Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 траўня на 84-м годзе жыцьця памёр мэксыканскі пісьменьнік Карляс Фуэнтэс.

Карляс Фуэнтэс належаў да найвыдатнейшых прадстаўнікоў гішпанскамоўнай літаратуры Лацінскай Амэрыкі. Ён стаяў у адным шэрагу з такімі творцамі, як Габрыель Гарcія Маркес, Марыё Варгас Льёса, Эрнэста Сабата, Хорхэ Люіс Борхэс і Хуліё Картасар, якія ў 1960-х і 1970-х гадах стварылі ў сьвеце гэтак званы «лацінаамэрыканскі бум» — велізарную чытацкую цікавасьць да лацінаамэрыканскай літаратуры.

Карляс Фуэнтэс — аўтар больш чым 20 раманаў ды больш чым 20 зборнікаў апавяданьняў і эсэ. Сусьветную вядомасьць прынёс яму раман «Сьмерць Артэміё Круса» з 1962 году.

У 1975 годзе пісьменьнік выдаў манумэнтальны раман-фрэску пра Лацінскую Амэрыку пад загалоўкам «Terra Nostra».

Фуэнтэс нарадзіўся ў сям’і дыплямата. Да юнацкіх гадоў жыў у Мантэвідэо, Рыё-дэ-Жанэйра, Вашынгтоне, Сант’яга, Буэнас-Айрэсе. У 1944 годзе прыехаў у Мэксыку, дзе пражыў да 1965 году. Пазьней як дыплямат служыў у Парыжы, Лёндане і іншых сусьветных сталіцах. Выкладаў у шмат якіх аўтарытэтных унівэрсытэтах ЗША.

Доўгія гады Фуэнтэс лічыўся моцным кандыдатам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
XS
SM
MD
LG