная каманда гуляе няўдала? Другі момант: у нас унутраны чэмпіянат як рухаўся ў бок дэградацыі, так ён і працягвае рухацца. Нейкіх новых зорных імёнаў, пра якія можна было б сказаць, што вось сапраўды ў нас падрастае гулец міжнароднага ўзроўню, дык іх няма. У тым ліку і таму, што ўвага да свайго чэмпіянату адсутнічае. Безумоўна, нейкі невялікі інтарэс ёсьць, але ў патрэбнай меры яго няма».

Карэспандэнт: «Кары Хейкіля ўсё ж варта даць новы шанец?»

«Вы ведаеце, я ня буду раіць, як паступаць у гэтай сытуацыі ні Хейкіля, ні ягоным крытыкам, ні абаронцам. У кожнага свой погляд, у кожнага свае жыцьцёвыя прынцыпы ў тым ліку. Таму ні судзіць, ні раіць ня буду...»

У Хэльсынкі зборная Беларусі пацярпела шэсьць паразаў. Толькі дзякуючы мінімальнай перамозе над Казахстанам яна зачапілася за вышэйшы дывізіён усясьветнага хакею. Капітан каманды Ўладзімер Дзянісаў пасьля дачаснага заканчэньня для беларусаў чэмпіянату сказаў, што па вяртаньні дадому давядзецца, як страўсам, засоўваць галаву ў пясок ад сораму за такі выступ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG